Вы тут

Сэрца роднае...


Трагічны шлях Багдановіча ў кантаце на словы паэта

Прэм’ера кантаты адбылася падчас аўтарскага вечара беларускага кампазітара Уладзіміра Грушэўскага, што ладзіўся ў малой зале Белдзяржфілармоніі пад назвай «Музыка для каханай».


Як адзначыў сам Уладзімір Грушэўскі, гэтая падзея стала самай значнай у яго творчай біяграфіі: да канцэрта ў зале філармоніі ён ішоў усё жыццё. Невыпадкова, што мара кампазітара ажыццявілася менавіта ў дзень яго юбілею. На дадзены момант Уладзімір Грушэўскі ахапіў у сваёй творчасці амаль усе жанры музычнага мастацтва, акрамя тэатральных, аднак галоўным кірункам кампазітарскай дзейнасці ён лічыць вакальную музыку. Заканамерна, што пасля інструментальных мініяцюр прагучала прэм’ера кантаты «Сэрца роднае» на вершы беларускага класіка Максіма Багдановіча ў адмысловым выкананні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага хору Беларусі. Калектыў вядомы не толькі высокім узроўнем майстэрства, але і як папулярызатар твораў беларускіх кампазітараў: для яго спецыяльна пісалі творы І. Лучанок, А. Мдзівані, Л. Захлеўны, А. Бандарэнка, В. Капыцько, Л. Сімаковіч, А. Атрашкевіч, Я. Паплаўскі, А. Залётнеў, Дз. Лыбін.

Уладзімір Грушэўскі адзначыў, што дырыжор хору і яго мастацкі кіраўнік заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава здолела ў поўнай меры прачытаць мастацкую канцэпцыю кантаты і раскрыць творчую задуму кампазітара. Асноўная ідэя твора — увасабіць трагічны жыццёвы шлях вялікага беларускага паэта, таму драматургія кантаты развіваецца па прынцыпе паступовага руху да трагічнай развязкі. Уражаннямі ад работы над кантатай падзялілася Наталля Міхайлава:

— Харавую музыку Грушэўскага беларускі слухач адкрыў значна раней, чым на юбіленым вечары: на адным з канцэртаў да з’езду Саюза кампазітараў некалькі частак з кантаты ўжо прагучалі. Але цалкам кантату беларуская публіка змагла пачуць толькі на мінулым канцэрце. Выконваць твор было як даволі складана, так і вельмі цікава. Музычная мова кантаты няпростая ў адрозненне ад інструментальнай музыкі Грушэўскага, але адчуваецца асноўны творчы прынцып кампазітара — мелодыка, завершанасць музычных фраз. Можна адчуць пазіцыю аўтара да тэкстаў Багдановіча, што значна спрыяла дакладнасці ўвасаблення кампазітарскай задумы. Над кантатай працавалі супольна: абодва бакі (і кампазітар, і дырыжор) ішлі на саступкі дзеля адной галоўнай мэты — найлепшага выканання. Для дзяржаўнага камернага хору гэты вечар стаў значнай падзеяй у творчай біяграфіі: канцэрт даў магчымасць праявіць талент маладым салістам. Напрыклад, тэнар Арцём Пякарскі атрымаў шчаслівы шанс пачаць сваю творчаю кар’еру. Спадзяёмся, што аўтар кантаты застаўся задаволены вынікам нашай супольнай працы.

Увогуле, канцэрт Уладзіміра Грушэўскага можна назваць вечарам прэм’ер. Акрамя кантаты, упершыню былі выкананы такія інструментальныя п’есы, як «Балалайка-сірацінка», «Першы снег», Скерца для дзвюх скрыпак і фартэпіяна, а таксама рамансы на вершы Ю. Воранава. Кампазітара цікавяць рознахарактарныя паэтычныя тэксты. Сам Грушэўскі пракаментаваў свой прынцып адбору літаратурнай першаасновы для вакальных твораў такім чынам:

— Галоўнае, каб верш мяне захапіў. Напрыклад, да паэмы Міколы Гусоўскага я звяртаўся сем разоў! І кожны раз адкрываў у гэтым адвечным творы нешта новае! (на тэкст паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра» Грушэўскі стварыў араторыю «Гусаўца голас». — Заўв. аўт.).

Парадаваў слухачоў Грушэўскі і найбольш знакамітымі сваімі творамі, якія ўжо сталі класікай студэнцкага рэпертуару. Прагучала Таката для баяна № 2 у выкананні студэнта Мінскага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Дзяніса Тапуця. Гэтая невялікая, але вельмі яркая віртуозная п’еса не першы год з’яўляецца абавязковым творам для баяна на Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча, а на міжнародным конкурсе у Клінгентале (Германія) — самым прэстыжным для баяністаў. Таката № 2 Грушэўскага была прызнана лепшай п’есай сучаснага кампазітара.

Юбілейны вечар Уладзіміра Грушэўскага адзначылі прысутнасцю вядомыя сучасныя кампазітары і дзеячы мастацтваў Беларусі: Віктар Войцік, Галіна Гарэлава, Уладзімір Кур’ян, Радаслава Аладава, Надзея Бунцэвіч. Як адзначыў Грушэўскі, «у Беларусі вельмі моцная кампазітарская школа, у кожнага аўтара свой непаўторны стыль. Музыка В. Кузняцова, Г. Гарэлавай, В. Войціка, С. Картэса, В. Капыцько, У. Кур’яна, а таксама кампазітараў новага пакалення В. Падгайскай і К. Яськова павінна выконвацца ў нашай краіне і па-за яе межамі».

Шмат часу кампазітар аддае выдавецкай дзейнасці. Так, дзякуючы выдавецтву Грушэўскага свет пабачылі ўжо больш за сорак зборнікаў нотнай літаратуры, дзе прадстаўлены шырокі пласт вучэбнага і канцэртнага рэпертуару з п’ес менавіта сучасных беларускіх аўтараў.

 Кампазітар натхнёны новымі творчымі задумамі, плануе звярнуцца да канцэртнага і сімфанічнага жанраў. Уладзімір Грушэўскі паведаміў, што ідэю стварэння сімфоніі ён выношвае ўжо цягам дзевяці гадоў і, адчуўшы прыліў сіл пасля канцэрта, у хуткім часе возьмецца за яе ўвасабленне. Спадзяёмся, што поспех «Музыкі для каханай» дасць кампазітару імпульс для далейшай творчай дзейнасці.

Варвара ЦАРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».