Вы тут

Пільнуйце дзяцей


Сяджу на прыпынку каля самага КПП дэсантнай брыгады, чакаю патрэбнага мне чалавека. У павільёне некалькі мужчын і жанчын пенсійнага ўзросту. І раптам паяўляецца хлопчык гадоў пяці, які пытаецца ва ўсіх разам: «Дзе мая мама?» Дарослыя разгублена пераглядваюцца, першым дае рады даволі маладжавы і энергічны мужчына, па выглядзе, былы вайсковец. Ён настойліва просіць дзіця адысці ад дарогі, да якой літаральна некалькі метраў, і пачынае задаваць пытанні: «Як цябе завуць? Дзе ты жывеш? Як завуць маму? Чаму ты аказаўся адзін?» Дзіця крыху блыталася ў сваіх расказах, было відно, што малы фантазіруе. І калі напачатку ён выглядаў разгубленым, гатовым заплакаць, то з нарастаннем увагі дарослых да яго персоны малы яўна падбадзёрыўся.


І тут мы заўважылі маладую жанчыну, якая літаральна кідалася ва ўсе бакі, а потым пакрочыла ў бок прыпынку, заўважыўшы людзей. Ужо здалёк убачыла сына, падбегла, абхапіла яго: «Ну колькі можна, Саша!» Ваенны пенсіянер стаў адразу ўшчуваць: «Ну што ж вы, мамачка, малога не глядзіце! Тут дарога побач, машын поўна!» Яна толькі перавяла дух і загаварыла: «Гэта стыхійнае бедства, а не дзіця. Ён пры сабе, калі толькі моцна трымаеш за руку. Варта адвярнуцца — як недзе адбег і нешта ўтварыў. Ужо сёння на мяне ахоўнік у краме сварыўся за недагляд. Пакуль я разлічвалася на касе, ён падышоў да ахоўніка і сказаў, што за ім гоняцца тэрарысты. Доктар гаворыць, што цяпер гіперактыўных дзяцей шмат, ім трэба больш увагі, чым звычайным. Усе мяне вінавацяць... і муж. Хіба можна яго цэлыя суткі трымаць за руку?» — уздыхнула яна і пацягнула за сабой малога.

Людзі на прыпынку сталі згадваць унукаў, даўнія гісторыі са сваімі дзецьмі, разгаварыліся, хоць да гэтага сядзелі моўчкі. Аўтобус тут ходзіць рэдка, аказалася, кожнаму ёсць што ўспомніць. Ды добра, калі прыгоды добра заканчваюцца, як з нашым малым выпадковым знаёмым. На жаль, бывае інакш.

У тым мікрараёне Брэста, дзе я жыву, 9 мая з балкона на сёмым паверсе выпаў сямігадовы хлопчык. Урачы сказалі, што ў кашулі нарадзіўся. Атрымаў пераломы, але з першага дня ў бальніцы быў у прытомнасці, стан ацэньвалі як здавальняючы. Потым упэўнена пайшоў на папраўку. Хлопчык быў тады адзін дома. Яны жывуць удваіх з мамай. У той дзень яна працавала. А ён з нецярпеннем чакаў яе, пайшоў выглядваць на балкон, калі яна паявіцца на дарозе. Потым залез на невялікую шафку, якая там стаяла, не ўтрымаў раўнавагу і выпаў у адчыненае акно.

Крыху раней, у красавіку, у Драгічынскім раёне ў меліярацыйным канале ўтапілася двухгадовае дзіця. Маці пакінула яго на дварэ на некалькі хвілін, зайшла ў дом, каб выняць бялізну з пральнай машыны. Калі вярнулася, сына на ўчастку не аказалася, пабегла з двара, паклікала на дапамогу. Але было ўжо позна.

І вось новае сумнае паведамленне. У мінулыя выхадныя ў аграгарадку Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна з акна чацвёртага паверха інтэрната выпала трохгадовае дзіця. Цяпер хлопчык знаходзіцца ў бальніцы, стан яго ўрачы ацэньваюць як цяжкі. Ён гуляў з сястрой у калідоры без нагляду дарослых. Потым адбег ад яе і выпаў з акна, якое было адчынена, на казырок прыбудовы.

Заўважана, што з наступленнем цяпла колькасць трагічных здарэнняў расце. Дарослыя адчыняюць вокны, дзеці выпадаюць з акон. У мінулым годзе на гэту тэму давялося размаўляць з цяперашнім дэпутатам парламента Леанідам Цупрыкам. Леанід Аляксандравіч тады сказаў, што варта ініцыяваць узмацненне адказнасці бацькоў за недагляд дзяцей. Але пры гэтым заўважыў, што ў сваім дзяцінстве разы два быў дакладна на мяжы паміж жыццём і смерцю. Вырас у сям'і вясковых настаўнікаў, якія шмат працавалі...

Вельмі цяжка вінаваціць маму хлопчыка, які выпаў з балкона сёмага паверха. Кватэра была зачыненая, балкон таксама. Усяго не прадугледзіш, тым больш што дзіця ўжо старэйшае за немаўля. А вось у выпадку з двух-, трох-, чатырохгадовымі бацькі павінны ствараць бяспечныя ўмовы заўсёды, кожную мінуту. Як кажа мая суседка, бабуля дваіх унукаў, у цяперашніх дзяцей паніжанае пачуццё бяспекі. Яны амаль з першага года жыцця знаёмыя з віртуальнымі гульнямі, ім і жыццё падаецца гульнёй. І заўсёды ж цікава зазірнуць куды-небудзь уніз, за мяжу, не асэнсоўваючы, што рэальнасць там не віртуальная. Абавязак дарослых гэта ўлічваць.

І яшчэ. Цяпер бацькамі становіцца пакаленне, якое вырасла на камп'ютарах, тэлефонах, адным словам, у інтэрнэце. Яны шмат часу праводзяць, завісаючы ў сетках. А гэта дакладна не на карысць іх малым дзецям, якія спрабуюць вывучаць гэты свет самастойна. Каб дзеці заставаліся жывымі і здаровымі, трэба іх лепей глядзець. Іншага пакуль не дадзена.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.