Вы тут

Чаго баіцца работадаўца, калі бачыць чалавека з інваліднасцю?


Стэрэатыпы замінаюць знайсці работу людзям з інваліднасцю, а ў маладых і здаровых яе могуць адабраць робаты.

У нас у краіне больш за паўмільёна людзей з інваліднасцю. Ці часта мы бачым іх на вуліцы? На самай справе — часта, але звычайна нават не здагадваемся, што перад намі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, калі ён не ў інваліднай калясцы ці не з белым кіем у руцэ.

Гэта раней такіх людзей быццам бы не існавала. Зараз жа пра іх пішуць у СМІ, здымаюць тэлеперадачы. Людзі з інваліднасцю нарэшце сталі паўнапраўнай часткай грамадства. Тым не менш ім усё яшчэ трэба даказваць сваё права на нармальнае жыццё.

Што дапамагае нам жыць паўнавартасна? Праца. А з гэтым — вялікія праблемы, зрэшты, як і ў многіх здаровых людзей. Але здаровым прасцей канкурыраваць на адкрытым рынку працы, хоць сусветная тэндэнцыя да скарачэння працоўных месцаў неўзабаве прымусіць напружыцца ўсіх...

Чаго ж насамрэч баіцца работадаўца, калі бачыць перад сабой чалавека з інваліднасцю?


Адзін з найвялікшых розумаў нашай планеты жыве ў цалкам паралізаваным целе...

Давайце будзем шчырымі, работадаўца думае прыблізна наступнае: навошта мне інвалід са сваімі праблемамі, ён будзе працаваць няпоўны працоўны дзень і не так хутка, як здаровы, для яго трэба ствараць спецыяльныя ўмовы... І потым, як такі чалавек увальецца ў калектыў? Лепш я вазьму звычайнага здаровага работніка. Нават калі мне давядзецца заплаціць штраф, ён невялікі і не паўплывае на маё фінансавае становішча...

Гэта так — рынак працы глядзіць у першую чаргу на тое, што вы можаце рабіць. Дадатковыя льготы, якія закон гарантуе чалавеку з інваліднасцю, адпуджваюць наймальнікаў і не дазваляюць бачыць у ім прывабнага работніка. Індывідуальная праграма рэабілітацыі часам значна звужае магчымасці чалавека з інваліднасцю і зноў жа адпуджвае работадаўцу: многае, што там напісана, яму, не медыку, проста не зразумела.

Але ўсё гэта можна пераадолець. Дырэктар сацыяльнага прадпрыемства «АртІдэя» Наталля Амплеева расказала пра вопыт работы з работадаўцамі спецыялістаў «Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» («БелАДДІіМІ»):

— Наш спецыяліст бярэ з сабой хлопца ці дзяўчыну з інваліднасцю, едзе да работадаўцы і расказвае яму: вось у гэтага чалавека такія праблемы, каб ён паспяхова працаваў і ўліўся ў калектыў, неабходна тое і тое... У выніку часта аказваецца, што не так усё страшна, як спачатку ўяўлялася. І што інвалід можа быць выдатным работнікам. Трэба толькі ўсё растлумачыць, у тым ліку і праграму індывідуальнай рэабілітацыі, што дазволена і што супрацьпаказана такому супрацоўніку...

Намеснік старшыні «Беларускага таварыства глухіх» Святлана Ганеева прапануе ідэю конкурсаў прафесійнага майстэрства, у якіх прымалі б удзел людзі з інваліднасцю. «Добра, каб зарадзіўся такі рух, — кажа яна. — Тады кожны атрымае магчымасць на свае вочы пераканацца, як могуць працаваць такія людзі».

Сапраўды, гэта важна — пераадольваць падобныя ментальныя бар'еры ў грамадстве. Бо часта нашы стэрэатыпы заснаваныя на недахопе інфармацыі.

— Не так даўно лічылася, што месца жанчыны на кухні, а людзі з не белым колерам скуры прызначаныя толькі для ручной работы. І да гэтага часу многія лічаць, што людзей з асаблівасцямі развіцця трэба заключыць у спецыяльныя ўстановы і не выпускаць іх адтуль, — сказаў нядаўна на прэс-канферэнцыі прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, грамадзянін Шры-Ланкі. «Але якім быў бы свет, калі выключыць з яго людзей з абмежаваннямі?» — задаўся пытаннем Санака Самарасінха і нагадаў прысутным аб тым, што адзін з найвялікшых розумаў планеты Зямля Стывен Хокінг — жыве ў цалкам паралізаваным целе...

Бізнес, скіраваны на вырашэнне сацыяльных праблем, сам мае патрэбу ў дапамозе

Дарэчы, у Беларусі цяпер не так ужо мала прадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць з людзьмі з інваліднасцю (у рамках праграмы адаптацыі работнікаў-інвалідаў да працоўнай дзейнасці). Пры гэтым дзяржава прапануе наймальнікам кампенсацыю выдаткаў на стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў і фінансаванне мерапрыемстваў па адаптацыі. Аднак гэтыя прадпрыемствы пасля заканчэння праграмы не працаўладкоўваюць такіх людзей. У нашай краіне рэалізуецца толькі адзін праект па суправаджальным працаўладкаванні. Гэтым займаецца ГА «БелАДДІіМІ».

Робіць першыя крокі ў нашай краіне сацыяльнае прадпрымальніцтва, якое садзейнічае інклюзіўнай занятасці не толькі людзей з інваліднасцю, але і іншых уразлівых груп. Сацыяльнымі прадпрымальнікамі рухае не толькі нармальнае для бізнесмена імкненне атрымаць прыбытак, але і пачуццё адказнасці і жаданне прыносіць карысць грамадству. «Некаторых з іх падштурхнула займацца гэтым асабістая жыццёвая гісторыя, напрыклад чалавек гадуе ў сваёй сям'і дзіця з інваліднасцю. Альбо гэта людзі, якіх вельмі кранула нейкая праблема і яны хочуць яе вырашыць», — кажа сацыяльны прадпрымальнік, кіраўнік «Лабараторыі друку», дзе працуе 50% і больш людзей з інваліднасцю, Дзмітрый Клімковіч. Паводле яго слоў, гэтая матывацыя адыгрывае сваю ролю, але калі не будзе належнай дзяржпадтрымкі, то многае можа не атрымацца.

— Калі казаць пра нашу арганізацыю, то мы знаходзімся ў адным полі з іншымі камерцыйнымі арганізацыямі і ў тых жа ўмовах, — тлумачыць Дзмітрый Клімковіч. — Але нашы работнікі з інваліднасцю менш канкурэнтаздольныя на рынку працы, чым усе астатнія. Калі мы не будзем працягваць дзяржаўныя праграмы падтрымкі сацыяльных прадпрымальнікаў, то з кожным годам колькасць працаўладкаваных людзей з інваліднасцю будзе змяншацца.

Нам, сацыяльным прадпрымальнікам, не хапае спецыяльных кампетэнцый. Мы выходзім на эканамічны рынак з выдатнымі мэтамі змяніць жыццё да лепшага, але пачынаецца тысяча самых розных праблем. Я быў бы рады, каб дзяржава або нейкі бізнес-інкубатар, або канфедэрацыі прадпрымальнікаў навучалі сацыяльных прадпрымальнікаў, напрыклад, маркетынгу і іншаму — каб мы сталі больш канкурэнтаздольнымі.

З Дзмітрыем Клімковічам згодная і Наталля Амплеева. «Мы не патрабуем грошай, — запэўнівае яна. — Але чаму б не выкарыстаць нямецкі вопыт, дзе дзяржава кансультуе сацыяльныя прадпрыемствы пры адкрыцці новага бізнесу?»

А Салман Рашад, выконваючы абавязкі дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Дарога ў жыццё» (ГА «БелАДДІіМІ») са Століна, на якім працуюць людзі з фізічнымі і разумовымі абмежаваннямі, падымае праблему адсутнасці кадраў. «Няма каму курыраваць работу з людзьмі з інваліднасцю, — гаворыць ён — Калі думаем пра тое, каб адаптаваць інвалідаў праз нашы прадпрыемствы і дзяржава аплачвае гэтую праграму праз цэнтры занятасці, то трэба падумаць і аб тым, каб было каму адаптаваць. Было б добра, калі б аплата працы майстра субсідзіравалася хоць бы па самай мінімальнай стаўцы».

Да таго ж раней сацыяльныя прадпрыемствы падтрымліваліся з дапамогай дзяржзаказаў, адзначаюць эксперты. Потым у нейкі момант з'явіўся дакумент, каб дзяржпрадпрыемствы рабілі закупкі толькі ў дзяржаўных устаноў. У выніку прыватныя прадпрыемствы, якія займаюцца сацыяльнымі праектамі, пазбавіліся ўстойлівага рынку збыту.

А самі людзі з інваліднасцю гатовыя працаваць?

У цэлым, як адзначаюць эксперты, стаўленне да людзей з інваліднасцю — поўнае стэрэатыпаў з боку і наймальнікаў, і работнікаў працоўных калектываў, і грамадства ў цэлым. «Адаптацыя працоўнага месца пад патрэбы чалавека з абмежаванымі магчымасцямі каштуе грошай, — кажа эксперт Швейцарскага Чырвонага Крыжа Раіса Сінельнікава. — І калі гэта будзе рабіцца пад канкрэтнага чалавека, то выдаткі будуць нашмат большымі ў параўнанні з тым, што наймальнік атрымае ад гэтага чалавека. Але калі б адаптавалі ўсё прадпрыемства, то выдаткі былі б таксама вялікімі, але пры гэтым аднаразовымі і потым бы акупіліся і далі б эфект не толькі сацыяльны, але і эканамічны». Яна прапануе правесці акцыю «Дзяржава — узорны наймальнік», паставіўшы задачу: «на кожным дзяржаўным прадпрыемстве і ва ўстанове працуе 5% асоб з інваліднасцю». На думку эксперта, такім чынам будзе створана ролевая мадэль, пераканаўчая для ўсяго астатняга грамадства.

Сярод іншых праблем Раіса Сінельнікава адзначае і негатоўнасць саміх людзей з інваліднасцю працаваць. Гэта датычыцца маральнай гатоўнасці і гатоўнасці з пункту гледжання кваліфікацыі. На прадпрыемствах браніруюцца працоўныя месцы для такіх людзей. Але іх часам няма кім запоўніць.

Але ці трэба патрабаваць толькі ад дзяржавы? А што робіць сям'я? І што можа зрабіць? Трэба глядзець, ці можа чалавек з інваліднасцю своечасова раніцай устаць, ці здольны ён кантраляваць свае дзеянні, ці ўмее ўспрымаць працоўныя заданні. Сям'і трэба рыхтаваць сваіх асаблівых дзяцей да жыцця...

* * *

І напрыканцы — аб тым, што датычыцца ўжо абсалютна ўсіх, у тым ліку маладых і здаровых. Ва ўсім свеце зараз прасочваецца тэндэнцыя да скарачэння працоўных месцаў. Інфармацыйная рэвалюцыя, рабатызацыя, новыя тэхналогіі ўжо сёння замяняюць людзей. Таму, думаючы пра працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, мы павінны разумець, што неўзабаве гэта будзе не толькі іх праблемай. Гэта будзе праблемай і для многіх іншых. Таму ўжо цяпер трэба задумацца, дзе нам выкарыстоўваць свой патэнцыял і на якія спецыяльнасці аддаваць вучыцца дзяцей. Эксперты сцвярджаюць, што работнікі будуць запатрабаваныя ў сферы інфармацыйных тэхналогій, у сферы паслуг і догляду хворых і пажылых людзей, там, дзе можна будзе працаваць дыстанцыйна, у творчых спецыяльнасцях...

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Працаўладкаванне без меж

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў. 

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.