Вы тут

Беларускія студатрадаўцы будуць працаваць у Расіі і Польшчы


Для студатрадаўцаў сёлета зацверджана каля 44 тысяч працоўных месцаў. Працягнецца практыка маладзёжных будоўляў. Сярод аб'ектаў — Гомельская абласная дзіцячая клінічная бальніца, Астравецкая цэнтральная раённая бальніца, транспартная развязка ў Брэсце.


Моладзь вельмі зацікаўлена ў выязных студатрадах. Сёлета заключана 14 дагавораў на працу прыкладна 500 чалавек за мяжой. У асноўным гэта сэрвісныя і педагагічныя атрады ў Расіі.

— У будучым збіраемся выйсці на Еўрасаюз. Вядуцца перагаворы з Польшчай. Мяркуецца, што каля 200 чалавек змогуць там працаваць, — дзеліцца планамі выконваючая абавязкі другога сакратара Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Эліна БРАГА.

Найбольш папулярныя студатрады — будаўнічыя, сэрвісныя, медыцынскія. У непаўналетніх попытам карыстаюцца сельскагаспадарчыя атрады, вытворчыя і экалагічныя. Заробак — не ніжэйшы за мінімальны (для тых, хто заняты на паўнацэнным працоўным тыдні). Больш за ўсіх традыцыйна атрымліваюць у будаўнічых атрадах (летась заробкі гэтых «байцоў» складалі ад 400 да 1200 рублёў), але і патрабаванні там высокія.

Цяпер, дарэчы, рэгіёнам прапануюць выказваць прапановы па ўдасканаленні работы студатрадаў, каб улічыць гэтыя нюансы ў далейшым. Першыя рэкамендацыі ўжо паступілі. Так, прапануюць павялічыць колькасць людзей у атрадзе (цяпер максімум — 30 чалавек), фарміраваць атрад не за месяц, а за 10 дзён, каб хутка рэагаваць на сітуацыю на рынку працы. Хочуць таксама спрасціць працэдуру ўзгаднення атрадаў: рабіць гэта на ўзроўні не аблвыканкамаў, а горада ці раёна.

Працаваць летам моладзь можа не толькі ў складзе студэнцкіх брыгад. Службы занятасці прапануюць хлопцам і дзяўчатам займацца азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рамонтам мэблі і кніг у школах.

— Часовае працаўладкаванне моладзі арганізуецца ва ўсіх раёнах рэспублікі. Гэта вельмі важны аспект выхавання і прафілактыкі правапарушэнняў, — кажа кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацабароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА. — Сёлета памер фінансавання на арганізацыю занятасці навучэнцаў павялічаны на
10 працэнтаў, да 5,2 мільёна рублёў. Плануецца ўладкаваць 23,6 тысячы чалавек.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сябе паказаць, на свет паглядзець

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.