Вы тут

Разбітае сэрца Манчэстэра


Брытанская паліцыя паведаміла, што, па апошніх даных, у выніку меркаванага на дадзены момант тэракта на «Манчэстэр-арэне» загінулі 22 чалавекі, у тым ліку некалькі дзяцей. Атаку ажыццявіў адзін чалавек, які таксама загінуў, пацвердзілі ў паліцыі. Высвятляецца, ці мог ён быць звязаны з іншымі зламыснікамі.


Пра гэта заявіў кіраўнік паліцыі горада Іэн Хопкінс. Паводле яго слоў, сярод загінулых — некалькі дзяцей. Раней паведамлялася пра 19 ахвяр меркаванага тэракта. Колькасць параненых, якія шпіталізаваныя, склала 59 чалавек.

Паліцыя лічыць, што чалавек, які ажыццявіў выбух, пранёс у канцэртную залу выбуховае прыстасаванне і прывёў яго ў дзеянне. Ён таксама загінуў. Цяпер паліцэйскія спрабуюць высветліць, ці былі ў яго саўдзельнікі, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў нападзе.

«На гэтым этапе расследавання мы мяркуем, што напад ажыццявіў адзін чалавек, — сказаў Хопкінс. — Цяпер самае галоўнае ўстанавіць, дзейнічаў ён у адзіночку ці быў часткай тэрарыстычнай сеткі». Кіраўнік паліцыі не ўдакладніў, ці знойдзены на месцы трагедыі цела нападніка або фрагменты выбуховага прыстасавання. Ён таксама адмовіўся адказваць на пытанне аб грамадзянстве і нацыянальнасці чалавека, які ажыццявіў тэракт.

Па словах Іэна Хопкінса, «гэта было самае жахлівае здарэнне з усіх, якія калі-небудзь бачыў горад». Паліцыя заклікае грамадзян не рабіць заўчасных высноў аб тым, хто нападаў, і яго матывах.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні Каралеве Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавеце ІІ, родным і блізкім загінулых у выніку тэракта ў Манчэстэры, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Да глыбіні душы ўзрушаны жудаснай трагедыяй на стадыёне «Манчэстэр-арэна», у выніку якой загінулі і пацярпелі нявінныя людзі», — гаворыцца ў спачуванні.

Беларусы падзяляюць гора і боль сем'яў ахвяр, смуткуюць разам з усім народам Злучанага Каралеўства. «Мы рашуча асуджаем учынены тэрарыстычны акт, як і ўсе формы тэрарызму, экстрэмізму і рэлігійнага радыкалізму», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што запалохванне грамадства не можа быць сродкам дасягнення якіх бы там ні было мэт.

Брытанскі прэм'ер Тэрэза Мэй выступіла з кароткай заявай, у якой ахарактарызавала здарэнне як «жахлівую тэрарыстычную атаку». «Мы глыбока суперажываем ахвярам, родным і сваякам пацярпелых», — падкрэсліла Тэрэза Мэй. У знак жалобы над рэзідэнцыяй прэм'ер-міністра на Даўнінг-стрыт быў прыспушчаны дзяржаўны сцяг.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў арганізатараў выбуху ў Манчэстэры «злавеснымі лузерамі». «Я не буду называць іх пачварамі, таму што ім спадабаецца такі ярлык. Я называю іх лузерамі», — сказаў амерыканскі прэзідэнт падчас свайго візіту ў Віфлеем. Прэзідэнт Трамп таксама паведаміў, што «злавесная ідэалогія павінна быць цалкам знішчана». «Наша грамадства не можа прыняць працяг гэтага кровапраліцця», — сказаў ён падчас сустрэчы з палесцінскім лідарам Махмудам Абасам.

Тым часам паліцыя Манчэстэра арыштавала ў паўднёвай частцы горада 23-гадовага мужчыну ў рамках расследавання тэракта на стадыёне «Манчэстэр-арэна», паведамляюць інфармагенцтвы. Затрыманы падазраецца ў датычнасці да тэракту.

Вядома таксама, што арышты былі праведзены ў раёнах Чорлтана і Эштана. Па апошніх даных паліцыі, затрыманыя некалькі чалавек.

Кансерватары, лейбарысты і іншыя буйныя партыі Вялікабрытаніі прыпынілі свае перадвыбарчыя кампаніі перад усеагульнымі выбарамі 8 чэрвеня пасля выбуху на «Манчэстэр-арэне».

Калі ў ходзе следства версія тэракта не будзе аспрэчаная, то выбух у канцэртнай зале «Манчэстэр-арэна» стане самым крывавым тэрактам у Брытаніі пасля выбухаў у ліпені 2005 года ў Лондане, у выніку якіх загінулі больш за 50 чалавек.

Амерыканская поп-спявачка Арыяна Грандэ выказала спачуванні ў сувязі з гібеллю людзей, якія прыйшлі на яе канцэрт у Манчэстэры. Хоць 23-гадовая выканаўца не пацярпела ў выніку нападу, аднак, з яе слоў, яна перажыла моцнае ўзрушэнне. «Разбітае сэрца, мне вельмі-вельмі шкада. У мяне няма слоў», — такое паведамленне апублікавана ў «Твітары» спявачкі.

На канцэрт Арыяны Грандэ, якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў брытанскіх дзяўчатак-падлеткаў, сабраліся ў асноўным маладыя людзі, было шмат школьнікаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?