Вы тут

Як жыве маладая сям'я ў пагонах


Ганна і Сяргей ГУРДА служаць у Кастрычніцкім РУУС горада Мінска. праўда, у розных падраздзяленнях. Ганна ў інфармацыйным цэнтры, а Сяргей у Дзяржаўтаінспекцыі. Звярнуць увагу адно на аднаго ім дапамог... Чэмпіянат свету па хакеі —- 2014, які праходзіў у Мінску. Мы сустрэліся з гэтай парай неўзабаве пасля Дня сям'і і пагаварылі пра перавагі агульнай прафесіі, патрыятызм, асаблівасці выхавання дзяцей і галоўнае ў шлюбе.


Сям'я Гур­да: Ган­на, Сяр­гей і ма­лень­кая На­сця.

«Заўжды хацела, каб муж быў міліцыянерам»

У сямейны інтэрнат, дзе жывуць Ганна, Сяргей і іх адзінаццацімесячная дачушка Насця завітваем з самай раніцы. З'яўленне малышкі не стала для іх, як для многіх, падставай для кардынальнай змены ладу жыцця: бацькі, дзякуючы прафесіі, і так прывыклі да строгага распарадку дня. Нягледзячы на тое, што ў Сяргея выхадны, на парозе нас сустракае толькі Ганна з дачкой на руках — мужа выклікалі на службу.

Пачынаем размову з гісторыі знаёмства.

— Сяргей у Кастрычніцкім РУУС на афіцэрскай пасадзе з самага пачатку сваёй службы. Я ж туды трапіла толькі ўлетку 2013 года. Мы ніяк не перасякаліся, пакуль нас абаіх не адправілі на курсы павышэння ўзроўню англійскай мовы перад Чэмпіянатам свету па хакеі. Там высветлілася, што мы жывем у адным ведамасным інтэрнаце, сталі разам ездзіць дадому, праводзіць вольны час. Спачатку сябравалі, а потым зразумелі, што паміж намі нешта большае.

Я заўсёды хацела, каб мой будучы муж быў міліцыянерам. З якога дэпартамента або аддзела, для мяне было не істотна. Галоўнае, каб ён падзяляў маю павагу да працы і разумеў яе асаблівасці. Да дэкрэта я нярэдка выходзіла і ў начныя змены, а быў перыяд, калі ў нас з Сяргеем вельмі доўга наогул не супадалі выхадныя дні. Мы ўжо былі жанатыя, але практычна не праводзілі час разам. Старонняму чалавеку было б значна складаней такое вынесці, а тут не ўзнікала абсалютна ніякіх пытанняў.

Прафесія міліцыянера мае на ўвазе, што яе ўладальнік будзе смелым, адказным, надзейным, арганізаваным. У нас ёсць статут — гэта дысцыплінуе, адбіваецца як на знешнім выглядзе, так і на паводзінах. Ты не можаш дазволіць сабе нічога лішняга, заўсёды павінен выглядаць акуратна. Усе гэтыя параметры важныя і для выбару спадарожніка жыцця, — расказвае Ганна.

Рамантыка: дзяўчына ў ППС...

— Я сама ў міліцыю трапіла невыпадкова. Гэта была мая мара з дзяцінства, якая многіх здзіўляла: дзяўчынка, а тут такія планы. А ў мяне была свядомая матывацыя, я хацела такім чынам дапамагаць людзям. І зараз упэўненая ў тым, што менавіта ў гэтым асноўнае прызначэнне міліцыі! Накіроўваць тых, хто аступіўся, на шлях выпраўлення, не даючы здзейсніць больш сур'ёзныя правіны. Акрамя таго, мне хацелася служыць сваёй дзяржаве і яе грамадству. Ужо з дзяцінства я адчувала сябе патрыёткай і вельмі рада, што нашы з мужам погляды на гэтае пытанне супалі.

Калі я сказала, што хачу служыць у міліцыі, бацька мяне адразу ж падтрымаў, таму што ён сам вайсковец. Мама не пярэчыла, але і не магу сказаць, што ёй гэтая ідэя вельмі падабалася: яна проста баялася за мяне як маці за дачку. Я не ведала ўсіх тонкасцяў арганізацыі працы, таму з кірункам было цяжка вызначыцца. Меркавала, што гэта можа быць праца з цяжкімі падлеткамі, і тое, хутчэй, таму што гэтая служба на слыху.

Аднак на справе ўсё аказалася па-іншаму. Так атрымалася, што пачала я — а гэта зусім не ўласціва дзяўчатам — з патрульна-паставой службы міліцыі. Той год быў досыць складаным. Тая ж работа ў ноч і змены па дванаццаць гадзін... Аднак служыла я ў міліцыі на транспарце, ППС аэрапорта, а у гэтым ёсць своеасаблівая рамантыка. Можна сказаць, што там дастаткова спакойна, не прыходзіцца мець справу з асацыяльнымі асобамі, але ў цэлым узровень адказнасці вельмі высокі.

Пасля я перайшла на афіцэрскую пасаду ў інфармацыйны цэнтр, дзе мы ўносім усю інфармацыю ў базы даных, рэгіструем і захоўваем матэрыялы. Было вельмі цяжка перастроіцца, не хапала той актыўнасці і напружанасці. Але я думаю, што гэта не канчатковы прыпынак майго шляху ў прафесіі. У гэтым годзе я закончу Акадэмію МУС, атрымаю юрыдычную спецыялізацыю. Да гэтага ў мяне была няпрофільная адукацыя, таму і кола даступных пасад было абмежаванае. Цяпер у мяне ёсць дакладныя мэты. Вельмі важна, што яны зразумелыя майму мужу. Калі я кажу, што хацела б даслужыцца да пэўнага звання, для яго гэта не набор слоў «проста чагосьці большага», а пазіцыя ў жыцці.

Наогул, для мяне ўзаемападтрымка і павага — галоўнае ў сям'і. Каханне як запал праз час праходзіць, а гэта застаецца ў аснове. Вытрымаць нельга толькі здраду, бо калі так адбываецца, значыць, няма павагі адно да аднаго, — падзялілася Ганна.

«Разумееш, што ахоўваеш спакой і сваёй сям'і таксама»

На паўслове жанчына абрывае размову. І, усміхаючыся, заўважае: «Хопіць пра мяне, давайце ўжо пра мужа».

— Сяргей працуе ў Дзяржаўтаінспекцыі, літаральна «на дарозе». І ў дождж, і ў снег, і ў холад і, зразумела, без дакладнага графіка да 6 вечара. Гэта тая праца, якую нельга адкласці да заўтра. Калі ты ўжо пачаў афармляць ДТЗ, то давядзі справу да канца. І я абсалютна спакойна да гэтага стаўлюся.

Мне здаецца, самае складанае ў яго працы — пастаянныя зносіны непасрэдна з людзьмі. Але ён мае жалезную вытрымку, вывесці яго з сябе практычна немагчыма. Нават у складаных і трагічных сітуацыях, а такіх, паверце, у яго працы нямала, ён умее эмоцыі трымаць пад кантролем, не прыносіць негатыў у дом. Мне здаецца, менавіта на гэтыя характарыстыкі варта звяртаць увагу ў адборы спецыялістаў для прафесій «чалавек — чалавек».

Якраз у гэты час дадому вяртаецца Сяргей і адразу ж трапляе пад шквал пытанняў.

— У сям'і галоўнае здароўе. Калі ўсе здаровыя, то ўсё цудоўна. Абсалютна ўсё астатняе вырашальна, — упэўнена заяўляе Сяргей.

— Сваю жонку я ні ў якім разе не ўяўляў звязанай з міліцыяй. Нават думак такіх не было. Мне здавалася, што яна павінна быць грамадзянскай, каб было спакайней. Ёсць жарты, што самая вялікая імавернасць сустрэць жонку на дарозе.

На самай справе у нас з Ганнай непадобныя спецыяльнасці. Я ў знешняй службе, яна — ва ўнутранай. І так значна зручней, можна падстрахаваць адно аднаго ў розных пытаннях. Вядома, радуе і яе нармаваны графік, які дазволіць потым больш часу праводзіць з дзіцем. Дарэчы, пра Насцю. Я не бачу яе ў міліцыі, напэўна, таму што дзяўчынка. Можа, спявачкай будзе, — ківае Сяргей на малую, якая нешта гучна напявае на невядомай мове.

— Мы пакуль з садком яшчэ не вызначыліся, а вы аб прафесіі. Але наогул я ўпэўнена, што род заняткаў ніяк не перашкаджае заставацца жанчынай. Пярэчыць яе выбару ў любым выпадку не будзем, — усміхаецца Ганна.

Пакуль жа ў дзяўчынцы развіваюць спартыўныя схільнасці. Бацькі нават хацелі прыняць удзел у конкурсе «Сям'я! Служым разам!», калі Насці было ўсяго два месяцы.

— Конкурс прадугледжвае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку і разам з дзецьмі, таму далей этапа расказу пра сябе з фотаздымкамі мы не прайшлі. Калі дачка падрасце, абавязкова паспрабуем яшчэ раз, — расказвае Ганна.

— У нас за спорт адказвае Сяргей. Ён вельмі добра гуляе ў настольны тэніс, на чэмпіянаце РУУС заняў другое месца. Але са мной гуляць не любіць, смяецца, што нецікава. Нядаўна ў эстафеце прымаў удзел. Мне гэтым вельмі падабаецца праца ў міліцыі, што кожны можа праявіць свае здольнасці, прапаноўваецца шмат актыўнасцяў на выбар. Да таго ж у нас ёсць штотыднёвыя спартыўныя заняткі: гадзіна на адпрацоўку прыёмаў самаабароны, гадзіна — па выбары: басейн, трэнажорная зала, футбол... Я згодна з кіраўніцтвам МУС, што міліцыянер павінен выглядаць адпаведна сваёй прафесіі, — разважае Ганна.

Тым часам Сяргей бавіцца з дачкой:

— Не паўзі, не хапайся за руку. Кроч сама. Ты ўжо ўмееш.

— Вядома, прафесія адбіваецца на выхаванні дзяцей. Напрыклад, перад тым як увечары ісці спаць, мы абавязкова разам з Насцяй усе цацкі збіраем па месцах. Прывучаем яе да дысцыпліны. Сяргей, дзякуючы сваёй вытрымцы і арганізаванасці, сам навучыў дачку сядзець і хадзіць.

Пасля нараджэння дзіцяці стаўленне да працы стала яшчэ больш адказным. Атрымліваецца, што, выконваючы свае абавязкі, ты ахоўваеш спакой і сваёй сям'і таксама, пачынаеш больш цаніць каштоўнасць жыцця і разумець, наколькі важна менавіта нам добра выконваць сваю працу, — падсумавала Ганна.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Дзякуючы дысцыплінаванасці, хутка навучылі дачку сядзець і хадзіць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».