Вы тут

У Гродне пабудаваны дом, які сам сябе абагрэе


Урачыстая цырымонія адкрыцця самага сучаснага энергаэфектыўнага шматпавярховіка прайшла з удзелам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санакі Самарасінхі, мясцовых улад і будучых жыхароў.


Навасёламі ў новым доме па вуліцы Дзяржынскага стануць 500 гродзенцаў. Многія з іх сабраліся на цырымонію адкрыцця, дзе атрымалі пісьмовую інструкцыю, як правільна карыстацца сваімі кватэрамі. А іх у новым доме роўна 120. Жыхароў папярэдзілі — дом будзе на кантролі не толькі ў прадпрыемства «Гроднажылбуд», якое ўзводзіла будынак, але і ў камунальнай службы. У штат ЖЭСа спецыяльна для абслугоўвання новага аб'екта ўводзяцца пасады інжынера і электрыка.

Новы дом літаральна нашпігаваны складанымі тэхналагічнымі навінкамі, якія звязаны з эканоміяй энергіі. Праект распрацаваны такім чынам, каб максімальна выкарыстаць падземнае цяпло, шэрыя сцёкі (каналізацыю), цяпло гарадскога калектара. Устаноўлена сістэма рэкуперацыі, якая дазволіць абагрэць дом без падключэння цэнтральнага ацяплення нават у шасціградусныя маразы. Жыхары змогуць рэгуляваць тэмпературу паветра самастойна. А ў кранах пастаянна будзе гарачая вада, незалежна ад сезоннага адключэння. Пры гэтым расход цеплавой энергіі зменшыцца ў тры разы. Жыхарам абяцаюць зніжэнне платы за ацяпленне на 60—80 рублёў у год. Эканомія прадбачыцца і па электраэнергіі — на фасадзе дома і на даху ўстаноўлена 300 сонечных панеляў.

Анатоль Калінін падкрэсліў, што жыллё — галоўнае ў сацыяльнай палітыцы Беларусі:

— Штогод у краіне ўводзіцца больш за чатыры мільёны квадратных метраў жылля. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы вядзецца лінія па зніжэнні яго сабекошту. Да канца года мы павінны выйсці на ўзровень кошту аднаго квадратнага метра жылля, якое ўводзіцца з дзяржпадтрымкай, роўны сярэдняй заработнай плаце па краіне.

Цяпер 60% новабудоўляў ўзводзіцца з прымяненнем энергаэфектыўных тэхналогій, паведаміў на ўрачыстай цырымоніі віцэ-прэм'ер.

Гродна ўжо мае вопыт узвядзення энергаэфектыўнага дома. Ён знаходзіцца побач з новым і пабудаваны восем гадоў таму. На той момант дом быў тэхналагічна прагрэсіўным, бо дазволіў у 15—20 разоў знізіць спажыванне цяпла. Новы жылы аб'ект мае яшчэ больш опцый, зазначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко:

— Калі дом першага пакалення спажываў амаль 40 кВт/г на куб. м, то ў доме другога пакалення гэты паказчык складае 15. Магчыма, гадоў праз 10 усё жыллёвае будаўніцтва будзе такім.

Пакуль «разумныя дамы» другога пакалення можна назваць эксперыментальнымі. Іх пабудавана ўсяго тры — у Магілёве, Мінску і цяпер у Гродне. Гэта праект рэалізаваны з дапамогай Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту і Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Так, на сродкі ПРААН, а гэта 850 тыс. долараў, устаноўлена энергаэфектыўнае інжынернае абсталяванне.

Маргарыта Ушкевіч

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цяпло ад шэрых сцёкаў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.