Вы тут

Дзень адкрытых дзвярэй у Вялікім тэатры Беларусі


Вытанчаныя касцюмы, маляўнічыя дэкарацыі, вывераныя рухі, дакладна зладжаныя механізмы выступленняў – з глядзельнай залы ўсё сцэнічнае дзейства выглядае лёгка ды прыгожа. І пакуль спектакль знаходзіцца навідавоку, унутраны свет тэатра для простых наведвальнікаў застаецца таямніцай. Спасцігнуць загадкі закулісся можна адзін раз на год, калі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі святкуе дзень нараджэння. З нагоды 84-годдзя любімага тэатра аматараў балета і оперы запрасілі ў госці да беларускай Мельпамены.


У гэты дзень тэатр пачаўся з чырвонай дарожкі, раскладзенай у найлепшых традыцыях славутых фестываляў. На першым паверсе чаканых гасцей сустракалі музыкай ды салодкімі пачастункамі. Калі крыху збочыш ад музыкаў, напаткаеш тэатральны архіў. За 84 гады існавання будынку на плошчы Парыжскай Камуны ёсць што прапанаваць гледачам: гісторыю станаўлення тэатра (а таксама айчыннай журналістыкі ў мастацкай сферы) захавалі шматлікія публікацыі з газет ды часопісаў, у афішах можна прасачыць фарміраванне рэпертуара, у фотаздымках – асаблівасці мінулай эпохі. Тут жа знаходзіўся бутафорскі цэх, дзе супрацоўнікі майстэрні ператваралі звычайныя рэчы ў тэатральны рэквізіт.

Другі паверх тэатра прывабліваў наведвальнікаў спевамі: галасы маленькіх артыстаў з Дзіцячага музычнага тэатра-студыі былі чуваць яшчэ на падыходзе да мармуровай лесвіцы. Побач з імправізаванай сцэнай – фотазона з опернымі дэкарацыямі ды рэквізітам. Вялікі цмок царыцы ночы з оперы “Чароўная флейта” і змешчаны побач з ім трон сабралі вакол сябе найбольш ахвотных сфатаграфавацца (напэўна, таму, што дужа нагадвалі атрыбуты папулярнага серыяла “Гульня тронаў”). Тут жа дзве дзяўчыны з усмешкамі прапаноўвалі сувеніры: толькі што адбітыя, з выразным пахам фарбы гравюрныя выявы Вялікага тэатра.

Адчынілі дзверы і ў глядзельную залу. Хоць гэтае месца заўсёды навідавоку, супрацоўнікі тэатра ўсё роўна знайшлі, чым здзівіць гасцей. Калі вы наступным разам будзеце ў Вялікім тэатры, уважліва ўглядайцеся ў жырандолю: яе зрабілі па ўласным дызайне Іосіфа Лангбарда. Згодна з задумай архітэктара, вялікая жырандоля (2 на 4 метры) узнаўляе абрысы тэатральнага будынка, перавернутыя пад столлю. Калі паспеў далучыцца да адной з экскурсій, па бакавых калідорах і заблытаных лесвіцах можна было выйсці ў аркестравую яму ды паглядзець на сцэну з пункту гледжання аркестра. Для наведвальнікаў нават узнялі заслону – замест артыстаў пад сафітамі з’явіліся супрацоўнікі сцэны, якія не зважалі на экскурсію і старанна манціравалі дэкарацыі для вячэрняга паказу “Кармэн”.

Канчаткова паглыбіцца ў тэатральны лад жыцця дапамаглі майстар-класы. Вучыліся танцаваць балет ды спяваць, знаёміліся з музычнымі інструментамі, выконвалі мелодыі на ўдарных, бралі ўдзел ва ўроку акцёрскага майстэрства пад кіраўніцтвам рэжысёра Наталлі Кузьмянковай. У лабірынце калідораў сустрэлі галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Ён запрасіў да сябе ў кабінет і расказаў пра важкасць акцёрскай падрыхтоўкі, побыт стажораў, дырыжорскую і рэжысёрскую оперы. На стале Міхаіла Панджавідзэ – новая партытура. Даведаліся, што зараз Вялікі тэатр пачынае рыхтаваць оперу паводле філасофскай паэмы Фрыдрыха Ніцшэ “Так сказаў Заратустра”.

Побач з кабінетам галоўнага рэжысёра вісіць расклад рэпетыцый. Нарэшце, вось ён, найцікавейшы момант экскурсіі. Галоўны вынік дня за кулісамі – гэта ўсведамленне таго, што ў Вялікім тэатры Беларусі кожную хвіліну нешта адбываецца. Пакуль адны знаёмяць наведвальнікаў з побытам трупы, за сотнямі дзвярэй у безлічы калідораў будынка ідзе напружаная праца. Праца, якая штовечар ператвараецца ў святочную і дзівосную тэатральную атмасферу.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».