Вы тут

Як добраўпарадкаваць вёску?


Шчыра скажу, ніколі не сустракала раней Вечны агонь у вёсцы. А ў Падкраічах, што ў Бярозаўскім раёне, ён ёсць. Самы сапраўдны. Праўда, гарыць не заўсёды. Запалілі на 9 мая і рашылі пакінуць на цэлы месяц у памяць аб загінулых земляках і ўсіх ахвярах вайны. А яшчэ ў Падкраічах вельмі дружныя людзі і асаблівая стараста. Не проста актыўная, а няўрымслівая, апантаная ідэяй зрабіць сваю вёску самай лепшай.


Таіса Чапайла ў гэтай вёсцы з 2004 года. Нарадзілася і вырасла ў Бярозаўскім раёне, потым жыла на Гродзеншчыне, але 13 гадоў таму па сямейных абставінах пераехала сюды, бліжэй да малой радзімы. А ў 2014 годзе аднавяскоўцы аднадушна абралі Таісу Чапайлу старастай.

— З чаго пачынала? — успамінае Таіса Васілеўна. — Можна сказаць, з інфармацыйнага стэнда. Каля пошты паставілі дошку, дзе размяшчаецца самая розная інфармацыя і аб'явы. Тут можна даведацца, калі арганізуецца чарговы суботнік, якія конкурсы праводзіць стараста, нават пра расклад службы ў мясцовай царкве. Гэта самае публічнае месца ў Падкраічах. Побач пошта, крама. Адсюль аўтобусы забіраюць работнікаў сельгаспрадпрыемства і дзяцей у школу.

Першай калектыўнай справай на чале з новай старастай стала добраўпарадкаванне парку. Вясковы парк з помнікам у гонар Перамогі — ці не галоўная мясцовая славутасць. Але за апошнія дзесяцігоддзі парк вельмі зарос, выглядаў даволі закінутым. За яго ачыстку і акультурванне ўзяліся жыхары пад кіраўніцтвам Таісы Чапайлы. Найперш дагаварыліся з гаспадаркай, якая выдзеліла тэхніку — за гэта вельмі ўдзячныя кіраўніку вытворчага ўчастка мясцовай гаспадаркі Аляксандру Карпінскаму. Дзень-два папрацавала тэхніка, астатняе зрабілі рукі. Зараз парк выглядае прыбраным. Тут паявіліся арэлі, малыя архітэктурныя формы. Апошняе заслуга Таісы Васілеўны, у якой ідэі нараджаюцца кожны дзень. Дарэчы, усе бетонныя слупы, што перакрываюць несанкцыянаваныя дарогі ў парк, з дапамогай пэнзля і фарбаў стараста ператварыла ў сімпатычных істот. Нават сметніцы паступова ўпрыгожваюцца рознымі малюнкамі. Ну і, вядома, ёсць кветкі. Каля помніка ў парку, на клумбах, каля дамоў іх пасаджана мноства.

Старшыня Малецкага сельскага Савета Людміла Саламянюк канстатуе, што гадоў 30—40 таму гаспадаркі ўзводзілі жыллё і прыбудовы без патрэбных узгадненняў. Таму часам пасярод жылых кварталаў узнікалі масівы хлявоў, якія сёння істотна псуюць знешні выгляд населеных пунктаў. Ёсць такі масіў і ў Падкраічах. Каля яго ўзнікла не тое каб стыхійная звалка, але склад непатрэбных матэрыялаў, старой саломы і іншага. Вось яе і прыбралі за два суботнікі, вядома, з дапамогай трактароў.

На вуліцы Камуністычнай гэтай вясной з'явілася новая дзіцячая пляцоўка. Яе ўпрыгажэннем сталі пянькі-«азбука», якія прыдумала Таіса Васілеўна. Першымі на суботнік па добраўпарадкаванні пляцоўкі выйшлі яна ж са сваёй нявесткай Любай. Потым далучыліся жыхары іх дома, падцягнуліся і суседнія дамы...

Масавыя мерапрыемствы — яшчэ адна фішка Таісы Васілеўны. Свята дажынак, якое яны з Домам культуры вырашылі правесці на пачатку восені, стала фактычна днём вёскі. Сабраліся ўсе, было і весела, і душэўна. Вядома, паклікалі выязны гандаль, арганізавалі выстаўкі твораў умельцаў. Спявалі, танцавалі, адным словам, свята атрымалася.

За што любіць стараста сваіх аднавяскоўцаў, дык найперш за тое, што не ігнаруюць усе яе заклікі, што дружныя: «На 9 мая каля помніка мерапрыемства ладзілі. Ніводнага ветэрана ўжо няма, а прыйшла ўся вёска. Людзі разумеюць, што наш абавязак помніць, якой цаной дасталася тая Перамога. І прыходзяць пастаяць, падумаць, паслухаць песні былых часоў».

Падкраічы, трэба сказаць, вёска немалая, пражывае амаль 500 чалавек. Ёсць базавая школа, ФАП, амаль усе сацыяльныя аб'екты. Праўда, дзіцячы садок закрылі, будынак яго прадалі. Але малых дзяцей падвозяць у дашкольную ўстанову, старшакласнікаў — на ўрокі ў Малеч. А вось пункт збору знаходзіцца каля пошты. Адсюль жа забіраюць і работнікаў сельгаспрадпрыемства. Раней людзі ў чаканні транспарту сядзелі дзе прыйдзецца. Але стараста вырашыла абсталяваць прыпынак. Рашыла — зрабіла. Найперш прывезлі машыну пяску. Потым паклалі плітку — яна загадзя дамовілася з будаўнікамі пра матэрыял, які ўжо была ва ўжытку. Да пліткі прымацавалі лаўку, зробленую з бярвення. Засталося паставіць страху, каб не мокнуць людзям у дажджлівае надвор'е — усё, дарэчы, ужо куплена.

— На гэтую страху яна патраціла грошы са сваёй прэміі, — расказала старшыня сельскага Савета Людміла Саламянюк. — Па выніках мінулага года Таіса Чапайла выйшла пераможцам Брэсцкага абласнога конкурсу сярод старастаў. Абласны Савет яе адпаведным чынам прэміраваў. Дык вось, вялікую частку прэміі стараста ўклала ў абсталяванне прыпынку. А тыя грошы, што ёй выплачваюць раз на тры месяцы ў якасці заахвочвання, яна цалкам аддае на грамадскія патрэбы. Такі чалавек наша Васілеўна.

Таіса Васілеўна мае асноўную работу ў сістэме ЖКГ, да якой ёй трэба дабірацца штодня ў райцэнтр. Мае сям'ю, малодшы сын яшчэ школьнік. І як яна з усім спраўляецца і навошта гэта ёй?

— Даўно было сказана і правільна: «Хто ж, калі не мы?» — кажа яна. — Я тут жыву, мае дзеці тут жывуць. Сыну з нявесткай літаральна днямі дом купілі. Яны ў мяне працавітыя, самі зарабляюць. Жыць тут будуць, сваіх дзяцей гадаваць. Можа, і малодшы застанецца... Значыць, усё для сябе робіцца. Хіба нехта чужы прыйдзе і палепшыць, уладкуе наша жыццё?

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.