Вы тут

Віцебшчына прадэманстравала сваё імкненне да здаровага ладу жыцця


Віцебшчына 10-ы раз прадэманстравала сваё гарачае імкненне да здаровага ладу жыцця.

У рамках спецыялізаванай выстаўкі-кірмашу «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця» ў канцэртнай зале «Віцебск» ахвотных кансультавалі супрацоўнікі вядучых медыцынскіх устаноў, прэзентавалі праекты па аздараўленні і віды спорту. Чэргі выстройваліся каля «дэгустацыйных пунктаў».


На цырымоніі адкрыцця мерапрыемства выступілі дзіцячыя калектывы мастацкай самадзейнасці. Дзеці і падлеткі таксама прадэманстравалі кірункі спорту, якімі займаюцца. Ім пажадаў перамог выдатнік фізкультуры і спорту СССР, майстар спорту па лёгкай атлетыцы, 6-разовы чэмпіён БССР Віктар Іванавіч Дзяркунскі:

— Вядзіце здаровы лад жыцця! Толькі фізкультура можа дапамагчы ў фарміраванні здароўя, а пасля ўжо — спорт і іншыя дасягненні. І ўсё пачынаецца з зарадкі!

Віцэ-губернатар Уладзімір Пенін расказаў пра тое, што дзяржава ў цэлым і аблвыканкам удзяляюць вялікую ўвагу здароваму ладу жыцця:

— У вобласці больш за 4 тысячы аб'ектаў для заняткаў спортам... Галоўнае, каб кожны звяртаў увагу на здароўе, а яно — будучыня нацыі.

На выстаўцы прэзентавалі праект, накіраваны супраць дзіцячага траўматызму. Віцебская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа разам з партнёрамі выйграла адпаведны грант Прадстаўніцтва ААН.

На выстаўцы ўпершыню можна было навучыцца... размаўляць жэстамі.

— Гэта можа спатрэбіцца медыкам, прадстаўнікам улады, праваахоўных органаў. Як яны будуць разумець тых, хто мае праблемы са слыхам? Ёсць адпаведныя методыкі, падручнік... У нашай навучальнай установе каля 125 дзяцей і падлеткаў. У тым ліку 95 — школьнага ўзросту, — расказала Святлана Аляксеевіч, дырэктар Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.

Вегетарыянцы на выстаўцы вучылі рабіць стравы і напоі з агародніны, садавіны. Можна было таксама навучыцца рабіць масаж, выслухаць рэкамендацыі пра тое, як пазбавіцца ад залежнасцяў... Бацькі атрымлівалі інфармацыю пра бясплатныя спартыўныя секцыі.

— Трэніроўкі праводзяцца ў школах, на спартыўных базах, у нашым універсітэце. Можна займацца кікбоксінгам і тайландскім боксам, валейболам, баскетболам, лёгкай і цяжкай атлетыкай, грэка-рымскай барацьбой, зімовымі відамі спорту... Чакаем дзяцей ва ўзросце ад 7 гадоў, — расказала Вольга Вазміцель, інструктар-метадыст спартыўнай школы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

Вельмі добрым відовішчам сталі паядынкі юных «самураяў». Яны фехтавалі на бяспечных мячах.

— Заняткі спачанам выпрацоўваюць характар воіна-самурая. Выхоўваюцца такія якасці, як дысцыпліна, сумленнасць, мужнасць, — растлумачыў трэнер Дзмітрый Васільчук.

На Віцебшчыне секцыі спачана ёсць у Шаркаўшчыне, Глыбокім, Чашніках, Докшыцах, іншых рэгіёнах. І па ўсёй краіне адзінаборства, якое пайшло ад самурайскіх паядынкаў, вельмі папулярнае. Ужо ёсць сярод юных спачаністаў чэмпіёны і прызёры. На нашым рахунку, у прыватнасці, другое месца на чэмпіянаце свету, які адбыўся ў Токіа. Медаль быў заваяваны восенню мінулага года.

— Японцы высока ацэньваюць тое, што робіцца ў нашай краіне для папулярызацыі спачана. Яны прыязджалі да нас. На летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа будзе прэзентацыя віду спорту. Упэўнены, што ён мае алімпійскую будучыню, — расказаў старшыня Беларускай федэрацыі спачана Андрэй Калістаў.

Як падкрэсліў суразмоўца, мы выйгралі права правесці чэмпіянат Еўропы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шлях чэмпіёна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».