Вы тут

Гісторыю збіраем разам


На паўтары тысячы экспанатаў папоўніліся фонды Гомельскага палацава-паркавага ансамбля за апошнія два гады.

Сярэбраны падшклянак і тэатральная сумачка, металічная шпора вершніка і красала, раскошны альбом з фотаздымкамі пачатку мінулага стагоддзя і малітвеннік мусульманскі «Хамаіл», творы сучаснага выяўленчага мастацтва і кананічныя праваслаўныя іконы... Гэтыя рэчы аб'ядноўвае актыўная збіральніцкая дзейнасць супрацоўнікаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля за апошнія гады.


Час ад часу ва ўстанове праходзяць своеасаблівыя справаздачы, прысвечаныя набыццю асобных рэчаў. Напрыклад, прэзентацыя альбома «Hоmеl 1911», у якім — 14 фотаздымкаў палацавых зал і куткоў старадаўняга парку. Так было пры Паскевічах: альтанка каля Лебядзінай сажалкі, скульптурныя кампазіцыі, столік, інкруставаны перламутрам, іншыя прадметы інтэр'ера пачатку ХХ стагоддзя... Гэты калекцыйны альбом стаў экспанатам Гомельскага музея дзякуючы спонсарам, якія дапамаглі яго выкупіць у маскоўскага калекцыянера.

Многія рэчы музею проста дораць. Напрыклад, жыхарка Екацярынбурга Ірына Верашчагіна мінулым летам пабывала ў гомельскіх сваякоў. Зайшла ў музей звычайнай наведвальніцай, а праз дзень прынесла сюды сем тамоў — поўны збор юбілейнага выдання «Айчынная вайна 1812 года», выдадзены праз стагоддзе, у 1912-м. Шыкоўнае выданне доўгі час знаходзілася ў прыватнай бібліятэцы яе бацькі Паўла Верашчагіна, а цяпер заняло пачэснае месца ў музеі.

— Гэта вельмі каштоўны падарунак для нас, — гаворыць галоўны захавальнік фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяна Шода. — Тым больш што ўдзельнікам гэтай вайны быў уладальнік гомельскага маёнтка Іван Фёдаравіч Паскевіч, якога называлі адным з лепшых расійскіх генералаў. Сярод новых паступленняў — фотаздымкі другой паловы ХІХ стагоддзя і да 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Нам цікавыя самыя розныя фота: партрэтныя, кабінетныя, сюжэтныя, візітоўкі, жанравыя... На іх назаўсёды засталіся нейкія людзі або падзеі, якія ніколі не вернуцца. Сярод асабліва значных падарункаў — перададзены гамяльчанкай Галінай Кузняцовай фотапартрэт гомельскага дойліда Станіслава Шабунеўскага, а таксама карціна мастака Гаўрылы Вашчанкі «Сон: калядны партрэт» і многія іншыя.

Прыватная рэліквія — фотаальбом старавераў Кавалёвых — праз час таксама будзе прадстаўлены ў музейных экспазіцыях. На жаль, не заўсёды можна высветліць, хто прадстаўлены на выявах, нават сваякі не памятаюць. Але ж здымкі каштоўныя і з пункту гледжання пэўных аксесуараў, адзення, нават антуражу атэлье, дзе яны зроблены. Дарэчы, спецыялісты гавораць, што першага погляду недастаткова — трэба дасканала вывучаць новыя артэфакты.

— Нам, канешне, асабліва цікавыя тыя здымкі сярэдзіны мінулага стагоддзя, якія зроблены ў гомельскім парку, — адзначае Таццяна Шода. — Больш познія, напрыклад пасляваенныя, таксама могуць расказаць многа. Глядзіце: палац у руінах, а на яго фоне людзі фатаграфуюцца. Тым самым яны пакінулі памяць не толькі сваякам, але і ўсім нам. А вось звярніце ўвагу — «Кароткі руска-нямецкі ваенны размоўнік» 1941 года выдання. Магчыма, такі ж быў у нашага земляка, поўнага кавалера ордэна Славы, Карла Станіслававіча Куркевіча, ураджэнца Мазыра, які закончыў вайну ў Берліне. Гэты фотаздымак быў зроблены ў ліпені 1945 года. А вось Янка Купала з Якубам Коласам на рачной прагулцы. Мы мяркуем, што гэта даваеннае фота было зроблена менавіта ў Гомелі.

Цікавасць, без сумнення, будуць выклікаць кішэнны гадзіннік канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, акварэльны малюнак нямецкага мастака Эміля Лозе «Успамін пра гомельскі парк» 1927 года, кніга «Каталог прадметаў мастацтва, які складаюць збор Фёдара Іванавіча Паскевіча» 1885 года выдання, «Пажарны каляндар» 1902 года... Сярод артэфактаў — і праектныя чарцяжы пуцеправодаў Лібава-Роменскай чыгункі, якія адносяцца да 1901 года. Яны былі перададзены музею ў дар ініцыятыўнай групай «Пошук старога Гомеля».

Вядома ж, частка экспанатаў у музей трапляе праз мытню. Менавіта там сочаць за вывазам з краіны рэчаў, якія ўяўляюць не толькі цікавасць, але гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Часта гэта іконы або старажытныя кнігі. Між тым не толькі праваслаўныя. Вось — мусульманскі рукапісны малітвеннік пазамінулага стагоддзя. Папоўнілася калекцыя музея і грамафонам пачатку ХХ стагоддзя. Ён і цяпер гатовы праакампанаваць кадрыль, вальс або мазурку.

Многа месца сярод новых паступленняў займаюць творы сучаснага выяўленчага мастацтва. Пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама летась была набыта калекцыя карцін вядомых мастакоў Гомельскай вобласці. За два гады музейны фонд палаца папоўніўся больш чым на паўтары тысячы экспанатаў. Збіральніцкая дзейнасць любога музея часцей за ўсё не так заўважная, як экспазіцыйная. Але ж менавіта артэфакты, якія трапляюць спачатку ў сховішча, потым робяцца экспанатамі выставак, і даюць магчымасць нам больш цаніць зямлю і людзей, якія стваралі яе гонар.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.