Вы тут

«Геаграфічны атлас настаўніка» заваяваў «Хрустальны компас» у Расіі


Нацыянальнай прэміі "Хрустальны компас" Рускага геаграфічнага таварыства ўдастоена калектыўная праца супрацоўнікаў БДУ, Беларускага геаграфічнага таварыства і РУП "Белкартаграфія". "Геаграфічны атлас настаўніка", які ствараўся цягам пяці гадоў, быў прызнаны лепшым у намінацыі "Выданне".


У гэтым годзе на атрыманне ўзнагароды ў галіне геаграфіі і экалогіі была вылучана рэкордная колькасць праектаў - 389. Заяўкі на ўдзел паступілі з 68 рэгіёнаў Расіі, а таксама з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Індыі, Манака, Нарвегіі і ЗША.

Атлас прызначаны для школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца геаграфіяй, картаграфіяй, эканомікай і дэмаграфіяй . Ён змяшчае навуковую інфармацыю аб Зямлі, фізіка-геаграфічных, палітычных і сацыяльна-эканамічных асаблівасцях асобных краін і рэгіёнаў, вычарпальную картаграфічную інфармацыю пра прыроду, рэсурсы і гаспадарку Беларусі.

У выданне ўключаны каля 700 карт, трэцюю частку  якіх складаюць карты Беларусі. Усе звесткі ў атласе прыводзяцца за 2013-2014 гады.

- Гэты фундаментальны дапаможнік разлічаны на выкарыстанне ў бліжэйшыя дваццаць гадоў, - запэўнівае загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі геаграфічнага факультэта БДУ, намеснік галоўнага рэдактара атласа Пётр ЛОПУХ. - У 2002 годзе быў выдадзены Нацыянальны атлас Рэспублікі Беларусь.  У Савецкім Саюзе раней таксама выдаваліся атласы, але яны не былі звязаныя з навучальнымі праграмамі.

"Геаграфічны атлас настаўніка" арыентаваны на вучэбны працэс ва ўстановах адукацыі розных узроўняў. Атлас мае два грыфа. У першую чаргу ён разлічаны на настаўнікаў геаграфіі. Адначасова з гэтым ён прызначаны і для падрыхтоўкі будучых географаў у ВНУ. Фонды бібліятэк беларускіх школ ужо папоўнілі больш як  3000 асобнікаў атласа і 500 кніг паступілі ў продаж.

"Хрустальны компас" - першая прэмія ў галіне нацыянальнай геаграфіі, экалогіі, захавання і папулярызацыі прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны, заснаваная ў 2012 годзе Рускім геаграфічным таварыствам.

Штогод у конкурсе ўдзельнічаюць як  расійскія, так і замежныя грамадскія арганізацыі, навуковыя і адукацыйныя ўстановы, прадпрыемствы розных сфер, а таксама незалежныя ініцыятыўныя групы, грамадскія дзеячы і іншыя прыватныя асобы.

Пераможцы вызначаюцца ў 11 намінацыях: "Навуковае дасягненне", "Асвета", "Лепшы сацыяльна-інфармацыйны праект па захаванні прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны", "Лепшы экалагічны праект прамысловых прадпрыемстваў, бізнесу", "Падарожжа і экспедыцыя", "Лепшае асвятленне ў СМІ", "Выданне", "Фотаработа", "Грамадзянская пазіцыя", "Лепшы рэгіянальны праект" і "Прызнанне грамадскасці".

Усяго за час правядзення конкурсу было ацэнена 1204 праекта з 82 рэгіёнаў Расіі і 23 краін свету. У спецыяльнай намінацыі "Прызнанне грамадскасці", дзе пераможцу вызначаюць шляхам інтэрнэт-галасавання, прыняло ўдзел каля 1,4 мільёна карыстальнікаў сеціва.

Надзея НІКАЛАЕВА  

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».