Вы тут

Прэзідэнт занепакоены сітуацыяй у айчынным хакеі


Апошнім часам кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей звяртаецца да тэзіса ідэалогіі праз спорт. Сапраўды, праца літаральна ніводнага ідэолага не можа параўнацца з маштабнасцю і эфектыўнасцю спорту. Прынамсі, калі нашы спартсмены выйграюць.


Няма годнай аддачы

Учора ў Палацы Незалежнасці прайшла нарада па пытаннях развіцця хакея ў Беларусі. Гэты від спорту адыгрывае ў нас вялікую ролю і ідзе ў гэтым плане нароўні з футболам — а то і знаходзіцца на пазіцыю вышэй. Падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, які праходзіў у Мінску, нацыянальная зборная паказала добры вынік — сёмае месца. Апошнім жа часам мы губляем свае пазіцыі. У сістэме нацыянальнага хакея ёсць шэраг праблемных пытанняў. На працягу найбліжэйшых гадоў усе яны павінны быць пераадолены. У 2021-м Беларусь стане адной з гаспадынь чарговага чэмпіянату свету, важна, каб айчынныя балельшчыкі змаглі атрымліваць ад гульні беларускай каманды выключна станоўчыя эмоцыі.

Выступаючы падчас нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: справа не ў тым, што Прэзідэнт гуляе ў хакей. Гэта — адзін з наймаштабнейшых відаў спорту, хакейныя матчы глядзяць мільёны. І што адчуваюць беларусы, калі нацыянальная зборная каторы раз саступае, прычым не самым моцным сапернікам?

— Калі мы ўжо прынялі рашэнне займацца гэтым відам спорту, развіваць яго — ён у нас стаў вельмі папулярным, — ну дык давайце па-сапраўднаму займацца, — заклікаў кіраўнік краіны. — Але вынікі агідныя. Мы правалілі Алімпійскі кваліфікацыйны турнір, саступіўшы зборнай Славеніі, якая зорак з неба не хапае. Другі год запар балансуем на мяжы вылету з наймацнейшай групы на чэмпіянаце свету.

У многім гэта вынік таго, што ўнутраны чэмпіянат так і не стаў фабрыкай падрыхтоўкі рэзерву. У той жа час у хакей укладваюцца істотныя сродкі: 18% — груба кажучы, пятая частка — ад усіх выдаткаў на фізічную культуру і спорт з улікам сродкаў падтрымкі з усіх крыніц. Годнай жа аддачы, адзначае кіраўнік дзяржавы, няма.

Ён прызнаўся, што незадаволенасць балельшчыкаў дайшла і да яго:

— Замест гонару за колеры свайго сцяга пасля вашых гульняў балельшчыкі проста абураюцца. Яны ўжо мне пачалі пісаць лісты. І я з імі згодны — абсалютна бязвольныя выступленні, адсутнічае камандная гульня, не кажучы ўжо аб індывідуальным майстэрстве. Ды і трэнерская работа агідная. Хакей — гэта не барацьба, гэта бітва. На яе трэба выходзіць як на апошні бой.

Вырашальны — 2021 год

Разам з Латвіяй мы дабіліся права правесці чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе. Прэзідэнт прызнаўся, што за некалькі тыдняў да прыняцця камітэтам адпаведнага рашэння Беларусі прапаноўвалі саступіць на карысць Фінляндыі. Як бы там ні было, права на правядзенне адной з замых грандыёзных падзей спартыўнага жыцця ўсяго свету цяпер за намі. Вялікая заслуга ў гэтым, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нашых партнёраў — латышоў:

— Гэта яны прапанавалі мне напрамую ўступіць у барацьбу за гэты чэмпіянат свету. І тады я, сустракаючыся з Фазелем (прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель — заўв. рэд.), яму пра гэта сказаў. Ён паабяцаў: гэта — ідэя, вы можаце з фінамі пазмагацца. Іншая справа, што там традыцыйныя нашы сябры нас не падтрымалі. Але гэта ўжо іншае пытанне і асобная размова.

Акрамя гэтага, заяўка не была б падтрымана, калі б у 2014 годзе мы не прадэманстравалі нашу магчымасць прымаць спартыўныя мерапрыемствы такога ўзроўню. Так ці інакш, прынцыпова важна, каб наша зборная аказалася падрыхтаванай да гэтай падзеі.

Нават з лёдам не ўсё гладка

Пэўным поспехам на юнацкім і юніёрскім узроўнях не трэба ўдзяляць занадта шмат увагі. Так, на чэмпіянаце свету наша каманда да 20 гадоў выйшла ў вышэйшы дывізіён. Каманда да 18 гадоў захавала прапіску ў эліце, а хакеісты да 17 гадоў нядрэнна правялі некалькі турніраў у Канадзе і Турцыі.

— Гэта ўсё добра. Нам патрэбныя рэзультаты ў канчатковым рахунку. А канчатковы рахунак — гэта нацыянальная зборная і як мінімум клуб «Дынама», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт агучыў пэўныя негатыўныя тэндэнцыі. Напрыклад, ёсць праблемы з трэнерскім складам.

А здараецца, не хапае і інвентара, і... лёду. Дакладней, часу для заняткаў на катках, бо часта дырэкцыя аддае перавагу аказанню пэўных платных паслуг грамадству. Адпаведна, дзіцячыя і юнацкія каманды займаюцца менш, чым гэта патрэбна для развіцця неабходнага ўзроўню прафесіяналізму.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: сачыць за развіццём хакея ў сваёй вобласці павінны непасрэдна губернатары, у раёне — старшыні райвыканкамаў. Пры неабходнасці павінен быць забяспечаны падвоз дзяцей з раёнаў на заняткі ў хакейныя школы.

На роўных умовах

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся і больш блізкімі планамі: як і з чым мы ідзём у новы сезон Кантынентальнай хакейнай лігі? Які набіраем склад, якіх залучаем спецыялістаў, якія ставім задачы?

Кіраўнік краіны звярнуўся і да сістэмы аплаты працы хакеістаў. Не павінна быць ніякіх павышэнняў зарплат без выніку. Грошы — толькі за рэзультат. Гэта нармальная сістэма, якая працуе і ў іншых краінах, напрыклад у Канадзе, дзе хакей з'яўляецца, без перабольшвання, нацыянальным культам:

— Не будзе ніякіх грошай, пакуль не дасце нармальны прадукт. Будзе вынік — будзе зарплата. Вы ведаеце мае патрабаванні.

Легіянеры — ці патрэбны яны?

У суботу на пасаду старшыні Федэрацыі хакея быў абраны Сямён Шапіра. Звяртаючыся да яго, кіраўнік дзяржавы адзначыў: важна падабраць штат, які дапаможа яму, новаму старшыні Федэрацыі, эфектыўна працаваць. Прэзідэнт таксама нагадаў, што, акрамя працы ў арганізацыі, на Сямёна Шапіру будзе ўскладзена яшчэ і дзяржаўная нагрузка.

У сваім дакладзе падчас нарады новы старшыня Федэрацыі хакея імкнуўся ахапіць усе складальнікі развіцця гэтага віду спорту ў краіне. На яго думку, прапанаваная адмова ад замежных трэнераў пацягне за сабой пагаршэнне вынікаў. Так, па інфармацыі, агучанай Сямёнам Шапірам, па статыстыцы, пад кіраўніцтвам замежных трэнераў каманды выходзілі на добрыя вынікі. Тое ж самае датычыцца і працы ў нас замежных гульцоў. Многія з іх з'яўляюцца лідарамі ў беларускіх камандах і рэзкая адмова ад легіянерскіх паслуг выкліча зніжэнне якасці гульні нашых камандаў. У той жа час можна адмаўляцца ад гэтага паступова.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не згубіць пазіцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?