Вы тут

Новая праграма «Штурман» стане вачыма людзей з праблемамі зроку


Ідэнтыфікаваць лекі, надпісы на якіх далёка не заўжды можна распазнаць з дапамогай шрыфту Брайля. Атрымаць лічбы з лічыльнікаў святла ці вады або прачытаць змест рукапіснага тэксту, які ніводзін сканер дагэтуль не здольны распазнаць, каб перавесці ў зручны для невідушчых фармат. Нарэшце проста засцерагчыся ад небяспекі, калі ў дзверы звоняць незнаёмыя людзі, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных органаў. Гэтыя простыя справы становяцца выпрабаваннем для тых, хто не бачыць, і абысціся без дапамогі іншых цяжка. Вачыма для невідушчых становяцца валанцёры, якія праз смартфоны ў рэжыме анлайн дапамагаюць сарыентавацца ў прасторы. Новая праграма «Штурман» робіць гэты працэс яшчэ больш зручным.


Карысная самастойнасць

— Праграма перш за ўсё скіравана на зусім невідушчых людзей, якія будуць карыстацца ёй сітуатыўна, а не штодзённа. Гэта не дапамога па суправаджэнні ва ўсіх бытавых справах, — расказаў Міхаіл АНТОНЕНКА, намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. — Мы ўжо не адно дзесяцігоддзе прапагандуем самастойнасць невідушчага чалавека і даём пэўныя навыкі жыцця без зроку. «Штурман» жа ставіць чалавека ў прамую залежнасць ад таго, хто яго накіроўвае. Такое суправаджэнне можа спатрэбіцца толькі час ад часу, калі ўжо няма іншага выйсця.

Ва ўсім свеце людзі з праблемамі зроку карыстаюцца праграмай, выпушчанай у ЗША, аналагічныя праекты (пакуль безвынікова) спрабавалі стварыць у Расіі. Айчынны прадукт, распрацаваны спецыялістамі групы кампаній «Белхард» літаральна за пяць месяцаў, развіваецца пры тэхнічнай падтрымцы МТС і ўжо эксплуатуецца беларускімі карыстальнікамі.

10-гадовы Паша, напрыклад, асвоіў новы рэсурс за некалькі тыдняў. Ён жа стаў і першым тэсціроўшчыкам праграмы — самастойна хадзіў у кафэ ў суправаджэнні штурмана.

— Гэта вельмі неабходная і карысная праграма. Штурманам пакуль што выступаю я. Паша сам ходзіць у краму, быў у кафэ. У перспектыве — самастойны рух на аўтобусах. Спачатку думала, што не маю права як маці адпускаць яго аднаго, аднак псіхолаг і юрыст сказалі, што гэта нармальна, — падзялілася мама хлопчыка Алёна Петрачук.

Як расказаў кіраўнік праекта кампаніі «Белхард» Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, менавіта Паша і натхніў спецыялістаў на распрацоўку мабільнай праграмы:

— Так склалася, што мы пераехалі ў новы офіс непадалёк ад кампактнага месца пражывання людзей з праблемамі зроку. Аднойчы мы ўбачылі ў парку Пашу і вырашылі нечым яму дапамагчы.

Якасныя валанцёры і выпрабаванні чэргамі

Мяркуецца, што валанцёрамі будуць не выпадковыя людзі. Развіваць супольнасць штурманаў разлічваюць перш за ўсё сярод знаёмых і сваякоў людзей з праблемамі зроку, а таксама сяброў арганізацый, якія займаюцца рашэннем сацыяльных праблем людзей з інваліднасцю. Пры гэтым для камфортнага карыстання праграмай на аднаго невідушчага павінна прыходзіцца тры валанцёры, бо не заўжды ў чалавека ёсць магчымасць дапамагчы.

Айчынная праграма дазваляе захоўваць відэазапісы стасункаў штурмана і невідушчага ў архіве. Гэтую функцыю прапанавалі, каб павысіць кантроль над сітуацыяй, калі невідушчаму спатрэбіцца дапамога. Пры гэтым будуць зафіксаваны непрыемнасці, што могуць здарыцца падчас такіх стасункаў: некарэктныя паводзіны або непрафесіяналізм пры аказанні дапамогі.

— Штурман павінен правільна сарыентаваць чалавека. Ад самага прымітыўнага — не пераблытаць «права» і «лева» — да такіх складаных пытанняў, як наведванне выстаўкі. Здараецца, што чалавек з добрай душой аказвае дапамогу невідушчаму некваліфікавана, бо не ведае, як зрабіць гэта якасна, — растлумачыў Міхаіл Антоненка. — Цэнтр паспяховага развіцця чалавека сумесна з нашым таварыствам будзе дапамагаць валанцёрам, якія захочуць аказваць прафесійную дапамогу невідушчым праз праграму «Штурман», асвоіць дэскрыпцыю, пэўную тэрміналогію, каб уяўляць асаблівасці ўспрыняцця інфармацыі невідушчымі.

Чэргі часта становяцца для невідушчых сапраўдным выпрабаваннем і катастрофай. Не існуе карэктных тэхналогій, якія дазвалялі б людзям з праблемамі зроку своечасова рухацца ўслед за папярэднімі. Кранаць асоб, каб даведацца, дзе яны, нельга — і ў такой сітуацыі жыццёва патрэбны парады валанцёра, які стане вачыма невідушчага. Дапаможа такі штурман і прасторава сарыентавацца на вуліцы, калі раптам «пілот з асаблівасцямі» заблукае. Праграма стане палачкай-выручалачкай, што дапаможа невідушчым не толькі справіцца з некаторымі бытавымі праблемамі, але і дазволіць наведваць розныя культурныя мерапрыемствы, спадзяецца Міхаіл Антоненка.

Праграма працуе па прынцыпе відэачата, запэўніваюць распрацоўшчыкі. Невідушчаму дастаткова запусціць яе на смартфоне і націснуць кнопку выкліку. «Штурман» сам падбярэ валанцёра, гатовага дапамагчы ў гэты момант. Як праграма працуе на практыцы, можна было паназіраць падчас экскурсіі па выстаўцы арт-праекта «Імёны», дзе Антаніна Сцебур, куратар выстаўкі, стала штурманам для невідушчых гасцей і іншых прысутных.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Штурман» для невідушчых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».