Вы тут

Падведзены вынікі першага этапу праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»


Сацыяльны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» падвёў вынікі першага этапу ініцыятывы. За паўтара года (першыя заняткі прайшлі ў Мінску восенню 2015-га) каманда «Чытаем па-беларуску з velcom» праехала 21 000 кіламетраў, каб ахапіць 40 населеных пунктаў і правесці ўрокі ў 184 школах і гімназіях нашай краіны. Па спецыяльна распрацаванай праграме займаліся 23 000 вучняў 24-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На думку арганізатараў, менавіта ў гэтым узросце ў дзяцей лепш за ўсё развіваць павагу да роднай мовы і культуры. У якасці пастаянных настаўнікаў праекта перад навучэнцамі паўсталі дзіцячыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алена Масла, Наталля Бучынская, а таксама тэлевядучы Юрый Жыгамонт.


Дзякуючы гэтай магчымасці мы праехалі па краіне, наведалі ўсе абласныя цэнтры, правялі заняткі ў шматлікіх школах, — падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў праекце пісьменніца Раіса Баравікова. — За паўтара года пераканаліся, што ў Беларусі расце новае выключна разумнае, інтэлектуальнае пакаленне. Галоўнае — дзеці імкнуцца ведаць як мага больш моў! Але беларуская ўсё роўна застаецца для іх самай роднай і блізкай. Школьнікі любяць чытаць па-беларуску, цудоўна размаўляюць ды ўвогуле адчуваюць сябе беларусамі.

Адной з цікавінак адукацыйнай ініцыятывы стала выкарыстанне незвычайных пляцовак для сустрэч з настаўнікамі. Сярод іх — парк імя Янкі Купалы ў Мінску, Новы замак у Гродне, Ратуша горада Магілёва, віцебскі тэатр «Лялька», «Барысаў-Арэна» і нават музей ААТ «Беларуськалій» у Салігорску. Апошнім разам да спіса пляцовак далучыўся і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ва ўнутраны дворык галоўнага корпуса БДУ на вялікі інтэрактыўны ўрок сабраліся больш за 200 малодшых школьнікаў. Прыехалі дзеці з Жодзіна, Дзяржынска, Маладзечна, Полацка, Оршы, аграгарадка Квасоўка Гродзенскай вобласці. Для іх зладзілі цікавы квэст «Шляхам асветнікаў». Вынікам камандных намаганняў стала сабраная па фрагментах першая друкаваная кніга Францыска Скарыны.

Першы этап ініцыятывы скончыўся, але арганізатары сцвярджаюць, што праект «Чытаем па-беларуску з velcom» вернецца ў новым навучальным годзе.

— Атрымалася цудоўная справа, і восенню ўсё падоўжыцца, але ўжо ў крыху іншым фармаце, — расказаў пастаянны настаўнік праекта тэлевядучы Юрый Жыгамонт. — Хацелася, каб такіх ініцыятыў станавілася ўсё болей.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прышчэпка беларускасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».