Вы тут

Штогод Нацыянальны архіў Беларусі наведвае звыш дзвюх тысяч чалавек


Напярэдадні свайго 90-годдзя адзін з вядучых архіваў Беларусі сабраў за круглым сталом у Акадэміі навук гісторыкаў, архівістаў і экспертаў. Акрамя абмеркавання надзённых пытанняў і перспектыў у развіцці архіўнай справы, было прэзентавана гісторыка-дакументальнае выданне, якое расказвае пра асноўныя гістарычныя вехі ўстановы.


У тым ліку — пра лёс архіва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З-за імклівага наступлення ворага Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі, як ён тады называўся, не паспелі эвакуіраваць. Частка дакументаў беззваротна знікла. Ужо пасля вайны ўсяго толькі 30 тысяч спраў адшукалі ў Магілёве, каля 50 тысяч спраў знаходзілася ў Рызе — немцам так і не ўдалося вывезці іх у Германію. Збор дакументаў пачыналі амаль з нуля.

Сёння гэта найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі Беларусі XX стагоддзя, першыя з якіх датуюцца 1917-м годам. Нацыянальны архіў захоўвае звыш 1,1 мільёна спраў, якія займаюць амаль 40 тысяч метраў стэлажных паліц — менавіта такая адлегласць ад Мінска да Сілічаў.

— У апошні час значна ўзрасла цікавасць грамадзян да архіваў, — адзначыў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар КУРАШ. — І гэта датычыцца не толькі даследчыкаў. Усё больш і больш людзей шукае свае карані, хоча ведаць усё пра сваё паходжанне.

Штогод Нацыянальны архіў наведвае больш за дзве тысячы чалавек. Магчыма, гэта звязана і з тым, што спрасціўся доступ да дакументальных крыніц. Кандыдат гістарычных навук Уладзімір АДАМУШКА, які шмат гадоў узначальваў дэпартамент па архівах і справаводстве, стаяў каля вытокаў укаранення ў архіўную справу сучасных тэхналогій. «У першую чаргу ў «лічбу» пераводзяцца асабліва каштоўныя і ўнікальныя дакументы, а таксама страхавы фонд, — расказвае гісторык. — Акрамя таго, гэта датычыцца навукова-даведачнага апарату: цяпер карыстальнік можа націснуць адпаведную кнопку і паглядзець, дзе і што знаходзіцца. У такім выпадку чалавек менш заказвае спраў: архівы, як і людзі, не любяць стрэсу. Але ў гэтай сітуацыі не трэба гнацца за колькасцю. Мала перавесці дакумент у лічбавы фармат, трэба зрабіць для яго навукова-даведачны апарат, прызначыць яму адпаведнае месца, вызначыць выкарыстанне. У той жа час перавод дакументаў у лічбавы фармат — не панацэя: яшчэ ніхто ў свеце не вызначыў, колькі часу захоўваецца лічбавая копія».

Сёння Нацыянальны архіў уяўляе сабой не толькі адно з найбуйнейшых сховішчаў дакументальнай інфармацыі нашай краіны, а і з'яўляецца значным грамадска-культурным цэнтрам. Папулярызацыя дакументальнай спадчыны — адна з асноўных яго задач. Пачынаючы з 2007 года супрацоўнікамі архіва падрыхтавана 95 выставак, за гады існавання выдадзена 171 кніга: зборнікі дакументаў і даведнікі.

— Дзякуючы супрацоўніцтву вучоных і архівістаў фактычна створана фундаментальная аснова для далейшага развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, — перакананы акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук, член-карэспандэнт Аляксандр КАВАЛЕНЯ. — Без гэтай фундаментальнай асновы казаць аб ідэалагічнай рабоце, развіцці культуры, мовы і літаратуры немагчыма.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дакументальная скарбніца краіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?