Вы тут

У Касцюковічах прайшоў фестываль «Пісьмянкоў луг»


Гэтае свята адрозніваецца камернасцю, лірычным настроем, асаблівай прыроднай прыгажосцю. Выдатны паэт Алесь Пісьмянкоў рана пайшоў з жыцця — у 47 гадоў. Калі б не суровы лёс, ён бы сёлета адзначыў сваё 60-годдзе.


Цёпла і пранікнёна казалі пра свайго паэта-земляка жыхары вёскі Бялынкавічы, дзе ён нарадзіўся. Ніна Бялугіна з нагоды свята адзела сваю самую прыгожую сукенку. «Для жыхароў вёскі гэта вельмі важная падзея, — кажа яна. — А мне Алесь быў яшчэ і сваяком. Яго бабуля і мая маці былі стрыечнымі сёстрамі, насілі агульнае прозвішча Ніжнікавы. Я старэйшая за Алеся, таму вельмі шчыльных зносін паміж намі не было, але нас з ім аб'ядноўвае любоў да гэтай прыроды, да вёскі, песень нашых бабуль».

На маляўнічым лузе непадалёк ад любімай паэтам ракі Бесядзь прагучала прысвечаная творчасці Алеся Пісьмянкова душэўная літаратурна-музычная кампазіцыя. Кажуць, у 2011-м годзе, калі тут упершыню ладзілі паэтычнае свята, над Бесяддзю раптоўна з'явілася воблака ў форме падковы, яна нагадвала літару П, а потым ніадкуль узнікла яшчэ адно воблачка, і П ператварылася ў А. Быццам нейкая невядомая сіла нагадала пра адзін з самых пранікнёных і лірычных твораў Алеся Пісьмянкова: «Ён ранкам падкову знайшоў у расе, / Шчасліўчык, адораны лёсам, / І кожны падумаў: дамоў панясе! / А ён — шпурлянуў у нябёсы: / «Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!» У гэтым увесь Пісьмянкоў.

На вуліцы Слабадской, якраз насупраць таго самага месца, дзе сёння ляжыць 20-тонны валун з надпісам «Пісьмянкоў луг», стаіць дом, дзе нарадзіўся паэт. На жаль, сёння там жывуць іншыя людзі. Бацькі памерлі яшчэ раней, хутка за імі пайшоў і Алесь. Брат Мікалай неўзабаве прадаў бацькоўскую хату і болей не прыязджае ў вёску. Жыхары кажуць, што ён таксама не вельмі моцны на здароўе.

Першыя гады галоўнай фестывальнай пляцоўкай быў менавіта Пісьмянкоў луг, але зараз святочныя мерапрыемствы прыйшлося перанеслі ў Касцюковічы. Да позняга вечара ў цэнтры горада працавалі выстаўкі, канцэртныя пляцоўкі, літаратурныя гасцёўні, мастацкія майстэрні. Рамеснікі запрашалі на майстар-класы.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАЗЕКА адзначыў: «Не перастаеш здзіўляцца творчаму багаццю і шчодрасці гэтай зямлі. Яна падарыла нам такіх выдатных пісьменнікаў, як Алесь Пісьмянкоў, Іван Чыгрынаў, Аркадзь Куляшоў, Аляксей Русецкі і іншых. Не здзіўлюся, калі ў хуткім часе з'явяцца дастойныя іх паслядоўнікі і праславяць гэты прыгожы край новымі імёнамі».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падкова на шчасце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?