Вы тут

Іменаслоў старажытнасці


Сучасныя беларускія аўтары плённа працуюць у рэчышчы навукова-папулярнай літаратуры. Ажыўляючы далёкія постаці слаўнай беларускай гісторыі, пісьменнікі ўмела выкарыстоўваюць вобразна-выяўленчыя магчымасці ўласных імёнаў, якія з’яўляюцца каштоўным помнікам матэрыяльнай і духоўнай культуры. У анамастычных даследаваннях не раз заўважалася, што імёны маюць важнае значэнне не толькі як матэрыял мовы, але і як увасабленне культуры нацыі.


Леў Сапега

Энцыклапедыяй старабеларускага іменаслову ХVІ — ХVІІ стагоддзяў з поўным правам можна назваць гістарычны нарыс Зінаіды Дудзюк «Леў» (Мінск: «Літаратура і Мастацтва», 2011). У нарысе мы сустракаемся выключна з імёнамі рэальных гістарычных асобаў эпохі Льва Сапегі. У цэнтры твора — чалавек, чый унёсак у развіццё палітычнай, прававой і рэлігійнай культуры Вялікага Княства Літоўскага складана пераацаніць. Імя Сапегі — Леў — з’яўляецца загалоўкам твора, становячыся ключавым словам усяго літаратурнага тэксту. Імя героя ўтворана ад наймення звера, які з’яўляецца ў сусветнай культуры сімвалам мужнасці, вярхоўнай улады, высакародства, гонару, велікадушша і міласці. Сімвалічны сэнс імені славутага продка раскрываецца праз псіхалагічную характарыстыку, апісанне маральных рыс героя, яго ўчынкаў і дзеянняў: «Трэба ў першую чаргу схіліць галаву і з глыбокай пашанай у голасе адзначыць Льва Сапегу, ваяводу віленскага, вялікага правадыра войска Вялікага Княства Літоўскага, гэтага волата-Атланта, які ўтаймаваў шведскага льва разам з усходнім заваёўнікам. Леў годна і мудра выконваў абавязкі перад сумленнем і перад Айчынай. Гэты высакародны Леў жыў дзеля Радзімы. Колькі разоў ні пачынаў ён рыкаць, столькі ж разоў напалоханыя гэтым рыкам ворагі Айчыны кідаліся наўцёкі…».

Тадэвуш Касцюшка

Нярэдка ў кантэксце навукова-папулярнага твора раскрываецца этымалогія антрапонімаў. Напрыклад, у кнізе «Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду» (Брэст: «Академия», 2006) пісьменнік-краязнаўца Анатоль Бензярук расказвае пра паходжанне прозвішча сям’і нацыянальнага героя Беларусі. Аўтар адзначае, што ўсе дакументы, складзеныя пры жыцці першага ўладара маёнтка Сяхновічы, пісара вялікага князя Літоўскага, называюць яго Костюшко. Гэта памяншальная форма хрысціянскага імені Канстанцін. Прадстаўнікі сярэдняга і дробнага баярства ў старажытасці іменаваліся менавіта такімі памяншальнымі формамі: Васко (замест Васіль), Гурко (замест Рыгор). Гэтыя формы ў ХV — ХVІ стагоддзях лічыліся нарматыўнымі, зацверджанымі ў шматлікіх справаводчых паперах. Імёны прадстаўнікоў вышэйшага дваранства ўжываліся пераважна ў поўнай форме. «Імя Касцюшкі Фёдаравіча ператварылася ў сямейнае прозвішча, таму што з 15 студзеня 1515 года ён зрабіўся дваранінам гаспадарскім, выканаўцам даручэнняў вялікага князя. Да таго ж Касцюшка Фёдаравіч сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага. Апроч таго, у 1543 годзе ён быў вялікакняскім камісарам пры размеркаванні спрэчных земляў, а прыкладна ў той жа час (да 1549 года) удзельнічае ў размеркаванні каралеўскіх і шляхецкіх надзелаў каля Старога Сяла (Жабінкаўскі раён) на Берасцейшчыне». Грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча стала ўзорам для яго нашчадкаў. Бліскучая кар’ера — узвышэнне звычайнага баярына ў фактычнага кіраўніка старажытнага горада Камянца — адыграла вызначальную ролю ў замацаванні імені Касцюшкі за яго нашчадкамі як прозвішча: «Імя слыннага продка стала часткаю спадчыны, якая трывала замацавалася за радзінаю».

Імя — стваральнік лёсу

У творах сучасных беларускіх пісьменнікаў адлюстравана архаічная мадэль свету, якая прадугледжвае тоеснасць імені і прыроды ягонага носьбіта. Нашы продкі верылі ў крэатыўную сутнасць іменавання. Паводле ўяўленняў старажытных славян, імя паказвала пэўныя ўласцівасці індывіда і прадвызначала яго жыццёвы шлях. Стваральная прырода называння праяўлялася ў функцыянаванні так званых імёнаў-пажаданняў, якімі нібыта накрэсліваўся лёс старажытных валадароў. Нездарма ў язычніцкую пару прадстаўнікі княскіх родаў насілі імёны-кампазіты, якія, згодна з традыцыяй імяслаўя, накрэслівалі слаўны жыццёвы шлях магутных непераможных валадароў: Усяслаў, Ізяслаў, Мсціслаў, Прадслава, Звеніслава, Гардзіслава, Дабрадзея.

Адзін з радзелаў кнігі Уладзіміра Арлова «Таямніцы полацкай гісторыі» (Мінск: «Папуры», 2008) прысвечаны Усяславу Брачыславічу — «найславуцейшаму з полацкіх князёў», які ўвайшоў у гісторыю пад празваннем Чарадзей. Пісьменнік актуалізуе этымалагічную семантыку празвання князя, імкнучыся пры тлумачэнні не адысці ад гістарычнай рэальнасці, захаваць дакладнасць фактаў, адлюстраваных у гістарычных крыніцах, і ў той жа час умела адцяніць названыя іменем і мянушкай дэталі ў створаным вобразе: «Усяслаў Брачыславіч празваны Чарадзеем, заўважым, нездарма. Таямніца ахутвае ўжо яго прыход на свет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Усяслава “от волхвования”, гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў. На галаве немаўля мела загадкаве “язвено”, што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да смерці. Можа, гэта была нейкая язва, а мо — вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраннікаў неба? Сучаснікі і нашчадкі верылі, што гэтага князя нябесныя сілы надзялілі вешчаю душою, што ён умеў перакінуцца не толькі ў шэрага ваўка, але і ў яснага сокала ці ў тура з залатымі рагамі».

В. Чаропка ў кнізе «Імя ў летапісе» (Мінск, «Полымя», 1994) прадстаўляе цікавыя версіі паходжання імёнаў славутых полацкіх князёў. На яго думку, «славянскім з’яўляецца імя Рагнеды. Тут назіраем старажытны славянскі звычай (дарэчы, пашыраны і ў старажытнай Германіі) даваць дзецям імя, у якім гучала б для азначэння сваяцтва частка імя бацькоў. Так што імя князёўны вытворчае ад імя Рагвалода. Сімвалічнае значэнне апошняга імя магло ўказваць на тое, што яго носьбіт з’яўляецца «валадаром рогу». У паганстве рог быў сімвалам зямной урадлівасці, багацця. Калі ўлічыць гэта, дык імя Рагвалод можна растлумачыць як валадар багацця, багаты і шчодры чалавек».

Сакральная сутнасць імені ў хрысціянстве

На славянскіх землях з цягам часу ўкаранялася хрысціянская мадэль успрымання імені як «духоўнай субстанцыі, што ўздзейнічае на носьбіта, фарміруючы асаблівы псіхафізіялагічны склад, як сакральнай сутнасці, здольнай падпарадкоўваць, накіроўваць і забяспечваць дапамогу вышэйшых сіл» (И. Ратникова «Имя собственное в разных типах сознания» // Русский язык и литература. — 2001. — № 1. — С. 104). Хрысціянскае ўспрыманне імені адлюстравана на старонках навукова-папулярных твораў. Так, У. Арлоў апавядае пра тое, што дачка славутага Усяслава Чарадзея Дабрадзея, прыняўшы хрысціянства, набыла імя Зоя — ад грэц. ‘жыццё’ (паводле: С. Барыс «Як у нас клічуць? Беларускія імёны». Мінск, 2010. С. 60). Семантыка зараджанага станоўчай энергіяй імені адпавядае характару гераіні. Накрэсленая імем праграма жыцця была здзейснена дачкой славутага князя, якая ўвайшла ў гісторыю як знакамітая лекарка, што падарыла жыццё нават безнадзейным хворым.

У мянушках — гісторыя княскага роду

Некаторыя манархі і прадстаўнікі славутых шляхетных родаў увайшлі ў гісторыю пад празваннямі-мянушкамі, што знайшло адлюстраванне ў анамастыконе навуковапапулярнай літаратуры. Напрыклад, у кнізе «Свята для сэрца: невялікія гісторыі для юных беларусаў» (Мінск: «Літаратура і Мастацтва», 2009) А. Бензярук распавядае, што прадстаўнікі славутага роду Радзівілаў мелі мянушкі Мікалай Руды і Мікалай Чорны, якія характарызавалі знешнасць мужчын: «Яны абодва насілі шырокія бароды, але ў аднаго яна была рудога колеру, а ў другога — чорнага». У зборніку «Таямніцы Мірскага замка: падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам» (Мінск: «Літаратура і Мастацтва», 2011) Анатоль Бутэвіч акрэслівае гісторыі мянушак славутых Радзівілаў: «Кажуць, што знакамітая мянушка Сіротка прыліпла да Мікалая Крыштофа Радзівіла з лёгкай рукі караля. Калі ў польскай сталіцы Кракаве пышна адзначалі шлюб караля Жыгімонта і Барбары Радзівіл, сярод гасцей быў стрыечны брат Барбары Мікалай Радзівіл Чорны. Бацькі ўзялі з сабой на вяселле двухгадовага Мікалая. Ён ціхенька спаў у сваім ложку. А калі прачнуўся, нікога побач не аказалася. Княжыч заплакаў. Тут і заўважыў яго кароль. Пачаў суцяшаць, казаў нешта ласкавае. Называў бедным сіроткам, пакінутым усімі. Гэта ўпала ў вушы слугам, якія падхапілі пачутае слоўца. Так на ўсё жыццё і замацавалася за князем мянушка, якая стала часткай прозвішча».

Таямніцы старажытнай веры

У свядомасці нашых продкаў, ды і сучаснікаў складаным чынам перапляталіся хрысціянская вера і язычніцтва. Таму ў аповедзе пра гісторыю Беларусі шырока выкарыстоўваюцца тэонімы — імёны язычніцкіх бостваў. Так, раскрываючы таямніцы старажытнай веры, Зінаіда Дудзюк шукае ключ да разумення матывацыі празванняў людзей (антрапонімаў) і назваў населеных пунктаў (тапонімаў), у якіх захавалася вера старажытных славян: «Зрэшты, на Берасцейшчыне даволі пашыраныя прозвішчы Велясевіч, Валасевіч, Волас, Валаско, Власюк, Волах, Валашанюк, Валошка, Валошчык, Валашчук, Волх, што паказвае на магчымую прыналежнасць уласнікаў гэтых прозвішчаў да племя, якое пакланялася Вялесу. Відавочна, што паходжанне беларускіх тапонімаў (горад Вільня, рака Вялля і яе левы прыток Вільня) звязана з пакланеннем Вялесу. Акрамя гэтага, па ўсёй Беларусі раскіданы назвы паселішчаў, якія таксама паходзяць ад імя бога Вялеса (Воласа): Воласаўцы, Воласава, Валасовічы, Велясніца і іншыя» («Вяртанне забытага міфа», Мінск: «Беларусь», 2013). І хоць у сваіх разважаннях З. Дудзюк нярэдка падкрэслівае, што гэта яе асабістае бачанне праз «інтуіцыю, праз адчуванне на генным узроўні тых ці іншых праяў беларускасці», але нярэдка бывае так, што таленавітае мастацкае прадбачанне папярэднічае навуковаму абгрунтаванню.

У навукова-папулярных творах гістарычнай тэматыкі па-мастацку адлюстраваны не толькі іменаслоў старажытнасці, але і адчуванне старажытным чалавекам свету праз імя — неад’емны складнік асобы, які праграмуе лёс, абараняе чалавека ад злых сіл, аб’ядноўвае з сям’ёй, родам, племенем. Апошні прадстаўнік сярэбранага стагоддзя рускай філасофіі Аляксей Фёдаравіч Лосеў пісаў: «Іменем і імёнамі пранізана ўся культура і ўсё чалавечае быццё. У слове і асабліва ў імені — усё наша культурнае багацце, назапашанае на працягу стагоддзяў». Імя ўласнае — факт культуры, які ў многім вызначаецца духоўным досведам народа, гістарычнымі ўмовамі фарміравання этнасу. У кантэксце навукова-папулярных твораў, прысвечаных гісторыі Беларусі, раскрываецца багатая нацыянальна-культурная інфармацыя ўласных імёнаў.

Святлана БУТ-ГУСАІМ, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».