Вы тут

«Грам чужой крытыкі»


Апошнім часам здараецца так, што асоба пісьменніка і плён яго працы — кніга — жывуць нібы рознымі жыццямі. З аднаго боку, у сучаснай прасторы ўсёабдымных сацыяльных сетак кожны мае творчую пляцоўку і сваё кола чытачоў. Таму выхад папяровай кнігі — падзея больш сімвалічная, кшталту, «я не самотны, я кнігу маю»: прэзентацыі, інтэрв’ю, рэцэнзіі — як нагода расказаць пра аўтара. Шмат гавораць пра імя, асобу, яе густы і захапленні, і ўсё меней — пра саму кнігу як мастацкую з’яву.


Умовы і формы развіцця літаратурнага працэсу змяняюцца, таму сапраўдным пісьменніцкім «пасведчаннем» можа служыць толькі талент. Ні наяўнасць сяброўскай корачкі творчага саюза, ні пералік выдадзеных кніг, ні розгалас у перыёдыцы не ёсць сінонімамі таленту. Але заўсёды лягчэй і хутчэй заўважаецца тое, што на паверхні: часам папулярнай становіцца кніга, якую па-сапраўднаму амаль ніхто і не чытаў, бо пра яе шмат гавораць, у тым ліку і сам аўтар, выкладаецца канцэпцыя, мастацкія прынцыпы, кароткі змест, зачытваюцца на прэзентацыях урыўкі... Адным словам, можна ўжо і не чытаць. Адсутнасць удумлівага чытача «разбэшчвае» гэтак жа, як адсутнасць уважлівага рэдактара.

Калі кніга выйшла ў свет, значыць, аўтар гатовы да дыялогу з тым, хто ўбачыць вартасці і недахопы і зможа пагутарыць з ім менавіта пра творчасць, а не пра свае эмоцыі з нагоды сюжэта ці трапнага выразу. Вядома, у ідэале такім чалавекам мусіў стаць рэдактар — яшчэ да таго, як наклад кнігі падрыхтуецца да друку. На жаль, апошнім часам гэтак адбываецца не заўсёды: нават калі нейкае прозвішча пазначана на вокладцы ў якасці рэдактара, амаль з першых старонак становіцца відавочным, што рэдактара ў кнігі не было. Такая практыка становіцца ўсё больш і больш распаўсюджанай.

Цяжка адназначна сказаць, чаму. Залішняя самаўпэўненасць пісьменнікаў, асабліва пачаткоўцаў; недастаткова добрае веданне беларускай мовы (а нормы беларускай арфаграфіі, як гэта водзіцца з 1920-х, справа асабістага густу); паспешлівае імкненне стаць нарэшце аўтарам надрукаванай кнігі (у чым, бясспрэчна, выяўляецца творчая няспеласць); паблажлівае стаўленне старэйшых пісьменнікаў (якія часта лічаць, што маладых творцаў, незалежна ад узроўню таленту, варта падтрымліваць ужо толькі за тое, што яны пачалі пісаць па-беларуску)…

Тое, што сучасны беларускі пісьменнік, які больш упэўнена пачуваецца ў рускамоўнай плыні, пачынае пісаць па-беларуску, не робіць яго героем. Як і шчыра-шчымлівыя (без іроніі) прызнанні ў любові да радзімы і роднай мовы на старонках твора нікога не робяць асаблівым. Стварыць арыгінальны, яркі, запамінальны, глыбокі мастацкай думкай і стылёва зладжаны твор у сучасным свеце ўсемагчымых «пост-постаў» — вось што сапраўды варта ўвагі.

Дэбютная кніга маладой пісьменніцы Яніны Пінчук «Горад мрой» (Мінск, «Галіяфы», 2016, рэдактар Альгерд Бахарэвіч) анансаваная як «магічна-рэалістычныя апавяданні пра Мінск і не толькі». Гэта адразу прыцягвае ўвагу: не так ужо і многа ў сучаснай беларускай літаратуры рэальнай мінскай прасторы. І хаця ў кнізе багата магічна-ірэальнага, сталіца ўсё адно прысутнічае ў апавядальнай плыні ў многіх пазнавальных дэталях: утульныя кавярні, схаваныя ад шумнага праспекта, Палац прафсаюзаў, дзе гераіня танчыць сальса, Кальварыйскія і Вайсковыя могілкі, станцыі метро, трамвайныя прыпынкі, кнігарня «Вянок» і Траецкае прадмесце… І хаця захапленне адной з гераіняў сталінскай архітэктурай Мінска і Масквы здаецца дзіўнаватым (з увагі на малады ўзрост), заўвага адносна таго, што прыпынкі ў трамваі аб’яўляюць «голасам БССР-аўскага інтэлігента» сапраўды падаецца дасціпнай. Гэта рэалістычны бок, а магічны — у таемных кропках-пераходах са свету сучаснай Рэспублікі Беларусь у віртуальны свет Вялікага Княства Літоўскага, якое жыве сабе паўнавартасным дзяржаўным жыццём...

Можна было б пагутарыць пра магічны рэалізм як пра арыгінальную з’яву ў беларускай літаратуры, паблукаць разам з аўтарам па таямнічых нябачных сцежках пазачасавай прасторы, захапіцца цікавым сюжэтнымі хадамі, заглыбіцца ў вывучэнне народных абрадаў і чорнай магіі… Аднак бяда ў тым, што гэта толькі сюжэтна-кампазіцыйныя аскепкі рамана, які не адбыўся. Таму гаворку варта весці ў першую чаргу менавіта пра гэта.

«Улада ўздыхнула: праклятая прага дасканаласці. Пракляты жорсткі суд, які чыніш над сабой кожную секунду і зрываешся, калі да гэтай непасільнай ношы дадаецца яшчэ хоць грам чужой крытыкі. Яны думаюць, што гэта наравістасць і самалюбства — хаця насамрэч гэта саманянавісць». Так гучыць самахарактарыстыка адной з гераіняў, і выглядае яна ў творы, спрэс перасыпаным недарэчнымі памылкамі і русізмамі, прынамсі кантрасна. У адной з частак кнігі пад назвай «Мярзотная варажбітка» гераіня ў адказ на крытыку яе літаратурнага твора сцвярджае, што няма моды на стыль: ён можа быць толькі дрэнным ці добрым. Чаму гераіня, створаная фантазіяй аўтаркі, гэта разумее, а сама аўтарка — не?

У першую чаргу варта адзначыць дробязнасць сюжэта (апавядальны пажар разгараецца вакол жарсцяў, што зместам нагадваюць дзённік старшакласніцы: няма падзеі — многа рэфлексій) і стылістычную бездапаможнасць дыялогаў (вялікая колькасць лішніх, неабавязковых слоў). Яніна Пінчук, мабыць, спрабавала ўвасобіць слэнгавае маўленне сучаснай беларускамоўнай моладзі. Прынамсі, менавіта такое ўражанне складаецца ад дзіўнага змяшання лексем, чый шлях да літаратурнай нормы распачаўся зусім нядаўна, слоў, па якіх мы пазнаем паэзію першай трэці ХХ стагоддзя і русізмаў: «ды ты мяне паражаеш!», «не, ну ці мала», «кузькіна маці!», «ну, я чмурэю!», «ах, ды, прысядзьце!», «балакаць колькі заманецца».

Вядома, існаванне беларускамоўнага персанажа ў тэксце кнігі, які адлюстроўвае амаль цалкам рускамоўную рэчаіснасць, — справа няпростая, і пісьменнікі парознаму да гэтага падыходзяць. Але папросту перадаваць рускія сінтаксічныя канструкцыі беларускім правапісам — наўрад ці добрая ідэя: «юнак разгублена выдаліўся»; «вырабляла непасрэдныя дзеянні»; «пераглянуліся з вельмі ачмурэлым і зачараваным выглядам»; «тут вынікала быць вельмі асцярожным»; «іспытывалі цяжкасці»; «пад нейкай падставай»; «захопленае дачыненне»; «слушны прафесіянал»; «становішча спраў»; «цеплыня… распасціралася некалькі далей за належнае»… Прапаноўваць чытачу такую «недагледжаную» кнігу —  значыць проста не мець да яго павагі.

Дэбютная кніга, вядома, далёка не заўсёды прадвызначае творчы шлях аўтара. Але дакладна сведчыць пра яго творчы патэнцыял, робіцца своеасаблівай візітоўкай. Як пісаў некалі Леанід Галубовіч у «Зацемках з левай кішэні», «фанабэрся тады, калі пішаш, а не пасля таго, як напісаў. Пасля таго — ты ўжо і так відзён». Чалавеку, які сапраўды ўважліва прачытаў кнігу Яніны Пінчук «Горад мрой», відаць, што маладая пісьменніца паспяшалася: цікавая мастацкая задума стала ахвярай няспеласці стылю.

 Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».