Вы тут

Жыхары шматпавярховіка даглядаюць месцы агульнага карыстання


У Жодзіне ёсць дом па вуліцы Дзеравянкі пад нумарам 6. Ён выглядае лепш за дамы, якія былі пабудаваныя разам з ім 55 гадоў таму. Розніцу відаць і пры ўваходзе ў пад'езд. Тут, напрыклад, на дзвярах няма размытага дажджом, пажоўклага ад часу шмацця папер ад рэкламных аб'яў. Для аб'яў усталявана спецыяльная дошчачка. Побач змешчана шыльда з прозвішчамі і кантактнымі тэлефонамі старасты дома, участковага інспектара міліцыі, адказнай асобы з жыллёва-камунальнай арганізацыі, дэпутата гарадскога Савета.


— У 2013 годзе ў горадзе праводзіўся конкурс на найлепшы пад'езд. Мы занялі першае месца і атрымалі прэмію. Уладальнікі кватэр прынялі рашэнне патраціць яе на новыя вокны са шклопакетамі. І цяпер у нас не толькі прыгожа, але і цёпла. Нядаўна за свае грошы купілі дываны, каб людзі не насілі нагамі пясок. Усё, што вы тут бачыце, набытае за асабістыя сродкі. А вазонамі, карцінамі жыльцы самі ўпрыгожваюць лесвічныя пляцоўкі, — расказала старшая па пад'ездзе Наталля Правілава.

Госці, якія прыходзяць у гэты дом, здзіўляюцца чысціні і ўтульнасці ў месцах агульнага карыстання. Жыхары тут адмовіліся ад паслуг прыбіральшчыцы і самі па чарзе займаюцца прыборкай. Уладальнікі, якія адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі, лічаць, што лепш, як яны, ніхто не навядзе парадак. Разам з тым і нейкую капейчыну можна сэканоміць, каб у наступным пусціць яе на куплю фарбы, будаўнічых матэрыялаў, касметычны рамонт.

Такую ініцыятыву падтрымліваюць і мясцовыя камунальнікі. На абслугоўванні ў арганізацыі 277 жылых дамоў. Набраць прыбіральшчыц для кожнага праблематычна. «Мы зацікаўлены, каб жыхары самі сачылі за чысцінёй або прыцягвалі для прыборкі клінінгавыя кампаніі. У межах Закона аб сумесным домаўладанні яны маюць на гэта права», — кажуць спецыялісты «Жодзінажылцепласэрвісу».

У доме тры паверхі, 12 кватэр. Усе яны прыватызаваныя. Жывуць тут людзі з сярэднім дастаткам. Тыя, хто спачатку не згаджаўся аддаваць на агульную справу грошы, убачыўшы вынік, сваё стаўленне памянялі. Жыхары суседніх дамоў зайздросцяць.

— Людзям здаецца, што нехта старонні ў нас навёў парадак, добраўпарадкаваў дваровую тэрыторыю. Але мы самі ўсё зрабілі сваімі рукамі, — кажа Наталля Правілава. — Восенню, напрыклад, склаліся на фарбу для бардзюраў. З цягам часу нешта зношваецца, прыходзіць у заняпад. Таму над абнаўленнем інтэр'еру, выгляду месцаў агульнага карыстання даводзіцца працаваць пастаянна. Усім нам, хто тут жыве, хочацца, каб у пад'ездзе было прыгожа і ўтульна, але для гэтага трэба прыкласці рукі.


У тэму

Наталля Сушко, старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Выканаўчай уладай, арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі шмат робіцца па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на вуліцах, дваровых тэрыторыях. Але для нас вельмі важна падключыць да агульнай работы гараджан. Сёння мы вельмі актыўна працуем з насельніцтвам праз органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. І гэтыя намаганні прыносяць плён. У кожным доме ёсць стараста, старшыя па пад'ездах. Гэта людзі, якія адказваюць за стан пад'ездаў, уваходных вузлоў, лавак, дзіцячых гульнявых пляцовак. Яны нашы першыя памочнікі, падказваюць, дапамагаюць рэалізуюць разам з намі праекты. Гэтыя людзі не скардзяцца, а менавіта падымаюць тыя пытанні, якія мы сумеснымі сіламі можам вырашыць. Да работы падключаны і дэпутаты гарадскога Савета.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лепш за прыбіральшчыцу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.