Вы тут

Алхімія наканавання


У рамане Людмілы Рублеўскай «Дагератып»

Ці сапраўды аўтарскае вызначэнне жанру ўплывае на ўспрыманне мастацкага тэксту? Міжволі задумваешся пра гэта, калі бачыш пад загалоўкам твора, напісанага ў пачатку ХХІ стагоддзя, пазнаку «дэкадансны раман». Менавіта так пазіцыянуецца «Дагератып» Людмілы Рублеўскай, выдадзены асобнай кнігай у 2017 годзе ў выдавецтве А. Янушкевіча.


У філалагічных колах аўтарскае вызначэнне ўспрымаецца скептычна, нездарма і ў водгуках часта гучыць «гістарычна-прыгодніцкі раман». Час дзеяння — канец ХІХ стагоддзя, уборы змрочных колераў, чорныя валасы, фотаздымкі памерлых людзей (славутае постмортэ), шпацыры па могілках, забойствы, гвалт, любоў да зброі і невылечныя спадчынныя хваробы (лікантропія)… Усё гэта, безумоўна, стварае пэўную атмасферу, але ці робіць раман дэкадансным? У лепшым выпадку, «Дагератып» можна назваць «мастацкім дыялогам з дэкадансным раманам» (паводле В. Бароўкі). А гэта значыць, што зусім не ў эпатажным азначэнні варта шукаць ключ да мастацкай задумы.

Раман мае адмысловую структуру: Кніга знешняга кола (дзеянне адбываецца ў сучаснасці) уключае ў сябе Кнігу ўнутранага кола (час дзеяння — 1893 год). Зрэшты, для прыхільнікаў творчасці Л. Рублеўскай гэта не навіна, як і вобразы галоўных герояў у Кнізе знешняга кола. Яна — сціплая, нерашучая дзяўчына, свабодная ад стэрэатыпаў, абыякавая да законаў моды і макіяжу (мама ў дзяцінстве казала «не ад гэтага свету»), і Ён — прыгожы, дужы, смелы і высакародны, але без гармоніі ў душы і на няправільным шляху. Людміла Рублеўская звяртаецца да не раз ужо апрабаванай у сваіх празаічных творах кампазіцыйна-мастацкай схемы: паралелізм розных часавых пластоў, сімвалічнае перакрыжаванне лёсаў продкаў і нашчадкаў. У кантэксце творчай эвалюцыі пісьменніцы гэта, бадай, успрымаецца як пэўны недахоп. Хаця майстэрства ствараць складаныя шматузроўневыя сюжэты застаецца бясспрэчным.

Завяршаецца раман Патаемнай кнігай — своеасаблівай споведдзю графа Радаслава Каганецкага, які «не хацеў паміраць у дваццаць пяць ці трыццаць з прыгожым лозунгам на разбітых вуснах», а яго роспачнае пытанне ў будучыню «Ці будзе гэтая зямля калісьці да нас ласкавай?» застаецца без адказу.

Новыя тэмы пісьменніца асвойвала ва «ўнутраным коле»: дачка сасланага ў Сібір паўстанца Багуслава Кленчыц і хворы на лікантропію нашчадак старажытнага графскага роду Шымон Каганецкі сталі ахвярамі падману блізкіх ім людзей: «...яны былі проста з тых заблукалых дзяцей гэтай зямлі, якія не веда-юць, хто яны, і вераць тым, каму не варта. Бо так спакон веку тут рабілася гісторыя». Вызваленне ад непраўдзівых, навязаных іншымі людзьмі вобразаў сябе мае ў рамане два ўзроўні: знешне-сюжэтны (раскрыццё таямніцы) і алегарычны (усведамленне магчымасці свабоднага выбару свайго шляху).

Умела пабудаваны, прадуманы да дробязяў сюжэт — займальны, захапляльны. У гэтым сэнсе нават кінематаграфічны, дарэчы, на такую асаблівасць сюжэтаў, створаных Л. Рублеўскай, ужо не раз звярталася ўвага. «Знешняе» і «ўнутранае» колы звязваюцца паміж сабой дзённікам Багуславы Кленчыц (прабабкі галоўнага героя Гальяша Масевіча), які яе праўнук Гальяш і Серафіма чытаюць разам. Праўда, добра перададзены ў Кнізе ўнутранага кола каларыт часам замінаюць адчуць занадта сучасныя сінтаксічныя канструкцыі ў дыялогах.

 «Падступна» завабліваючы чытача ў глыбіні апавядальных лабірынтаў, пісьменніца нязменна звяртаецца да асвятлення праблем беларускай гісторыі, ментальнасці і культуры, нібы нагадваючы, дзеля чаго ўсё гэта насамрэч стваралася. Для гэтага выкарыстоўваюцца звычайна спрэчкі і дыспуты, калі героі, кожны на свой лад, спрабуюць ствараць фармулёўкі беларускай нацыянальнай ідэі. «Гасподзь не хоча, каб нейкі род знікаў. У кожным родзе, у кожным народзе закладзены ахоўны код: мова, вера, традыцыі, характар…» — кажа граф Шымон Каганецкі. І дадае: «Тут было скрыжаванне культур, кожнае мястэчка — гэта царква, касцёл, сінагога, мячэць ды яшчэ і кальвінісцкі збор… Тут змешваліся розная кроў, розная вера, сустракаліся візантыйская дэспатыя і еўрапейскае вальнадумства… У гэтай алхіміі не магло не выплавіцца нечага адметнага, непаўторнага…». Магчыма, гэта гучыць занадта пафасна, але тут персанаж рамана выступае з правакацыйнымі высновамі: прыняць нашае «жыццё на скрыжаванні» не як праклён, а як скарб.

А вось у Кнізе знешняга кола з вуснаў галоўнай гераіні Серафімы злятае іншае нязвычнае прызнанне: «Родны кут, родны кут… Ды ў мяне ўражанне, што ў беларусаў спакон веку ў крыві іншае — “зваліць” з таго куточка…». Серафіма мае на ўвазе і імкненне моладзі з’язджаць са сваіх вёсак і мястэчак па навуку ў сталіцу, і імкненне з’язджаць за мяжу — у абодвух выпадках з цвёрдым намерам не вяртацца. Тут яе словы перагукаюцца з разважаннямі графа Каганецкага (які, дарэчы, мае паспяховую навуковую кар’еру ў Вене) пра тое, што беларусы шчодра дораць свае таленты розным краінам і народам, толькі не сваёй радзіме.

Калі ж не займацца самападманам, то сапраўды варта прызнаць, што класічныя радкі пра родны кут, які так мілы сэрцу, ужо мала ў каго з прадстаўнікоў маладога пакалення выклікаюць замілаванне. Магчыма, толькі такім чынам — шляхам выкрыцця, хай сабе і цынічнага, праўды жыццёвай, перад якой праўда паэтычная выглядае толькі хісткай ілюзіяй, калі ўвогуле не прафанацыяй, і магчыма прабіць грувасткі мур прапісных ісцін.

Услед за гэтым Л. Рублеўская закранае і яшчэ адну праблему: абсалютная «сталіцацэнтрычнасць» мыслення сучаснай беларускай моладзі, калі жаданне звацца мінчуком вызначае біяграфію. Серафіма прызнаецца: «Для горада N у мяне адзін варыянт падзеяў: сталіца — гэта супер, там усё добра, і іначай быць не можа. Нават калі мне давядзецца варыць на абед уласныя чаравікі, не вярнуся ў зацень запалкавай фабрыкі». Серафіма з’язджае ў Мінск, Гальяш мерыцца з’ехаць у Амерыку, а ўсё таму, што не «Мой родны кут! Як ты мне мілы!» (як у Коласа), а «нелюбімая намі і страшная» родная зямля (як у Караткевіча).

Дарэчы, у рамане, дзе, паводле слоў пісьменніцы, свая геаграфія і супадзенняў з рэальнай картай Беларусі шукаць няварта, у некалькіх месцах асвойваецца мастацкая прастора караткевічаўскай прозы як сучасная героям Кнігі ўнутранага кола (напрыклад, Балотныя Яліны, а сюжэт «Дзікага палявання караля Стаха» пераказваецца адным з герояў як вядомы яму выпадак).

 Дагератып — правобраз сучаснага фотаздымка, тонкая срэбная пласцінка з выявай. У рамане — гэта сувязь гераіні з мінулым і сімвал помсты за знявечанае дзяцінства і юнацтва. Помсты, ад якой яна ўрэшце адмаўляецца, калі знаходзіць іншы сэнс — у каханні. Кожны з нас мае ў душы свой «дагератып», звязаны выключна з асабістым лёсам. І кожны неабыякавы да беларускай культуры сучаснік мае такі сімвалічны «нацыянальны» дагератып, і выявы на ўсіх розныя, а праўда адна: срэбная пласцінка цямнее ад часу, выява пакрысе блякне і сціраецца. Мы больш фантазіруем, чым бачым. Героі рамана Людмілы Рублеўскай, бясспрэчна, фантазія, але ў іх словах часта больш праўды, чым у тым, што мы «расчытваем» у нашай штодзённасці.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.