Вы тут

Энергазберажэнне стала ключавым пытаннем на пасяджэнні Бюро CORLEAP


Энергазберажэнне стала адным з ключавых пытанняў на пасяджэнні Бюро CORLEAP (Канферэнцыя рэгіянальных і мясцовых органаў улады Усходняга партнёрства), якое прайшло на пачатку тыдня ў Мінску. Як адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, гэта тэма вельмі актуальная для краін, якія не валодаюць магутнымі энергетычнымі рэсурсамі. «У нашы планы ўваходзіць удасканаленне заканадаўства па пытаннях энергазберажэння», — падкрэсліў ён.


Велізарную ролю мясцовых органаў улады ў гэтым пытанні бачыць сустаршыня Бюро CORLEAP, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр ПАПКОЎ. «Мясцовыя ўлады здольны змяняць правілы і нормы працы за кошт вызначэння новых тэндэнцый і ўкаранення інавацыйных тэхналогій, скарачаючы выкіды вуглякіслага газу ў сваіх рэгіёнах. Таму неабходна імкнуцца да больш цеснага супрацоўніцтва рэгіянальных і мясцовых улад з дзяржаўным сектарам для забеспячэння большага ўплыву на грамадскую думку, а таксама да мабілізацыі прыватных і дзяржаўных рэсурсаў для вырашэння пытанняў экалогіі, клімату і энергаэфектыўнасці».

Старшыня Савета Рэспублікі на сустрэчы з сустаршынёй CORLEAP, старшынёй камітэта рэгіёнаў Еўрапейскага саюза Марку Маркула выказаў пяць прапаноў па развіцці супрацоўніцтва. Сярод іх, напрыклад, арганізацыя ў камітэце рэгіёнаў Еўрасаюза беларускай тэматычнай выстаўкі. Да таго ж Міхаіл Мясніковіч адзначыў пазітыўную дынаміку ў супрацоўніцтве з ЕС. «Мы лічым, што гэта толькі пачатак вялікай дарогі, і будзем зацікаўлены ў тым, каб і далей развіваць нашы адносіны з Еўрасаюзам», — сказаў ён.

Што датычыцца эканамічнага развіцця і ролі ў ім мясцовых улад, старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што «ў нас рэгіёны маюць сур'ёзныя правы ў бюджэтнай палітыцы, у пытаннях уласнасці і выбарчага права. Я лічу, што гэтыя тры напрамкі з'яўляюцца ключавымі. Што датычыцца бюджэтнай палітыкі, то ў гэтым пытанні рэгіёны валодаюць досыць вялікімі паўнамоцтвамі. Мясцовыя бюджэты складаюць 16,3% ад ВУП, 57% ад кансалідаванага бюджэту краіны знаходзіцца ў распараджэнні рэгіянальных улад. Па ўсярэдненых паказчыках бюджэтнай палітыкі па краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, там мясцовыя бюджэты складаюць 16,6% ад ВУП і каля 40% ад кансалідаванага бюджэту знаходзіцца ў распараджэнні рэгіёнаў. У гэтым плане ў нас рэгіёны валодаюць нават большымі бюджэтнымі магчымасцямі, чым у краінах АЭСР. У нас выконваецца базавы падыход Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання». Дарэчы, Беларусь за апошняе дзесяцігоддзе павялічыла ВУП у 1,6 разу, не нарошчваючы аб'ёмы спажывання энергарэсурсаў.

Старшыня Камітэта рэгіёнаў Еўрапейскага саюза Марку Маркула падкрэсліў, што сёння Еўрапейскі саюз супрацоўнічае па лініі Усходняга партнёрства з шасцю краінамі, у тым ліку з Беларуссю. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць назапашаны вопыт у развіцці рэгіянальнай палітыкі. «Мы гаворым пра тое, што органы мясцовай улады, рэгіянальнай улады павінны адыгрываць сёння больш актыўную ролю. І мы з вамі таксама кажам аб нашай асноўнай мэце, якая заключаецца ў тым, каб дапамагчы органам мясцовага кіравання. У тым ліку каб краіны Усходняга партнёрства павышалі ўзровень жыцця сваіх грамадзян».

Удзельнікі пасяджэння разгледзелі таксама пытанні занятасці насельніцтва, развіцця турызму і ролю мясцовых органаў улады ў гэтым. Да таго ж падчас пасяджэння былі абмеркаваны асноўныя рэкамендацыі да пятага саміту Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Сувязь праз рэгіёны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?