Позняй вясной і летам бэз можна лёгка размножыць у хатніх умовах, выкарыстоўваючы зялёныя чаранкі. З дапамогай гэтага спосабу можна ўкараніць бэз нават з букета. Пры ўмове, што яго зрэзалі не пазней за суткі таму.
Варта ўлічыць, што бэз — расліна, якая цяжка ўкараняецца. Таму для паспяховага размнажэння важна выконваць пэўныя ўмовы:
- Не прапусціць тэрмін нарыхтоўкі чаранкоў. Зялёныя галінкі бэзу зразаюць падчас цвіцення або адразу ж пасля яго, бо адраўнелыя чаранкі не ўкараняюцца. І лепш за ўсё рабіць гэта раніцай.
- Чаранкі трэба выразаць з сярэдзіны кроны маладых кустоў (узростам да 6 гадоў) і з сярэдняй часткі парасткаў. Пры гэтым чаранок абавязкова павінен быць зялёным, даўжынёй 10—15 см і на ім абавязкова павінны быць 2-3 пупышкі. Парасткі, якія ідуць ад тоўстых дрэў, непрыдатныя.
- Аптымальная тэмпература для ўкаранення чаранкоў — 22—25 °С, а вільготнасць — 85—95%.
Падрыхтоўка зялёных чаранкоў:
- З дапамогай вострага секатара з ніжняга вузла чаранка выдаліце лісце.
- Максімальна блізка да гэтага вузла, не пакідаючы пянька, зрабіце косы зрэз. Улічыце: чаранкі са зрэзамі ў міжвузеллі не ўкараняюцца.
Да зрэзу чаранка пастаўцеся вельмі ўважліва: у бэзу карані растуць толькі ў вобласці ніжняга вузла. І няправільна зроблены зрэз прывядзе да таго, што расліны не ўкараняцца.
- Усё лісце, якое засталося на чаранку, пакараціце напалову.
- Над верхнім вузлом, адступіўшы 1 см, зрэжце верхавіну парастка. Пры гэтым зрэз павінен быць роўным.
- Падрыхтаваныя чаранкі змясціце ў раствор са стымулятарам коранеўтварэння на 14—17 гадзін. Тэмпература вады павінна быць 18—20 °С.
Укараненне чаранкоў:
- Лепш за ўсё ўкараняць чаранкі ў сумесі торфу (2 часткі) і буйназярністага перліту (1 частка). Пясок дадаваць непажадана.
- У прыдатную ёмістасць насыпце невялікі пласт дрэнажу, а на яго — прыгатаваную сумесь пластом 10 см. Пасля — пласт (3 см) буйназярністага пяску — пажадана выкарыстоўваць рачны.
- Добра паліце глебу.
- У вільготным пяску з дапамогай тонкай палачкі зрабіце невялікую лунку і змясціце ў яе чаранок на глыбіню 1 см. Прасачыце, каб зрэз чаранка знаходзіўся ў пяску, але не датыкаўся торфасумесі. Астатнія чаранкі пасадзіце так, каб яны не чапляліся адзін за аднаго лісцем.
- Чаранкі апырскайце з пульверызатара вадой пакаёвай тэмпературы.
- Ёмістасць накрыйце празрыстым вечкам з пластыку (можна выкарыстоўваць абрэзаную поліэтыленавую бутэльку) або плёнкай і змясціце ў паўцень.
Догляд чаранкоў
Для падтрымання вільготнасці штодня апырсквайце чаранкі вадой. Пясок не павінен перасыхаць. Каб на лісці не ўтваралася цвіль, раз на тыдзень апырсквайце іх светла-ружовым растворам марганцоўкі.
Пасля з'яўлення каранёў чаранкі пачынайце ветрыць.
Звычайна карані з'яўляюцца праз 30—60 дзён. Да восені чаранкі павінны расці ў чараночніку, а ў верасні высадзіце іх на градку для дагадоўвання, размешчаную ў добра асветленым месцы з лёгкай, урадлівай глебай нейтральнай кіслотнасці, пасля чаго паліце. Пры гэтым адлегласць паміж чаранкамі павінна быць каля 30 см.
Калі восенню лісты на чаранках пацямнелі — не хвалюйцеся. Важна, каб не пацярпелі пупышкі і карані. На зіму атуліце чаранкі спанбондам або лапнікам. Вясной з надыходам цёплага надвор'я сховішча зніміце. Праз 1-2 гады саджанец бэзу можна будзе перасадзіць на пастаяннае месца. І ўжо праз 2—3 гады расліна зацвіце.
Варта ўлічыць, што ў хатніх умовах зялёныя чаранкі, як правіла, укараняюцца толькі ў 50—70% выпадкаў. Таму нарыхтоўвайце некалькі галінак бэзу.
Ірына ТАМКОВІЧ