Вы тут

Вучоныя даказалі, што лаянка дадае сіл


Людзі, якія ў пэўны момант вымушаныя прыкладаць фізічныя намаганні на мяжы сваіх магчымасцяў, могуць заўважыць: моцнае слоўца не толькі дапамагае выплюхнуць эмоцыі, але і служыць дапамогай у працы. Шмат у каго, хто мае справу з кватэрным пераездам, адкручваннем прыкіпелага ніта або адкручваннем накрыўкі, занадта туга закручанай на банку з агуркамі, зрываецца з языка брудная лаянка, і гэта не наступствы благога выхавання, высветлілі нядаўна брытанскія навукоўцы.


Чаму людзі мацюкаюцца ў момант цяжкіх фізічных нагрузак, застаецца загадкай. Псіхолагі мяркуюць, што гэта дапамагае чалавеку здзейсніць эмацыянальную разрадку, аднак Рычард Стывенс з Кільскага ўніверсітэта ў Англіі лічыць, што ў мата цалкам вызначанае, фізіялагічнае прызначэнне. У мінулым Стывенсу з калегамі ўдалося паказаць, што брыдкаслоўе дапамагае людзям спраўляцца з болем. «Некалькі гадоў таму мы правялі даследаванне, спрабуючы высветліць, чаму людзі лаюцца, параніўшы сябе. Мы даказалі, што гэта дапамагае ім пераадольваць боль, — расказаў аўтар-даследчык. — У людзей пачашчаецца сэрцабіццё, што прымусіла нас лічыць, што механізм купіравання болю падобны да ўзнікнення вострага стрэсу ці ўзнікнення рэакцыі «бі або бяжы». «Магчымае тлумачэнне — што лаянка стымулюе сімпатычную нервовую сістэму, якая прымушае ваша сэрца калаціцца ў небяспецы», — растлумачыў вучоны.

Каб праверыць сваю гіпотэзу пра тое, што лаянка правакуе аналагічную мабілізацыю арганізма, навукоўцы правялі два эксперыменты на добраахвотніках. Падчас фізічных нагрузак ім прапаноўвалася паўтараць адно і тое ж моцнае слова. Кантрольная ж група не маўчала — удзельнікам замест лаянкі было прапанавана паўтараць нейтральнае слова. Падчас першага эксперыменту 29 удзельнікам трэба было праехаць на веласіпедзе вельмі цяжкі ўчастак. Аналіз паказаў, што веласіпедысты, якія лаяліся, у сярэднім лепш спраўляліся з задачай і паказвалі больш высокія вынікі. «Пры вымярэнні намаганняў у першыя пяць секундаў у групы, якая мацюкалася, была перавага перад «нейтральнай» у 4%, — расказаў Стывенс. У другім эксперыменце ўжо 52 добраахвотнікі прайшлі тэст на вымярэнне намаганняў мышцаў рук. «Яно таксама вымярае прадукцыйнасць, але не было экстрэмальным. Пры сціску мышцаў людзі, якія лаяліся, рабілі на 8% большае намаганне, чым іншыя», — адзначыў Стывенс.

Якая прырода гэтага феномена? Насуперак выказаным здагадкам, Стывенс кажа, што няма аб'ектыўных сведчанняў таго, што ў чалавека ў гэты момант уключаецца рэакцыя «бі або бяжы» — на гэта паказвала адсутнасць пачашчанага сэрцабіцця — а значыць, павінна быць іншае тлумачэнне. Навукоўцы выказалі здагадку, што назіраны эфект можа быць звязаны з тым, што псіхолагі называюць генералізаваным тармажэннем. «Інакш кажучы — калі вы лаецеся, вы проста ні пра што іншае не думаеце», — выказаў меркаванне Стывенс. Праца навукоўцаў пакуль не апублікаваная ў навуковым часопісе і праходзіць стадыю рэцэнзавання.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: З дапамогай малатка, зубіла і нейкай маці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».