Вы тут

5 хвілін да катастрофы


Адносіны — цяжкая праца. Так, пра гэта кажуць не толькі са старонак жаночых часопісаў, але і з тэатральнай сцэны. Усе этапы кахання, якое часам штурхае на жахлівыя ўчынкі, усе этапы згасання пачуццяў, усе этапы руйнавання лёсаў — у «Тэктоніцы пачуццяў» Маладзёжнага тэатра.


Усё пачынаецца досыць пафасна, але жыццёва: мужчына сыходзіць ад жанчыны… за газетамі, на 5 хвілін. Як і для многіх закаханых, для іх гэтае развітанне можа падацца шматгадзінным, шматдзённым, хоць гаворка ў спектаклі ідзе пра людзей сталых, якія, здавалася б, могуць змагацца з гэтай дзіцячай адданасцю. Але «Тэктоніка пачуццяў» у нейкім сэнсе можа зруйнаваць міфы (ці, наадварот, пацвердзіць?) — тры пакаленні, якія прадстаўленыя ў п’есе, захіснутыя каханнем: ці то гэта маладыя дзяўчаты, ці жанчыны ўзросту нашых бабуль. На тое яна і Францыя: стэрэатып рамантычнага Парыжа спрацоўвае выдатна.

У гэтым тэатральным Парыжы вельмі хутка становіцца шэра і страшна, рамантыка кудысьці знікае, саступае месца драматычнай гульні герояў. За 5 хвілін расстання Дыяна (Наталля Анішчанка) разумее, што, напэўна, каханне пачало з часам знікаць — не, не ў яе, а ў Рышара (Канстанцін Міхаленка). Жанчыне пачынае здавацца, быццам газеты сталі цікавіць яго больш, чым яна, — з такой ракавой думкі і пачынаюць руйнавацца адносіны. У п’есе Эрыка-Эмануэля Шміта, па якой пастаўлены спектакль, аўтар нібы папярэджвае ўсіх, хто прачытае твор: ніколі не трэба шукаць праблем на пустым месцы, а тым больш — штучна іх ствараць. Магчыма, Дыяне проста стала сумна жыць — такое здараецца, калі ўсё добра. А ў яе менавіта так: жанчына працуе ў міністэрстве, мае некалькі кватэр у Парыжы, з ёй побач каханы мужчына, якому яна ўжо сто разоў адмаўляла ў шлюбе. Ці не казка? Але вось што: Рышар перастаў прапаноўваць Дыяне руку і сэрца, а гэта пачало хваляваць жанчыну, для якой прапанова была свайго роду гарантыяй стабільнасці адносінаў.

Але стабільнасць — не пра «Тэктоніку пачуццяў». Каханне ператвараецца ў жаданне адпомсціць, якое Дыяна хавае за маскай сябра (Рышар, як амаль усе мужчыны, прапанаваў былой каханай стаць сябрамі). Але хіба існуе сяброўства такога кшталту? Пытанне вечнае. Так ці інакш, добры сябра заўсёды хоча дапамагчы…

 Калі глядзіш другую работу рэжысёра Вікторыі Лугавой на сцэне Маладзёжнага тэатра (першай былі «Дзеці Ванюшына»), то падчас усяго спектакля не пакідае адчуванне, што ты бачыш іншую версію «Dreamworks» у пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага. Так, сцэнічная мінімалістычнасць дэталяў і тэма кахання яшчэ не могуць сведчыць пра падабенства двух спектакляў, але тут сапраўды шмат падобнага: Вікторыя Лугавая таксама выкарыстала відэашэраг, які цягам усяго спектакля дапамагаў зразумець унутраны стан герояў (хоць часам быў занадта відавочным і нават мог надакучыць). П’есы Вырыпаева і Шміта падобныя яшчэ і тым, што галоўныя гераіні аднолькава жадаюць «прыстроіць» да сваіх мужчын жанчыну, якую выбралі самі.

У «Тэктоніцы пачуццяў» такое жаданне мае крыху іншую прыроду: Дыяна ўсё ж робіць гэта не з добрым намерам, хоць напачатку так падаецца. Нібы паранены звер, яна ўжо не хоча ўспрымаць Рышара як каханага (а пачуццё не праходзіць), але не можа дазволіць яму так лёгка сысці — вось існасць моцнай жанчыны, якая ўжо перажывала развод з мужам. У п’есе Шміта большую частку займае помста, пафарбаваная ў дабрадзейнасць: мілая Дыяна знайшла выдатную кандыдатку — маладую і прыгожую румынку Анку (Лізавета Ільеўская), якой даводзіцца прадаваць сябе за грошы, дапамагла і ёй (уладкавала да багатага Рышара), і Рышару. Лёгка яна зруйнавала і пабудаваную ўласную сям’ю.

Наогул, «будоўлі» ў спектаклі шмат: героі пастаянна перастаўляюць вялізныя кубы, нібы збіраючы складанку, і па гэтых кубах, па іх рухах, можна заўважыць, якая розная складанка ў кожнага, як па-рознаму яны ўяўляюць адны і тыя ж рэчы, як узвальваюць куб за кубам на сябе, пераносяць і як ускладаюць гэты цяжар на плечы сябра. Словам, усё як у жыцці, толькі вельмі наглядна — быццам тлумачаць дзецям.

Увесь спектакль насамрэч можна растлумачыць словамі Дыяны (дарэчы, 2,5 гадзіны героі выказваюцца выключна словамі п’есы Шміта, не дадаючы ні кроплі імправізацыі): «Тэктоніка пачуццяў. Памятаеш, мы калісьці казалі пра гэта? Пачуцці ссоўваюцца, як зямная кара. Калі яна прыходзіць у рух, узнікаюць моцныя прылівы, землятрусы, цунамі, вывяржэнні вулканаў... І мы толькі што перажылі гэтыя стыхійныя бедствы. З гонару, з недарэчнай паспешлівасці я стала маніпуляваць пачуццямі і справакавала катастрофу». Пасля катастрофы існаваць можна — будаваць усё наноў, вучыцца жыць, адчуваць і давяраць з нуля. Асабліва калі гэта ў тэатры і глядзіш на ўсё выключна збоку.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.