Вы тут

Перад яго кабінетам ніколі не было прыёмнай


24 мая спаўняецца 90 гадоў двойчы Герою Сацыялістычнай Працы Уладзіміру Бядулю.

З Уладзімірам Лявонцьевічам Бядулем за гады журналісцкай працы давялося сустракацца не раз. Апошняе вялікае інтэрв'ю выйшла ў нашай газеце адзінаццаць гадоў таму, у лютым 2006-га. Тады яшчэ Уладзімір Лявонцьевіч быў у страі і адзначаў 50-годдзе кіраўніцтва сваёй гаспадаркай — ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарча-вытворчым кааператывам «Савецкая Беларусь».


З жон­кай Аніс­сяй Тра­фі­маў­най.

Але гаспадарку сваю ён па-ранейшаму называў калгасам. І расказваў, як спрабаваў захаваць назву афіцыйна: «Я прасіў-маліў: «Пакіньце дзве назвы калгасу, які ўзначальваў Кірыл Пракопавіч Арлоўскі, як асаблівай, сапраўды гістарычнай з'яве ў калгасным будаўніцтве СССР і на заходніх рубяжах краіны — нашай «Савецкай Беларусі». Дзе там! Добра яшчэ, што ў назве кааператыва пакінулі і нашу ўзнагароду, і словы «Савецкая Беларусь». Крыўдна бывае, калі адным махам адсякаецца тое, чым жыло нават не адно пакаленне. Да свайго мінулага трэба ставіцца больш беражліва».

Тады ж Уладзімір Бядуля расказваў, як пачынаў сваю работу ў калгасе. У 1955 годзе быў такі партыйны заклік: узначаліць адсталыя гаспадаркі і вывесці іх на перадавыя рубяжы. І ён падаў заяву ў шэрагі «трыццацітысячнікаў» — так называлі тых, хто ішоў на сяло па закліку ЦК КПСС, — прасіў даць адсталую гаспадарку ў родных мясцінах. У Пінску прайшоў трохтыднёвыя старшынёўскія курсы. Пасля іх 28-гадовы выпускнік быў накіраваны намеснікам старшыні адной з гаспадарак Высокаўскага раёна. А праз паўгода, 21 лютага 1956-га прыняў самы слабы калгас гэтага раёна «Савецкая Беларусь».

— Выбралі мяне на здзіўленне лёгка, — працягваў Бядуля. — Усе прагаласавалі «за», толькі адзін чалавек — «супраць». Людзям жылося цяжка. Паказчыкі былі настолькі нізкія, што, бывала, па выніках года работнік яшчэ заставаўся вінаватым калгасу! Кралі ўсё, што можна панесці.

Пачынаў малады старшыня з выкаранення крадзяжу. З транспарту ў яго былі веласіпед ды падвода, але ўсюды стараўся паспяваць, у кожны куточак заглядваў. Давялося памяняць многіх кіраўнікоў сярэдняга звяна, хто мог паблытаць сваю кішэню з калгаснай. Дабіўся таго, што ў статуце гаспадаркі паявіўся радок аб тым, што работа-брак не аплачваецца. Паступова сталі плаціць за працадні не толькі збожжам і кармамі, але і грашыма. Так памалу і паднімалі сваю гаспадарку.

І вось дакладная цытата з інтэрв'ю больш чым дзесяцігадовай даўніны: «Цяпер з задавальненнем можна адзначыць, што за ўсе пяцьдзясят гадоў у калгасе не было ніводнай не толькі галоднай, але і паўгалоднай зімоўкі для статка. А зімы за паўвеку здараліся розныя: працяглыя, суровыя. Думаю, што любы чалавек, знаёмы з сельскай гаспадаркай, пагодзіцца з такой простай формулай: як скаціна галадае, значыць, гаспадара ў яе няма, калгас гэта ці асабісты падворак».

Адчуваеце, як гэта актуальна сёння? Апошні сказ, думаю, варта было б вялікімі літарамі набраць на камп'ютары кожнаму кіраўніку сельгаспрадпрыемства. Напрыклад, паўтара года таму ў многіх гаспадарках сітуацыя з кармамі складвалася блізкая да крытычнай, і ўсе ківалі на капрызы надвор'я...

Згадалі мы з Уладзімірам Лявонцьевічам тады і яго грамадскую работу, ён узначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. Ён загаварыў вельмі сур'ёзна: «Мір — першае, што патрэбна чалавеку пры любых умовах, пры любым раскладзе жыцця. Зараз мы развучыліся цаніць мір. А калі і цэнім, то павярхоўна, фармальна, недастаткова. Сучасны чалавек мір і стабільнасць амаль не заўважае, успрымае іх як ваду і паветра, якія былі і будуць заўсёды. Але гэта памылковая пазіцыя. У цяперашнім свеце нават далёкія, на першы погляд, войны могуць нечакана закрануць». У 2006 годзе, калі навокал нас было адносна спакойна, ніхто падумаць не мог пра канфлікт ва Украіне, пра патокі бежанцаў у Еўропе. Чалавек, памяць якога захавала дзіцячыя ўспаміны пра вайну, так пранікнёна гаварыў аб каштоўнасці міру. Мы сапраўды тады не ўсведамлялі, цяпер вось пачынаем.

Яшчэ Бядуля пры кожнай нагодзе гаварыў пра каштоўнасць і важнасць кнігі. Прыгадваецца яшчэ адно невялічкае інтэрв'ю да свята пісьменства ў Камянцы ў 2005 годзе. Там вельмі хораша і шчыра, як ён толькі ўмее, гаварыў пра кнігу, пра тое, што кнігу трэба падтрымліваць і прапагандаваць у эпоху наступлення камп'ютараў. І вось 2012-ы мы аб'яўляем Годам кнігі... Дзе толькі магчыма, калгасны старшыня падкрэсліваў ролю духоўнасці. І не толькі гаварыў аб гэтым, вельмі шмат рабіў на ніве духоўнасці. Царкву ў вёсцы ўзвялі ў 2000 годзе фактычна за сродкі гаспадаркі. А калгасны музей хлеба быў свайго роду духоўным цэнтрам Дома культуры. Яго наведвалі ўсе госці.

Дом культуры ў Расне, дарэчы, пачалі будаваць, як толькі справы калгаса пайшлі ўгору. З яго сцэны выступалі Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Людміла Зыкіна, Валерый Лявонцьеў, Леў Лешчанка, «Песняры», тройчы тут сустракалі Рускі народны хор імя Пятніцкага. У гасцях у калгаснікаў бывалі Юрый Левітан, Святаслаў Рыхтар, Міхаіл Ульянаў, Андрэй Вазнясенскі, Яўген Еўтушэнка, многія іншыя дзеячы культуры і мастацтваў. Галоўнае, што гаспадарка пры Бядулю імкнулася зрабіць музыку, жывапіс даступнымі для дзяцей жывёлаводаў, механізатараў, усіх вяскоўцаў.

У вёсцы не проста адкрылі першую ў раёне сельскую музычную школу, але зрабілі так, што ў ёй выкладалі самыя лепшыя педагогі. Некалькі гадоў запар настаўніц музыкі з горада і назад вазіла калгасная машына. «А як я ўгаворваў вядомага тады музыканта і педагога Міхаіла Солапава ўзначаліць музычную школу — асобная гісторыя, — расказваў Уладзімір Лявонцьевіч. — Паўтары гады ўгаворваў і знайшоў-такі слабінку, якая стала апошняй кропляй. Тады, у 70-я, было вельмі прэстыжна мець сваю «Волгу», але ў чарзе па яе стаялі вельмі доўга. Я паабяцаў Солапаву машыну, і ён пераехаў да нас. Аўтамабіль потым дырэктар школы набыў, але і ў рабоце не прайграў: у вёсцы таленавітых дзяцей аказалася не менш, чым у горадзе».

А вось яшчэ адна гісторыя з «Волгай», якую варта расказаць. Быў у «Савецкай Беларусі» механізатар, які ў полі як бог. Ніхто з ім не мог параўнацца ў той жа якасці ворыва. Але вось бяда, да чаркі адчуваў слабіну. Выхаваўчую работу з ім як толькі не праводзілі, а чалавек час ад часу «з рэек сыходзіў». У яго сваякі ў Польшчы жылі. Аднойчы старшыня яму нібы жартам сказаў: «Не будзеш піць тры гады — на чацвёрты да сваякоў на «Волзе» паедзеш. Уяўляеш, як падруліш на шыкоўным аўто, а твае замежныя родзічы аж раты паразяўляюць?» І што вы думаеце? Не дакрануўся да гарэлкі ўвесь выпрабавальны тэрмін. Праўда, у райвыканкаме потым Бядулю выхоўвалі: «У нас, казалі, ідэальна цвярозыя палкоўнікі ў чарзе вунь колькі часу стаяць, а ты ГАЗ-24 трактарысту, былому п'яніцу абяцаеш».

Але ж да чалавека патрэбны індывідуальны падыход, гэта быў стыль Бядулі. Даярак у санаторый ён адпраўляў ледзь не прымусова, рашэннем праўлення. Потым прыходзілі, дзякавалі за клопат. І пяцьдзясят гадоў адпрацаваў у кабінеце, перад якім ніколі не было прыёмнай. Гаварыў, што работнік мог зайсці да яго альбо пазваніць у любы час.

Пра сваё асабістае жыццё Уладзімір Бядуля не вельмі любіў гаварыць на сустрэчах з журналістамі. І толькі нядаўна, у кнізе Андрэя Юрэнева я прачытала, што амаль трыццаць гадоў ён з сям'ёй пражыў у старэнькай вясковай хаце. А ў прыстойны дом пераехаў напярэдадні свайго 60-годдзя і ўручэння другой Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы, калі большасць калгаснікаў жыла ў асабняках і двухкватэрных катэджах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота з архіва сям'і Ул. БЯДУЛІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».