Вы тут

У кожнага свая чаша


Гэтым разам пачну з анекдота на злобу дня.


Прэстыжна апрануты мужчына трапіў пад дождж. Ідзе па вуліцы ў сваім атласным пінжаку ды лакавых чаравіках злосны-злосны, думае сам сабе: «Што ж гэта за надвор'е, што за дзень такі няўдалы!» Насустрач яму крочыць ускалмачаны дзядзька ў дзіравым касцюме з чужога пляча ды ў адным чаравіку і шчыра ўсміхаецца на ўвесь рот.

— Як ты можаш усміхацца? Такое жудаснае надвор'е! Ды яшчэ і чаравік згубіў!

— Ды не згубіў я яго... А знайшоў!

...Год таму знаёмы, які выхоўвае дачку з ДЦП, згубіў тэлефон. А там усе рэабілітацыйныя праграмы для дзяўчынкі. Дзмітрый адразу ж развесіў на кожным слупе аб'яву: хто знойдзе, гарантую годную ўзнагароду. Але так ніхто і не адгукнуўся... І вось праз нейкі час мужчына падзяліўся навіной: маўляў, здарыўся цуд. Трапілі з дзецьмі ў аварыю. Усе засталіся жывыя, дзякуй богу. Аўтамабіль аднаўленню не падлягае. Але знайшоўся тэлефон — ён, аказваецца, заваліўся за крэсла ў машыне. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце памагло.

Я ўжо даўно заўважыла, што вельмі часта перамены да лепшага адбываюцца праз горшае. Тым не менш, калі чарговы раз пачынаю нызгаць, што штосьці адбылося не так, як бы мне хацелася (ці чую ад іншых «Божа, за што мне гэта?»), як правіла, успамінаю Людмілу Іванаўну. І яе заўсёдную ўсмешку. Зараз жанчыне 60. Яна займаецца любімай справай і вандруе па свеце разам са сваім другім мужам. Я ніколі ў жыцці не чула, каб гэтая жыццялюбка скардзілася на свой лёс. Хоць ён у яе вой які няпросты. Калі, здаецца, жыццё толькі пачыналася, у першага мужа здарыўся інсульт, паралізавала палову цела. Многія «добразычліўцы» раілі жанчыне адвезці яго да маці, а самой пачаць новае жыццё. Але Людміла Іванаўна, па-першае, кахала мужа. Па-другое, ні кроплі не сумнявалася, што калі Бог пасылае нейкае выпрабаванне, гэта не проста так. Яна аддана даглядала мужа больш як 10 гадоў, да самага апошняга яго дня. І ніколькі не пашкадавала пра гэта. Больш за тое, пераканана, што, калі б адмовілася ад выпрабавання, то яе далейшы лёс не склаўся б так добра.

А нядаўна сяброўка напісала на сваёй сцяне ў сацыяльных сетках пост у тэму. «Укладзі меч у ножны. Няўжо я не стану піць чашу, якую даў мне Айцец?» Так Ісус сказаў Пятру, калі той адсек вуха рабу першасвятара. Ісус ведаў, што з ім павінна адбыцца (Пётр з Іудам прыйшлі ў сад, каб схапіць яго), і хацеў выканаць Божую волю, нягледзячы на пакуты, якія яго чакалі. Таму што Божая задума — гэта заўсёды найлепшае, што з намі можа адбыцца. І я, у надзеі на Яго, п'ю сваю чашу. Яна не напоўнена напалову, як у аптыміста, не пустая напалову, як у песіміста. Яна заўсёды поўная, і выпіць да дна яе немагчыма. Яна бясконцая, яна неспусташальная. Укладзі меч у ножны — не змагайся з Богам. І пі сваю чашу, таму што табе яе даў Айцец Нябесны. Не зайздросці, не прагні памяняць на лепшую. Таму што ўсё найлепшае, што ён падрыхтаваў іншаму, не падыходзіць для цябе. Чужая чаша ў тваіх руках адразу страціць свае ўласцівасці. Пі сваю, бо Ён рыхтаваў яе менавіта для ЦЯБЕ».

— Вось умееш ты так своечасова спыніць стужку, — адрэагавала на гэты пост агульная знаёмая. — Дзякуй за патрэбныя словы.

— Гэта не я. Гэта Ён, — адказала Таня.

— Твая чаша — нагадаць!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Каментары

Проникновенно. Прочитала на одном дыхании. Очень здорово написано. Тема серьезная, глубокая, а подача ее легкая. Браво автору! P.S. Теперь, как увижу статусы и посты у кого-нибудь в соцсетях в духе "В чем смысл жизни?", обязательно буду сбрасывать ссылку на Ваш текст.
Шчыра дзякую за водгук!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.