Вы тут

«Мінская хваля»: з любоўю да слухача


У сучасным свеце радыё становіцца не проста фонам для штодзённых заняткаў, не толькі забаўляе музыкай ды гутаркамі вясёлых ды-джэяў з зоркамі эстрады. Сёння радыё — гэта інтэрактыўныя інтэрнэт-пляцоўкі, што дазваляюць слухачам далучыцца да свету шоу-бізнесу, выйграць білет на канцэрт любімага гурта, паэкзаменаваць прадаўцоў і перадаць прывітанне родным ды сваякам. Не толькі слухачы выбіраюць, якое радыё слухаць, але і самі супрацоўнікі каналаў арыентуюцца на густы сваёй публікі. Балазе сувязь праз сацыяльныя сеткі, электронную пошту наладзіць у наш час вельмі проста.


Дырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля» Тамара ВЯЦКАЯ.

Пра новыя падыходы да працы радыё са слухачамі нам расказалі дырэктар радыёстанцыі — аднаго з лідараў эфіру сталічнага рэгіёна — «Мінская хваля», якая вяшчае ў сталіцы і Мінскай вобласці, а таксама ў суседніх рэгіёнах, Тамара ВЯЦКАЯ і начальнік рэкламна-прамоўтарскага аддзела Наталля ЯРМОЛЕНКА. Дарэчы, не так даўно за добрасумленную працу і значны асабісты ўнёсак у дзяржаўную палітыку Тамара Вяцкая была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік тэлебачання і радыё», а Наталля Ярмоленка — Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі.

— Мы працуем з усімі буйнымі арганізацыямі і прадпрыемствамі Мінскай вобласці. Стараемся рабіць рэкламу даступнай і цікавай, каб нашы тавары знаходзілі сваіх спажыўцоў і карысталіся попытам, — расказвае Наталля Ярмоленка. — Найлепшая рэакцыя слухачоў — павышэнне ўзроўню продажу тавараў, што мы рэкламавалі.

Дарэчы, самі супрацоўнікі «Мінскай хвалі» не толькі расказваюць пра тавары:

— Мы да кожнага кліента маем індывідуальны падыход, я нават сама часам набываю прадукцыю, якую мы рэкламуем, — каб паспрабаваць яе ў карыстанні, ну і проста цікава, — кажа Наталля Ярмоленка. — Таксама мы працуем і па-за эфірам: ладзім канцэрты, розыгрышы, супрацоўнічаем з канцэртнымі агенцтвамі, даём слухачам магчымасць наведаць самыя цікавыя імпрэзы.

У ліку самых яркіх пазаэфірных падзей, што адбыліся нядаўна, супрацоўнікі «Мінскай хвалі» называюць выстаўку «СМІ ў Беларусі», дзе праграма была акцэнтаваная на дзецях-вундэркіндах, якія жывуць на Міншчыне. Самаму малодшаму ўдзельніку было 5 гадоў.

— Гэта дзеці, якія сёлета, у Год навукі, могуць пахваліцца сваімі дасягненнямі: расказаць пра сусвет у вершах, растлумачыць, як ствараюцца спецэфекты ў кіно. Быў хлопчык, які марыць працаваць у галіне 3D-трансплантацыі ў хірургіі, а быў і аматар авіяцыі, які дакладна ведае канструкцыю самалёта і чаму ён лятае, — дадае Тамара Вяцкая.

Тамара Вяцкая ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік тэлебачання і радыё», а Наталля Ярмоленка — Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі.

Як расказваюць супрацоўнікі, тады, на выстаўцы, рэкламавалі не сваю радыёстанцыю, а ўсю вобласць, цікавых людзей, якія тут жывуць.

— Мы імкнёмся, каб «Мінская хваля» сапраўды стала радыё для добрых людзей. Нават лагатып наш з сэрцайкам пра гэта сведчыць, — кажа Тамара Рыгораўна. — Разам з упраўленнем адукацыі зладзілі акцыю: падчас вечара сустрэчы выпускнікоў на нашай хвалі гучалі словы ўдзячнасці настаўнікам, былыя вучні расказвалі пра тое, кім яны сталі ў гэтым жыцці. Таксама літаральна днямі мы рэалізуем адразу два праекты — «Апошні званок» і «Выпускны вечар з «Мінскай хваляй», — у межах якіх выпускнікі змогуць павіншаваць сваіх аднакласнікаў, падзякаваць настаўнікам і заказаць для іх добрую песню.

А яшчэ ў планах радыёстанцыі — праект «Народны кантроль».

— Вельмі многа заўваг да якасці прадукцыі ў магазінах і тэрмінаў выкарыстання. Недзе было кепскае абслугоўванне ў пункце грамадскага харчавання. Ёсць аналагі на тэлебачанні, але гэта праграмы зусім іншага фармату, — тлумачыць Тамара Рыгораўна. — У Мінскай вобласці ёсць праблема, што многія крамы не гандлююць прадукцыяй, вырабленай у сталічным рэгіёне. Мы будзем ладзіць рэйды. Нешта самі на месцах будзем знаходзіць, нешта будуць падказваць слухачы: дзе іх пакрыўдзілі, няветліва адказалі, дрэнна абслужылі.

Магчыма, у хуткім часе з'явіцца вада з лагатыпам «Мінскай хвалі». Самі супрацоўнікі кажуць: «Мінская хваля» — чыстая вада». І сапраўды, радыё ў наш час — не проста голас і музыка з прыёмніка, але і значныя адукацыйныя, сацыяльныя праекты, карысныя для ўсіх і кожнага.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».