Вы тут

Як кашуля ў полі вырасла


Добры дзень, дарагая рэдакцыя! Чытаю ўважліва «Сямейную газету», хоць мне гэта ўжо, можа, і не трэба, бо я з 1935 года. Але раблю гэта па звычцы, па традыцыі, дзялюся прачытаным з роднымі і знаёмымі.

Дык вось, раздумваю, што самае старажытнае, самае нявывучанае, вечна патрэбнае ў жыцці — гэта выхаванне чалавека ад нараджэння да старасці. Нездарма ў народзе кажуць: век вучыся, а дурнем памрэш. Можа, таму ні з якім працэсам не было столькі маніпуляцый, рэфармавання, як з адукацыяй і выхаваннем — і ўсё каб лепш. Сама ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай у школе, таму ведаю гэта не па чутках.


Але ўсё ж першаснай і пастаяннай школай выхавання з'яўляецца сям'я. Адсюль пачынаецца жыццёвы ўклад і ўбіраецца вопыт кожнага. У наш час яшчэ з'явіліся тэхнічныя сродкі, якія ўзялі на сябе ролю дапамогі сям'і ў выхаванні. І ў першую чаргу — тэлевізар. Дзеці ўжо з двух, і нават раней, гадоў не адрываюцца ад экрана, калі паказваюць мульцікі. Тут цудоўныя карцінкі, зразумелы змест — усё гэта бярэ ў палон увагу малых.

У мяне ёсць праўнучак Мікітка. Яму 4 гадкі. О! Колькі ён можа расказаць казачак, якія словы мудрагелістыя ўжывае, проста дзіву даешся. Ды не проста перакажа, а нават даслоўна змест помніць... Вось і пішу гэты ліст з нагоды, што хачу паразважаць пра мульцікі, бо яны аказваюць дужа вялікі ўплыў на дзяцей. Яшчэ і мае дзеці, сын ды дачка, з нецярплівасцю чакалі трансляцыі «Ну, пачакай!», ведалі і цытавалі твор. Дык у мяне жыве такая думка: няхай бы гэтыя мульцікі ўключалі ў сябе навучальны змест. Напрыклад «Як расце хлеб», «Як каша на стол прыйшла». Гэта ўсё можна зрабіць займальна і цікава, запамінальна. Часткова гэта ёсць у форме казкі «Пасадзіў дзед рэпку», «Машачка і мядзведзь» і інш. Але гэта мізэр для выхавання. Мне яшчэ прыйшла гэта думка вось чаму: я ўспомніла хрэстаматыю майго дзядулі (шкада, што не захавалася). У ёй было ўсім вядомае апавяданне «Як кашуля ў полі вырасла». Апавяданне было багата ілюстраванае, і як цяпер бачу малюнак дзяўчыны ў чырвоным сарафане, якая прадзе лён на верацяно. У апавяданні і па малюнках бачым увесь працэс ад зярняці да сувою палатна. Капіраваць не абавязкова, а стварыць арыгінальнае можна. А то дзеці вырастаюць і элементарных рэчаў не ведаюць.

Выкладчык біялогіі расказваў, што некаторыя студэнты не маглі адрозніць колас пшаніцы, ячменю, жыта і вучыліся гэтаму ў ВНУ. А паспрабуйце запытацца ў падлетка, з якога зярняці атрымліваюць проса або з якой культуры робяць ячныя крупы, — упэўнена, не скажуць.

А дзеці ж цікаўныя. Што запомняць у раннім маленстве — усё жыццё будуць помніць. Прыехаў мой Мікітка да мяне летам, і пайшлі мы маладую бульбачку выбіраць. Я расказваю яму: пасадзіш вясной адну невялікую бульбіну, а з яе вырасце во колькі, можна двум чалавекам пад'есці.

— А як маю машынку пасадзіць, таксама вырастуць машынкі?

— Толькі з жывога можа вырасці, а машынку чалавек зрабіў, яна нежывая.

Дзівіцца ўнучак, што боб ці фасоліна жывыя...

Ілюст­ра­цыі да апа­вя­дан­ня Кан­стан­ці­на Ушын­ска­га  «Як ка­шу­ля ў по­лі вы­рас­ла».

Трэба дзецям  паказваць, як што расце, пра зямельку-карміцельку расказваць, ашчаднасці вучыць. Прагрэс прагрэсам, добра і робаты, і машыны, а зямелька і ўсё жывое найперш дабрыню любяць. Неабходна знаёміць з гэтым дзяцей з самага малога ўзросту. Бо калі пачынаюць вучыць батаніку, то яна павінны паглыбляць веды, а не даваць азы. «Зямля — аснова ўсёй Айчыне», — казаў Колас. Яна нас корміць і поіць.

Яўгенія КУЛЕВІЧ, в. Сялец, Смаргонскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».