Вы тут

Матэматыка адваёўвае страчаныя пазіцыі


У наступным навучальным годзе ў сямікласнікаў беларускіх школ зменшыцца колькасць гадзін на вывучэнне хіміі, затое павялічыцца колькасць гадзін на вывучэнне матэматыкі. Пра гэта расказала на сустрэчы з журналістамі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА.


— Хімія будзе выкладацца ў сёмым класе ў аб'ёме адной гадзіны на тыдзень, — растлумачыла спецыяліст. — Спецыялісты міністэрства вывучалі сітуацыю з гэтым прадметам у Расіі і Казахстане. Там таксама на яго адводзіцца ў сёмым класе толькі адна гадзіна, і гэта хутчэй падрыхтоўчы, уводны курс у хімію. У савецкай школе, нагадаю, хімія вывучалася на працягу чатырох апошніх гадоў, а мы цяпер адводзім на яе вывучэнне пяць гадоў. У восьмым і дзявятым класе хімія ў школьным раскладзе будзе займаць ужо дзве гадзіны на тыдзень. А вось на матэматыку сямікласнікам цяпер будзе выдзяляцца пяць гадзін на тыдзень замест чатырох. Калі ў пятых і шостых класах школ і гімназій раней прадугледжвалася аднолькавая колькасць гадзін на матэматыку, то пачынаючы з сёмага класа гімназісты мелі пэўную перавагу перад школьнікамі ў аб'ёме адной лішняй гадзіны. Цяпер такая няроўнасць будзе ліквідаваная. Але гэта не азначае, што павялічыцца аб'ём тэорыі па матэматыцы, проста ў настаўніка і вучняў будзе больш часу, каб адпрацаваць і замацаваць атрыманыя веды на практыцы.

Святлана Уклейка нагадала, што пачынаючы з 2015/2016 навучальнага года распачаўся паэтапны пераход на адносную завершанасць адукацыі на ІІ ступені школы. На працягу бягучага навучальнага года абноўленыя вучэбныя праграмы дзейнічалі ўжо ў першых, другіх, пятых, шостых, дзясятых і адзінаццатых класах. Але, як сведчыць практыка, апрабацыя новых праграм патрабуе ўнясення пэўных карэктыў, таму з 1 верасня вучэбныя праграмы будуць адкарэктаваныя ва ўсіх класах і па ўсіх дысцыплінах.

Усе вучэбныя праграмы пераглядаюцца і аналізуюцца на прадмет захавання міжпрадметных сувязяў і іх практыкаарыентаванасці. Скажам, вучэбныя праграмы па фізіцы аналізуюцца спецыялістамі па матэматыцы і хіміі, па хіміі — адпаведна матэматыкамі і фізікамі і гэтак далей.

Змяненні ў школьнай праграме закранулі і фізіку: яе вывучэнне цяпер распачынаецца на год пазней — з 7 класа, але агульная колькасць вучэбных гадзін, адведзеных на вывучэнне фізікі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, засталася нязменнай, паколькі ў 9-м класе будуць ужо не два (як цяпер), а тры ўрокі фізікі на тыдзень.

Цяпер ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваецца 259 найменняў падручнікаў. Летась было выдадзена 8 прынцыпова новых падручнікаў, у гэтым годзе плануецца выдаць 41. Большая іх частка падрыхтаваная для пачатковых і сярэдніх класаў. Толькі ў сёмым класе з'явіцца 12 падручнікаў новага пакалення, напрыклад, па алгебры, геаметрыі, фізіцы, мовах, гісторыі, геаграфіі... Паступаць ва ўстановы адукацыі яны пачнуць ужо з ліпеня. Інфармацыя ў абноўленых падручніках будзе выкладацца больш даступнай мовай. Што датычыцца такіх дысцыплін, як алгебра або геаметрыя, то ў падручніках з'явяцца задачы розных узроўняў — як базавага, так і алімпіяднага, напрыклад задачы даследчага характару.

Да выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы застаюцца лічаныя дні. Сёння ўсе выпускнікі на выхадзе з сярэдняй школы здаюць чатыры абавязковыя экзамены: па адной з дзяржаўных моў (беларускай ці рускай), матэматыцы, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Такім чынам, матэматыку здаюць усе — і «фізікі», і «лірыкі»... Але ўжо ў гэтым годзе адбудзецца першы масавы выпуск з профільных класаў. А на старшай профільнай ступені вывучаюцца на павышаным узроўні і фізіка, і хімія, і біялогія, і іншыя дысцыпліны. Таму ўзнікае заканамернае пытанне: чаму выпускнікі не здаюць іспыты па сваім профілі?

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды», Святлана Уклейка канстатавала, што пакуль гэта тэма застаецца адкрытай: «У нас у хуткім часе запланаваны рабочыя сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў і спецыялістаў аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі. У чэрвені і ліпені мы плануем працягнуць абмеркаванне падчас нашых выездаў ва ўстановы адукацыі. Трэба знайсці разумны баланс, бо пакуль незразумела, што рабіць з агульнай колькасцю экзаменаў, улічваючы даволі сціслыя тэрміны выпускной экзаменацыйнай кампаніі, якой на пяткі наступае ЦТ. Да таго ж паміж выпускнымі іспытамі абавязкова павінен быць прадугледжаны дзень для адпачынку. Выпускныя вечары Міністэрства адукацыі рэкамендавала ў гэтым годзе правесці 9 ці 10 чэрвеня з той жа мэтай — каб у абітурыентаў, якія будуць здаваць на ЦТ беларускую мову, заставаўся хоць бы адзін дзень для адпачынку. Будзем думаць, але ў любым выпадку рашэнне будзе агучана да 1 верасня, каб выпускнікі 2018 года загадзя ведалі «правілы гульні».

Святлана Уклейка прызналася, што ўсе з нецярплівасцю чакаюць вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, каб прааналізаваць, як справіліся з тэстамі па «сваіх прадметах» выпускнікі профільных класаў. Дарэчы, апасенні, што большасць дзесяцікласнікаў будуць выбіраць на старшай ступені школы гуманітарны профіль, на шчасце, не спраўдзіліся. Пакуль што сярод прадметаў, якія вывучаюцца старшакласнікамі на павышаным узроўні, лідзіруюць фізіка і матэматыка.

Наконт графіка працы школ з 1 верасня спецыяліст паведаміла, што трэцяя частка ўстаноў адукацыі ўжо працуе з 9 гадзін раніцы. Яшчэ траціна — з 8.30. Гэта значыць, што з 8 раніцы працуе толькі трэцяя частка школ.

Між іншым, як паказала апытанне бацькоў, праведзенае ў рамках штогадовага маніторынгу, у якасці галоўнай прычыны стомленасці сваіх дзяцей 35% бацькоў называюць невыкананне рэжыму дня і недахоп начнога сну. Яшчэ 30% скардзяцца на цяжкасці ў вывучэнні пэўных прадметаў. Працяглае знаходжанне дзіцяці за камп'ютарам адзначае кожны чацвёрты з бацькоў. Пры гэтым палова апытаных бацькоў, як высветлілася, наогул не заўважаюць, што іх дзеці стамляюцца....

Святлана Уклейка праінфармавала, што гэта пытанне будзе абмяркоўвацца комплексна на сумеснай з Міністэрствам аховы здароўя калегіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.