Вы тут

40 гадоў таму ў пракат выйшла кінасага «Зорныя войны»


25 мая 1977 года ў пракат выйшла, бадай, самая знакамітая касмічная кінасага «Зорныя войны» — Star Wars. Да 40-гадовага юбілею гэтай эпапеі трохі цікавых фактаў пра яе.


Рэжысёр Джордж Лукас змог угаварыць кінакампанію 20th Century Fox на гэты праект і зняў яго ўсяго за $11 млн — са спецэфектамі, якія ў той час сапраўды ўражвалі. Фільм стаў касавым хітом (звыш $500 млн збораў ва ўсім свеце), атрымаў шэсць «Оскараў» і зрабіў зоркамі выканаўцаў галоўных роляў.

З «Абуджэннем сілы» і «Ізгоем-адзін», якія выйшлі нядаўна, франшыза зарабіла $7,8 млрд — гэта не лічачы таго, што прынёс продаж рознай прадукцыі, прысвечанай «Зорным войнам».

Прататып слова «джэдай» — «дзідай» — Лукас «падслухаў» у Японіі ад «дзідайгекі» — жанру гістарычнай драмы, прысвечанай прыгодам самураяў. «Дзідай» здаўся Лукасу вельмі арыгінальным азначэннем зорнага рыцара, тым больш што абодва выкарыстоўвалі мячы, і ён зрабіў яго трохі «легкім» у вымаўленні. Імя «Ёда» Лукас запазычыў з санскрыту, ад слова «yoddha», якое азначае воіна, ну а «Вейдэр» у галандскай азначае «бацька».

Фраза «У мяне дрэннае прадчуванне наконт гэтага...» сустракаецца ў кожным эпізодзе сагі.

Лукас на першай прэс-канферэнцыі па Star Wars сказаў: «Спадарства, я цудоўна ведаю пра тое, што ў вакууме не чуваць выбухаў і стрэлаў, а цяпер задавайце свае пытанні».

І яшчэ пра гукі ў франшызе. Гук палёту імперскага знішчальніка TІE скамбінаваны з рову маладога слана і гуку шаравання аўтамабільных шын па мокрым асфальце, дыханне Дарта Вейдэра — гук дыхання праз акваланг, роў Чубакі — з галасоў розных буйных жывёл, у асноўным мядзведзяў, фірменныя свісткі R2-D2 — апрацаваныя электронікай галасы маленькіх дзяцей, гукі бластараў — удары малатка па нацягнутым кабелі, ну а гукавы эфект светлавога мяча — кампіляцыя гулу лямпавага тэлевізара і звычайнага кінапраектара.

Героі фільма б'юцца чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі светлавымі мячамі. Прычым кожны акцёр мог сам вызначыцца з колерам. Найбольшым арыгіналам стаў Сэмюэль Джэксан, які размахваў у кадры фіялетавым. Але напачатку, да выхаду першага фільма на экраны, светлавыя мячы былі белымі.

Персанажа Хана Сола Лукас «скапіраваў» са свайго сябра — рэжысёра Фрэнсіса Форда Копалы. Па першапачатковай задумцы рэжысёра Сола павінен быў быць зялёным іншапланетным монстрам з жабрамі.

Пітэр Мэйх'ю, які працаваў у бальніцы санітарам, атрымаў ролю Чубакі дзякуючы свайму вялізнаму росту ў 2 метры 18 сантыметраў. На стварэнне вобраза Чубакі Джорджа Лукаса натхніў яго сабака, які сядзеў у аўтамабілі. А імя было прыдумана на аснове рускага слова «собака».

У астэроіднай сцэне эпізоду 5 адзін з астэроідаў на самай справе быў чаравікам. Па чутках, Джордж Лукас прымусіў спецыялістаў па эфектах перарабляць гэтую сцэну столькі разоў, што яны раззлаваліся і дадалі туды чаравік.

Кажуць, што пасля прагляду «Зорных войнаў» Джэймс Кэмеран кінуў працу кіроўцы грузавіка і пайшоў у кінаіндустрыю.

Загаловак у газеце: 40 гадоў з намі Сіла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».