Вы тут

Выбар на вясну


Непрадказальная, узрушаная, свежая — такая вясна. І такая паэзія. Сустрэча з добрай паэзіяй — гэта заўсёды подых вясны, адсюль легкаважна можна зрабіць выснову, што і вясна — найлепшы сезон для чытання вершаў. У адрозненні ад банальнай белетрыстыкі, паэтычныя зборнікі — кнігі не на адну вясну, кнігарні і інтэрнэт-крамы з гэтай нагоды заўсёды радыя пакупнікам, а паэзія легкакрылымі мятлікамі, галінкамі бэзу і шумлівай залевай жыве толькі тады, калі яе чытаюць...


Настрой. Кнігу Вольгі Гапеевай варта чытаць, каб адпачыць душой, калі ў прыватным жыцці надышла чарада непаразуменняў. Так, у жыцці здараюцца расстанні і крыўды, але ўвогуле свет зменлівы і пералівісты, кожнае расстанне папярэднічае новай сустрэчы, а пачуцці жывуць у душы часта насуперак словам, якія вызначаюць пэўныя этапы ў стасунках. Многія вершы Вольгі Гапеевай прасякнутыя адчуваннем адзіноты, але гэта часцей не пранізлівая, балючая адзінота, а аскомістыя ноты палыну ці грэйпфрута ў прыемнай парфюмернай кампазіцыі. Мора, вецер, гарачы пясок — усё гэта часам не менш істотна за чарговую гісторыю кахання...

Адметнасці кнігі. У параўнанні з іншымі зборнікамі, «Граматыка снегу» — творчы набытак сталага аўтара, які ўжо мае некалькі паэтычных кніг. Цікава, што ў дадатак да 55 вершаў, пералічаных у змесце, чытач атрымлівае тры новыя верлібры. Дзякуючы адмысловаму пазначэнню пачатку раздзелаў змест чытаецца як асобныя творы, якія складаюцца з першых радкоў усіх вершаў. Самым удалым падаецца апошні тэкст — своеасаблівая квінтэсэнцыя кнігі.

Пра што. У кнізе Вольгі Гапеевай шмат снегу, але зусім няма святаў. Святы ўжо не цешаць, дый «верыць у цуд на каляды — ужо непрыстойна / не таму, што дарослая / а таму, што за кожным цудам стаіць чыясьці вялікая праца...». Граматычныя правілы згадваюцца таксама неаднойчы — гэтыя правілы даводзіцца парушаць (вядома, не ў сэнсе правапісу), і ўвогуле яны абмяжоўваюць, спыняюць, стрымліваюць, як і ўсе іншыя стэрэатыпы, устаноўкі, прадпісанні, якіх так шмат у кожным грамадстве. Каханне — лейтматыў многіх твораў, і адчуванне адзіноты ды нейкай саманедастатковасці нярэдка перапыняе роздумы, урываецца ў пейзажныя замалёўкі. Разам з тым Вольга Гапеева нярэдка глядзіць на стасункі і размовы з мужчынамі збоку і каментуе іх як чалавек, дасведчаны ў гендаралогіі і феміністычных штудыях.

Як. У сярэдзіне першага раздзела Вольга Гапеева абяцае, што не будзе шукаць рыфмы, але сугуччы зрэдку самахоць знаходзяць месца ў творах і ўспыхваюць, асвятляючы верш. Што да зместу, то зразумела, што ў наш час заблытанасць, сэнсавая няпэўнасць, незвязанасць асобных частак выказвання — зусім не праблема, а цікавая адметнасць аўтара. У «Граматыцы снегу» ёсць нямала вершаў, дзе строфы падаюцца аб’яднанымі выпадкова, дзе асацыятыўныя шэрагі вядуць нібыта ў розныя бакі. Многім чытачам гэта імпануе: Вольга Гапеева — стыпендыятка міжнародных праграм для пісьменнікаў і перакладчыкаў, яе творы перакладзеныя больш як на 10 моў свету. Хто-ніхто за чытаннем зборніка можа ўзгадаць дыскусію наконт кнігі Вальжыны Морт «Тоненькая як твае вейкі» ў часопісе «Маладосць» (№ 5, 2006), дзе Таццяна Пузенка пісала пра неалагічнае жыццё зацертых тропаў, псіхалагічна-асацыятыўны натуралізм і зрэшты рызыку несінхроннасці эмацыянальных рэакцый аўтаркі і чытача (што можа выклікаць жаданне загарнуць кніжку і адкласці яе).

NB. Найлепшымі ў зборніку такі падаюцца вершы на адну тэму, дзе ёсць сувязь паміж вобразамі і мікратэмамі асобных строф, дзе банальна можна вызначыць галоўную ідэю (хай сабе з новым прачытаннем яна можа фармулявацца ўжо інакш) і адказаць на пытанне: пра што? Пра шафу, якая была дрэвам («крысо майго пінжака адлятае на захад... »). Пра ўласнае цела, якому не падабаецца, як яго апранаюць («ніколі не думала што цяжка насіць сукенку...»). Пра кароткія сустрэчы на перонах вакзалаў са знаёмымі і каханымі («браты люм’ер... »). Пра яго, па якім можна хадзіць як па музеі, але нічога нельга кранаць: «ты — як мора ў якім сёння / забаранілі праз шторм плаваць / і хоць вось яно (мора) пад маімі нагамі / пра яго застаецца адно — марыць / пра цябе застаецца два — думаць / і яшчэ спадзявацца што адбудзецца казка / і да тваіх экспанатаў прычэпяць цыдулку / дакраніцеся, калі ласка». («я хаджу па табе як па музеі... »). У гэтых уцямных творах можна проста атрымліваць задавальненне ад стылю, а не разблытваць тэкст і быць удзячнымі аўтарцы за няўрымслівасць, гранічную шчырасць і непасрэднасць выказвання.

Настрой. Паэзія — магчымасць узняцца над будзённасцю, вырвацца са свету рэчаў у свет ідэй. Аляксей Арцёмаў не засяроджваецца на побыце, на цялеснасці і піша пра хаду часу (сыход лета як непазбежнасць), пра мітусню (насуперак якой уздымаюцца дрэвы), пра недасканаласць жыцця (у якім такі ёсць прыгажосць і пяшчота). Канкрэтнае і звыклае альбо згадваецца як антураж, альбо паўстае сімвалам ці метафарай: «Жыццё — старэнькі чэшскі трамвай на вуліцах Еўпаторыі...».

Кніга «Скрозь кіламетры» дапамагае настроіцца на высокі лад, што нячаста здараецца ў нашай сучаснай літаратуры: тут больш святла, прасторы, класічнай узнёсласці, менш тлуму і мітусні. Але не будзем перабольшваць — іронія і змрочныя высновы таксама знаходзяць месца.

Адметнасць кнігі. Чытачам «ЛіМа» не варта нагадваць, што Аляксей Арцёмаў — той самы паэт з горада Тулы, які самахоць вывучыў беларускую мову, каб вызначыць, чым яна адрозніваецца ад украінскай. Што адкрыў шаноўны творца ў Беларусі? Дзівоснае прыцягненне гэтай зямлі і невясёлыя краявіды: «Там забытыя хаты — і побач крыжы, / Бо памерці там лёгка, ды нельга ажыць». У параўнанні з Максімам Багдановічам атрымліваецца даволі сумна, але галоўнае, што Аляксей Арцёмаў піша па-беларуску выдатна і да таго ж яму файна падбіраць рыфмы і ствараць рытмічны малюнак. Гэта атрымліваецца натуральна, нібыта не стрымлівае, не абцяжарвае аўтара... У зборніку ёсць і прадказальныя радкі, што для паэзіі непажадана. Але, бясспрэчна, Аляксей Арцёмаў — адзін з тых творцаў, якія дэманструюць, што рыфмаваная паэзія — не толькі прытулак для аматараў і эпігонаў. Яго вершы вяртаюць у свет класічнай літаратуры, дзе гучаць галасы дзясяткаў лепшых беларускіх і расійскіх паэтаў, а гэты свет значны толькі ў тым выпадку, калі ўзнаўляецца ў новых творах. Аляксей Арцёмаў паўстае і чалавекам, зацікаўленым у непасрэдным узнаўленні добрых вершаў на беларускую мову: у кнізе прадстаўлены і вершы, і пераклады.

Пра што. Жыццё — светлы шлях да мары альбо падман, самота і сцюжа? З верша ў верш Аляксей Арцёмаў занатоўвае меркаванні на гэты конт, і мінорны настрой напрыканцы перамагае. Самотны дождж з бліскучага верша «Венецыя» чакае маланкі, якая падпаліць дом, лірычны герой у «Блюзе» таксама сумуе: «І я не абдыму яе плячэй, / Уночы не прыйду — і дзякуй Богу! / Я б мог быць з ёй, я б мог кахаць яшчэ, / Але ў душы святла зусім нямнога». Варта думаць, гэта не назаўсёды — прынамсі таму, што каханне ў гэтым зборніку мае выключную сілу. Тут багата вершаў-спадзяванняў, вершаўпрызнанняў і вершаў-развітанняў, але каханне можа лекаваць і несці святло, яно здараецца аднойчы і назаўсёды. Вершы, звернутыя да каханай, зграбныя, прыгожыя, далікатныя — тут усё класічна проста, няма трывіяльнага, няма вычварнага, але ёсць шчырае пачуццё. У рамантычнай сітуацыі вершы Аляксея Арцёмава будуць гучаць натуральна і ўзнёсла (на выпадак, калі нехта з чытачоў надумае нагадаць абранніцы пра свае пачуцці), і ў анталогію лепшых беларускіх вершаў пра каханне некалькі твораў, без сумніваў, патрапяць.

Настрой. Вершы Міхала Бараноўскага немагчыма чытаць як лірычны дзённік — гэта не рэфлексіі ці ўспаміны, якія належаць выключна аўтару і могуць быць прэзентаваныя іншым як нейкая цікавостка. Паэт уключае чытача ў свае развагі, у апісаныя перыпетыі, ён распавядае не пра сябе, а пра цябе, пра нас (гэтыя займеннікі ёсць ці не ў кожным вершы), і робіць гэта з першага ж эпіграфа: «Матчына, матчына, матчына. / Бацькава, бацькава, бацькава. / Гэта зямля ніколі не будзе тваёй...».

Зварот да чытача, уключэнне чытача ў твор робіць яго заангажаваным у тыя праблемы, якія вярэдзяць аўтара. Вядома, з ім можна не пагаджацца, але для гэтага трэба ўнурыцца ў тэкст яшчэ глыбей, каб вызначыць, чым адрозніваецца ўласны погляд на рэчы і ці дарэшты ты шчыры з самім сабой.

Большасць твораў па тэматыцы можна было б аднесці да грамадзянскай ці патрыятычнай паэзіі. Аднак яны абсалютна нехрэстаматыйныя: тут шмат моцных слоўцаў і вір эмоцый, аўтар часта збіваецца на крык, і разам з тым у зборніку шмат радкоў, за якія адразу даруецца нецэнзурная лексіка: «Пакуль мы расцем / Карэннем уніз, / А сэрцам цягнемся ўверх, / Яшчэ ёсць шанец застацца жывымі / Кветкамі па траве».

Адметнасці кнігі. Па-першае, для Міхала Бараноўскага больш чым для іншых аўтараў актуальны сацыяльны, палітычны, гістарычны кантэкст. Паэт выводзіць сваіх чытачоў на плошчы і праспекты, у творах шмат адсылак да класікі, але Кастусь Каліноўскі, Канстанцін Астрожскі, князьрыба і Зорка Венера аказваюцца ў абсалютна нечаканым, нелірычным атачэнні.

Другая адметнасць — дызайн выдання (малюнкі аўтара, мастацкае афармленне Ксеніі Шталенковай). Кніга, як і належыць, чорна-белая, але чорныя тут не толькі літары, але і геаметрычныя фігуры, невялікія замалёўкі. Гэтае афармленне не рэжа вока і дазваляе засяродзіцца толькі на тэксце, а пры жаданні — суаднесці ілюстрацыі са зместам, разгледзець чалавечкаў у дзіўных позах, задумацца над сімвалічнасцю чорных квадратаў.

Пра што. «Volumen.1» — таксама кніга пра любоў, ці, дакладней, пра тое, як яе не стае, як яна знікае: «Вось табе / Вера, / Надзея / І... / Прабач: памяць з часам не ззяе ярчэй. / Але я памятаю: / Нешта было, / Здаецца, было / Яшчэ...». Бракуе любові ў праклятым горадзе, на караблі, а тым больш на полі змагання, дзе з далоняў ваяроў сыплецца ў зямлю «зерне нянавісці і любові».

Як. Чорнае і белае, Каін і Абель, кветкі і нажы, агонь і снег у гэтай кнізе заўсёды побач. Міхал Бараноўскі асцерагаецца быць спакойным і лірычным (бо тэмперамент, дый колькі ўжо такіх паэтаў было), ён супрацьпастаўляе, выгуквае, падштурхоўвае. Нават пяшчотную мелодыю «Твае вочы сінія-сінія... / Быццам азёры чыстай вады...» перапыняе вокліч «Забі мяне», а далей «Як у кузні, / Звінела ўнутры жалеза, / Нешта біла, што моцы, па рэбрах у разнатакт...». Без моцнага, гучнага і цяжкога паэт абыходзіцца толькі ў некалькіх вершах, прысвечаных блізкім. Большасць твораў не ўкладаецца ў фармальныя схемы — тут ніяк не ўтрымацца ад параўнання з Уладзімірам Маякоўскім: падабенства не толькі ў абліччы верша, але і ў выключнай эмацыянальнай напружанасці. Кніга Міхала Бараноўскага абуджае — як гучны фолк-метал у цёплую вясновую раніцу, — разварушвае і падштурхоўвае брацца за справы. Не заўсёды і не пра ўсё можна казаць прыгожымі словамі, часам даводзіцца збівацца на крык і наогул гукаць мацней, бо...

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.