Вы тут

Бабруйскія паштавікі прасочаць увесь шлях станаўлення службы ў раёне


Да нядаўняга часу пра бабруйскі перыяд існавання пошты мала што было вядома. Пачалося ўсё з таго, што намеснік начальніка Бабруйскага вузла паштовай сувязі Вольга Петражыцкая стала збіраць у асобную папку фота былых супрацоўнікаў, каб потым зрабіць нешта накшталт памятнага стэнда. А пасля і іншых захапіла. Інструктар па эксплуатацыі Аляксандр Бебчык так уцягнуўся ў гэты працэс, што цяпер апелюе гістарычнымі фактамі і тэрмінамі не горш за сапраўднага музейшчыка. Прызнаецца, што з дзяцінства быў захоплены гэтай навукай, а таму да фарміравання будучых паштовых музейных фондаў аднёсся з поўнай адказнасцю. Працаваць на пошту ён прыйшоў у 1988 годзе і застаў той перыяд, калі яшчэ было форменнае адзенне — сінія штаны, спадніцы, пінжакі з фірменнымі гузікамі. Пасля распаду Саюза форму адмянілі, а замест лагатыпа ў выглядзе маланкі з'явіўся ражок. Здавалася б, зусім мала часу прайшло, але сёння знайсці тую форму ўжо праблема.


Марым стварыць працоўнае месца сярэдзіны мінулага стагоддзя».

Пакуль экспанатаў няшмат: акрамя фотаздымкаў, штампы, бланкі, тэхніка. Гэтым усім яшчэ нядаўна карысталіся, але для сучасных паштовых работнікаў, лічы, учарашні дзень. Цяпер усюды камп'ютары, аўтаматыка.

— З 1944 па 1954 год існавала Бабруйская вобласць, але амаль нічога з паштовых экспанатаў гэтага перыяду не засталося, — кажа Аляксандр. — Цудам захаваліся кантрольныя пячаткі з надпісам «Бабруйскае абласное ўпраўленне сувязі». Мы збіраемся стварыць працоўнае месца паштовага работніка сярэдзіны мінулага стагоддзя і паказаць гэтыя рарытэты. Побач пакласці лічыльнікі, паставіць сургучніцу, вагу паштовую, нумаратары, якія выкарыстоўваліся ў 60—70-я гады. Цяпер усе паштовыя адпраўленні ідуць са штрыхавым ідэнтыфікатарам, а раней заказныя лісты нумараваліся. І там, дзе было шмат кліентаў, выкарыстоўваліся нумаратары. Для пошты гэта ўжо гісторыя, з якой цікава будзе пазнаёміцца нашым наведвальнікам. А яшчэ яны ўбачаць імітацыі каштоўных пакетаў, бандэроляў. На нядаўняй выстаўцы ў Бабруйскім краязнаўчым музеі, якая была прысвечана гашэнню канверта ў гонар таго, што сёлета Бабруйск — культурная сталіца, мы ўжо дэманстравалі свае знаходкі. І пасылкі, апячатаныя сургучом, выклікалі вялікую цікавасць. Людзі пачалі ўспамінаць маладосць, дзяліцца ўражаннямі.

Цяпер не існуе не толькі Бабруйскай вобласці, але і таго агульнага прадпрыемства пошты і электрасувязі, якое было раней. Сёння гэта дзве самастойныя службы. Але аб былых часах нагадвае працоўны сцяг 1923 года з чырвонага аксаміту з залатой вышыўкай. Калісьці ён належаў Бабруйскай акруговай канторы сувязі. А цяпер знаходзіцца ў музейным кутку гарадскога вузла электрасувязі. І паштавікі мараць, каб яго перадалі ім.

— З гэтым сцягам нават звязана легенда, — усміхаецца Аляксандр. — Старыя супрацоўнікі расказвалі, што сцяг падчас вайны быў вывезены ў Германію. Напэўна, нейкі немец не разабраўся, што ён не воінскі, а працоўны, і прыхапіў у якасці трафея. А потым сцяг вярнуўся дадому.

Кожная новая рэч у калекцыі ўспрымаецца як сапраўдная знаходка. Другое паштовае аддзяленне перадала электрамагнітны штампелявальны апарат. З яго дапамогай раней рабіўся адбітак на канверце з пазначэннем нумара аддзялення і даты. Дарэчы, апошні раз ім карысталіся ў 1977 годзе.

Нечаканым сюрпрызам стала пераводная кніга 40-х гадоў. Яна знайшлася ў металічным сейфе паштовага аддзялення сувязі ў Брожы. У такіх кнігах фіксаваліся пераводныя аперацыі з грашыма. Такога ўжо даўно ўручную ніхто не робіць. Але кніга нейкім цудам захавалася. Прычым у добрым стане.

— Хацелі б нешта знайсці з даваенных часоў, — кажа Аляксандр. — Працуючы ў нашым архіве, аднойчы наткнуўся на эвакуацыйнае пасведчанне, якое было выпісана работніку сувязі 26 чэрвеня 1941 года, напярэдадні прыходу ў Бабруйск немцаў. Не менш цікавая паперка — заява аб прыёме на працу, якая напісана на нямецкім дакуменце.

Легендарны сцяг.

Пошукі адымаюць шмат часу, але інфармацыі шмат. У інтэрнэце можна знайсці ўсё, што душа пажадае. Ёсць паштовыя ўставы 1857 года ў электронным выглядзе. Гэта правілы, па якіх працавалі паштовыя служачыя. Купіць арыгіналы праблематычна, але можна раздрукаваць копіі. Будзе магчымасць пагартаць дакумент, якому 150 гадоў. А яшчэ паглядзець на паштовую карту Мінскай губерні 1821 года, калі Бабруйск уваходзіў у яе склад. Там распісаны ўсе паштовыя дарогі, пазначаны паштовыя станцыі. Яшчэ адзін цікавы дакумент — гаспадарчы інвентар Бабруйскага староства 1639 года. У ім згадваюцца чатыры гарадскія мешчаніны, якія працавалі «служкамі путнымі», або, як іх тады яшчэ называлі, — «казакамі». У інвентары апісана, што ў іх абавязкі ўваходзіла перасылка лістоў або грошай з каралеўскага замка ў Бабруйску «куды іх урад (выканаўчы орган) пашле».

Цікавасць да сваёй гісторыі яшчэ больш згуртавала паштовых работнікаў. Працэс даўно стаў агульнай справай. Нядаўна на сайце аўкцыёнаў інструктар па эксплуатацыі Ксенія Чэмяжэўская набыла Правілы калгасных паштальёнаў. Аказваецца, былі і такія: паміж аддзяленнем сувязі і калгасам заключаўся дагавор. Каштавалі гэтыя Правілы адносна нямнога. У адрозненне ад таго ж кавалка сургучу, за які прасілі прыкладна 10 рублёў. За свае грошы тут набываюць значкі на фірменнае адзенне. І мараць купіць значок ударніка сацыялістычнай працы народнага камісарыята сувязі. Аднойчы была такая магчымасць, але ўзніклі сумненні наконт яго арыгінальнасці. Супрацоўнікі пошты старэйшага пакалення ахвотна ахвяруюць сямейнымі фотаархівамі. Сваімі фота падзялілася ветэран працы, якая сёння ўжо на пенсіі, былы намеснік начальніка вузла сувязі Ніна Захараўна Цітова. Яшчэ адзін работнік абяцаў фотаздымак сваяка, які працаваў у Бабруйску ў паштовай канторы да рэвалюцыі.

— Усё сыходзіць, сыходзяць і людзі, — уздыхае Аляксандр Бебчык. — У канцы 80-х я яшчэ застаў тых работнікаў, якія прыйшлі працаваць сюды да вайны і пасля. Дарэчы, на даваенных фота вельмі мала жанчын. Мы знайшлі статыстычны даведнік БССР за 1924 год, дзе напісана, што ў Бабруйскай канторы сувязі працаваў 61 чалавек і з іх 49 — мужчыны. А ў Памятнай кніжцы 1878 года даецца спіс работнікаў, дзе таксама адны мужчыны. Зараз сітуацыя цалкам перамянілася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фота з архіва Бабруйскага вузла паштовай сувязі

Загаловак у газеце: З гісторыі «служак путных»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.