Вы тут

Ягор Шаранговіч: 17-ы нумар на спіне трэба апраўдваць


Як сустрэў беларускую каманду Парыж, пра перспектывы працягу сваёй кар'еры і пра тое, чаму ў НХЛ пакуль няма беларусаў.

Ягор Шаранговіч пагуляў у зборных розных узростаў. З ім у складзе ў элітны дывізіён прабілася юніёрская зборная, а неўзабаве і маладзёжная. Сёлетняй вясной 18-гадовы (праз два тыдні Ягору споўніцца 19) гулец выступаў на чэмпіянаце свету ўжо ў складзе нацыянальнай каманды краіны і стаў адным з самых яркіх членаў зборнай на гэтым турніры. Дэбют маладога нападніка дакладна можна назваць удалым, нягледзячы на больш чым сціплае выступленне зборнай у цэлым. На яго рахунку дзве закінутыя шайбы ў важных матчах з фінамі і французамі.


— Мінуў усяго тыдзень пасля завяршэння турніру, цяпер адпачываю, збіраю дакументы для паступлення ва ўніверсітэт, — расказвае Ягор. — Планую вучыцца ва ўніверсітэце фізічнай культуры. Вядома, думкі пра хакей, пра сусветнае першынства ўсё роўна праскокваюць, успамінаю яркія моманты чэмпіянату.

— Паўфіналы і фінал глядзеў ужо дома, як табе развязка сёлетняга чэмпіянату свету?

— Так, глядзеў гэтыя гульні ўжо па тэлевізары. Разумееш, што сам там гуляў, і нават не верыцца. Фінал, вядома, быў вельмі цікавы, цудоўныя хуткасці. Сутыкнуліся па моцы прыкладна аднолькавыя сапернікі. Тое, што Канада будзе ў фінале, не сумняваўся, а вось наконт шведаў не думаў. Тое, што за «золата» не змагалася Расія, для мяне асабіста не стала сюрпрызам, усё ж у паўфінале канадцы рэальна былі мацнейшыя.

— Як табе наогул атмасфера чэмпіянату? Шмат хто казаў пра тое, што ў Парыжы нічога не нагадвала пра хакей.

— Гэта праўда, мне здаецца, і самі парыжане не ведалі, што прымаюць чэмпіянат свету па хакеі. Адзіны банер, які я заўважыў у горадзе, размяшчаўся каля самога лядовага палаца, дзе праходзілі гульні, больш ніякай рэкламы, ды і фан-зоны ў Парыжы я таксама не ўбачыў. У прынцыпе, асабіста для мяне гэта не іграла ніякай ролі, таму што думкі ў тыя дні былі толькі пра хакей. Хтосьці скардзіўся на лёд, на пляцоўцы сапраўды было вельмі горача, а так, умовы для камандаў былі створаны добрыя. Хоць мне няма з чым параўноўваць, на турніры такога ўзроўню я ўпершыню.

— Адразу пасля прыезду ў Парыж з камандай адбыўся інцыдэнт...

— Так, гэты надгляд паліцыяй... Мне здаецца, сітуацыя больш раздутая прэсай, нічога страшнага не адбылося. Па-мойму, ніхто з гульцоў не быў асабліва абураны, усе спакойна да гэтага паставіліся.

— Ці задаволены ты сваім дэбютам?

— Напэўна, усё ж такі занёс бы гэты турнір сабе ў актыў. Вядома, хацелася б выйграць больш гульняў, прабіцца ў плэй-оф. Са старту для нашай каманды склалася няпростая сітуацыя, можа быць крыху не пашанцавала з раскладам. Бліжэй да канца групавога этапу пачалі выпраўляць свае памылкі, пачынаючы з матча з французамі сталі гуляць добра і скончылі на мажорнай ноце. Хто ведае, як склалася б сітуацыя, калі б сустракаліся з роўнымі нам сапернікамі ў стартавых гульнях чэмпіянату.

У першую чаргу псіхалагічна перанесці гэты момант было цяжка, пастаянна думаеш пра паражэнні, пра памылкі, пра тое, што іх трэба выпраўляць. Потым загналі сябе ў сітуацыю, калі былі на грані вылету з элітнага дывізіёна, гэта ціснула яшчэ больш, таму што для нас вельмі важна заставацца ў эліце, хто б там што ні казаў. Наогул, настрой быў не вельмі, а я прыхільнік таго, што выходзіць на пляцоўку заўсёды трэба з настроем і на пазітыве.

— Усё ж, напэўна, менавіта гэты турнір застанецца ў памяці надоўга?

— Вядома, асабліва першая шайба, якую я забіў у першым жа матчы, ды яшчэ і фінам. Я ўжо казаў з нагоды гэтага гола, што там, можа быць, не столькі мая заслуга, колькі Мішы Стэфановіча, ён пазмагаўся за варотамі, забраў шайбу, аддаў мне на «пятак». Вялікі яму за гэта дзякуй. Спачатку наогул нават не верылася, што забіў. Шайбу на памяць, вядома, забраў, дакладней, забраў яе Вова Дзянісаў адмыслова для мяне. Калекцыі пакуль асаблівай у мяне няма, усяго два экспанаты — акрамя шайбы з Парыжа, яшчэ адна з маладзёжнага чэмпіянату свету.

— Як адчуваў сябе ўпершыню ў нацыянальнай зборнай? Калектыў дастаткова дарослы.

— Добра, хлопцы заўсёды падбадзёрвалі, дапамагалі, ніякага негатыву не было. Дзедаўшчыны — таксама, толькі што маладыя шайбы збіраюць. Складана, шчыра кажучы, нават уявіць, як яна магла б выглядаць.

Ды і ў паразуменні з трэнерскім штабам праблем не было, таму што ў юніёрскай і маладзёжнай зборных мы гулялі па такой жа схеме, як у Льюіса. У гэтым сэнсе нашмат лягчэй улівацца ў каманду. Да таго ж у трэнерскім штабе на чэмпіянаце свету быў і Юрый Файкоў (трэнер маладзёжнай зборнай), ён увесь час падказваў мне, дзе і як лепш згуляць, гэта дадало ўпэўненасці.

— У зборнай, напэўна, ёсць хакеісты, якія ўжо гулялі, калі ты толькі рабіў першыя крокі ў хакеі.

— Так, заўсёды з асаблівай цікавасцю сачыў за братамі Касціцынымі, асабліва калі яны гулялі ў НХЛ. Нават браў аўтографы, а цяпер у адной камандзе гуляем, раней толькі марыў пра гэта. Дарэчы, зараз вось расказваў пра гэта Андрэю, ён смяецца, кажа, што не памятае мяне. Цяпер у камандзе ў добрых адносінах з братамі, яны шмат падказваюць, бывала, нават пасля гульняў сядзелі, яны раілі, дзе, як лепш зрабіць. А наогул, калі браць сусветных зорак, марыў бы згуляць з Ярамірам Яграм, лічу, што ён вялікі хакеіст.

— У адным са сваіх каментарыяў Аляксей Калюжны адзначаў, што вектар ад'езду гульцоў з Беларусі мяняецца. Моладзь ужо не так імкнецца ў Расію, як у Паўночную Амерыку.

— Я таксама прытрымліваюся гэтага пункту гледжання, хацелася б з'ехаць гуляць у Канаду. Паспрабаваць сябе ў іншым хакеі — больш хуткасным, з вялікай колькасцю кідкоў. Варыянт працягнуць маю кар'еру там ёсць, але пакуль не хацелася б агучваць яго. Усё вырашыцца ў хуткім часе.

Размаўляў з братамі Касціцынымі з гэтай нагоды, пытаўся, што самае складанае ў паўночнаамерыканскім хакеі. Кажуць, галоўнае — добрасумленна працаваць.

— Нягледзячы на яшчэ непрацяглую кар'еру, у цябе ўжо была сур'ёзная траўма.

— Пералом сцягна. На паўгода застаўся без хакея, але думак пра тое, каб кінуць гуляць, у той няпросты момант не ўзнікала. Наадварот, хацелася як мага хутчэй вярнуцца на лёд. Самае складанае тады было не столькі перажыць гэта псіхалагічна, як аднавіцца фізічна. Складана было вярнуцца да ранейшай формы. Выйшаў на лёд, сезон адыграў і трэба было рабіць яшчэ адну аперацыю, даставаць пласціну.

— У Раўбічах ты прабыў 6 гадоў. Як маладому гарадскому хлопцу такі працяглы час заставацца на спартыўнай базе?

— Вельмі рады, што я гуляў гэтыя гады ў «Дынама-Раўбічы», Андрэю Уладзіміравічу Асташэвічу вялікі дзякуй увогуле за тое, што быў створаны такі клуб. Там нас забяспечылі вельмі добрымі ўмовамі для развіцця, зрабілі спецклас, ніколі не было праблем з формай. Першыя 4 гады я жыў дома, заўсёды забіралі, вазілі ў школу, на трэніроўку, так камфортна не было нідзе. Потым ужо цалкам перабраліся ў Раўбічы, дадому ездзілі толькі на выхадныя, але не магу сказаць, што сумаваў па сталічным жыцці.

— У хакей прывялі бацькі?

— Так, у чатыры з паловай гады. Далі паспрабаваць, адразу, вядома, не атрымлівалася, але потым спадабалася, стала атрымлівацца ўсё лепш і лепш. Мне здаецца, ужо праз пару гадоў я вырашыў, што буду займацца гэтым прафесійна (смяецца). Шмат у каго бываюць такія моманты, калі хочацца кінуць, але ў мяне не, толькі пра трэніроўкі і думаў. Хоць у школе былі праблемы з-за хакея, але ўсё неяк вырашалася.

— На спіне носіш 17-ы нумар...

— З самага дзяцінства пад ім гуляў, гэта мая любімая лічба. Калі заняты 17-ы, бяру іншы. Галоўнае, каб там прысутнічала сямёрка. Выбраў яго не з-за Харламава, у тым узросце яшчэ не ведаў, хто гэта. Прыйшоў у зборную, калі Аляксей Калюжны ўжо завяршыў сваю кар'еру, таму нумар аказаўся свабодным. Спачатку масажысты падколвалі, што гэта вельмі сур'ёзны выбар, 17-ы нумар на спіне трэба апраўдваць.

— Якога максімуму хацелася б дасягнуць у кар'еры?

— Вядома, мару трапіць у НХЛ, яшчэ з дзяцінства вельмі падабаецца «Вашынгтон», падабаецца, як там гуляе Авечкін, ды і стыль самой каманды. Але паколькі яны ўжо вылецелі з розыгрышу Кубка Стэнлі, хварэю цяпер за «Нэшвіл», сімпатызуе каманда, якая выйшла ў плэй-оф з 8-га месца і прайшла да фіналу.

— Як думаеш, з чым звязана тое, што сёння ў НХЛ няма беларусаў?

— Можа быць, скаўты сталі менш увагі звяртаць на беларускую лігу. Але цяпер падрастае наша пакаленне, якое, спадзяюся, зможа змяніць гэтую тэндэнцыю. Усё ж мы дамагліся, каб усе ўзросты ў нас гулялі ў сусветнай эліце, гэта вельмі вялікі плюс.


Хто глядзеў хакей на ТБ?

Сёлета Белтэлерадыёкампанія паказала ўсе 64 матчы чэмпіянату свету па хакеі, які прайшоў у Германіі і Францыі. Большасць гульняў гледачы маглі ўбачыць у прамым эфіры. Асабліва папулярнымі, вядома, былі трансляцыі матчаў з удзелам нацыянальнай зборнай Беларусі.

На трох тэлеканалах медыяхолдынга — «Беларусь 1», «Беларусь 2» і «Беларусь 5» — чэмпіянат свету паглядзелі 3 млн 911 тысяч чалавек (56% гарадскога насельніцтва Беларусі ва ўзросце старэйшым за 4 гады). Найбольшую цікавасць у балельшчыкаў хакея выклікаў матч паміж зборнымі Беларусі і Францыі, які быў згуляны 12 мая. Ён трансліраваўся ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 1» у 21.10, аўдыторыя гледачоў падчас гульні беларусаў з гаспадарамі турніру склала 991 тысячу чалавек (30% гарадскога насельніцтва Беларусі).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.