Вы тут

Што патрэбна, каб стаць сурагатнай маці ў Беларусі?


Мы з мужам вельмі хочам дзіця, аднак я ніяк не магу зацяжарыць. Мая сяброўка выхоўвае дачку адна. Муж ніяк матэрыяльна ёй не дапамагае, а на ўтрыманне дзіцяці вельмі патрэбныя грошы. Сяброўка гатовая вынасіць і нарадзіць нам малое. Скажыце, ці можа яна стаць сурагатнай маці? Святлана, г. Мазыр.


На пытанне адказвае Кацярына РЫНЕЙСКАЯ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення норматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Перш за ўсё адзначу, што паслугай сурагатнай маці можа скарыстацца толькі жанчына, для якой выношванне і нараджэнне дзіцяці па медыцынскіх паказчыках фізіялагічна немагчыма або звязана з рызыкай для яе жыцця ці (або) жыцця немаўляці. А патэнцыйная сурагатная маці павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў, якія дазволяць ёй нарадзіць дзіця для іншай пары.

Прававыя і арганізацыйныя асновы прымянення сурагатнага мацярынства вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 г. «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» (далей — Закон).

Згодна з названым законам, сурагатнай маці можа быць жанчына ад 20 да 35 гадоў, якая знаходзіцца ў шлюбе, мае дзіця і не валодае медыцынскімі супрацьпаказаннямі да сурагатнага мацярынства і на момант заключэння дагавора на сурагатнае мацярынства:

— не прызнавалася судом недзеяздольнай або абмежавана дзеяздольнай;

— не пазбаўлялася судом бацькоўскіх правоў і не абмяжоўвалася ў іх;

— не адхілялася ад абавязкаў апекуна, папячыцеля за неналежнае выкананне ўскладзеных на яе абавязкаў;

— не з'яўляецца былым усынавіцелем (удачарыцелем), калі ўсынаўленне (удачарэнне) адменена судом па яе віне;

— не асуджвалася за здзяйсненне цяжкага, асабліва цяжкага злачынства супраць чалавека;

— не падазраецца і не абвінавачваецца па крымінальнай справе.

Сурагатнае мацярынства прымяняецца на падставе дагавора сурагатнага мацярынства (далей — Дагавор), істотныя ўмовы якога акрэслены ў артыкуле 21 Закона.

Дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і патрабуе натарыяльнага засведчання. Асобы, якія знаходзяцца ў шлюбе, заключаюць Дагавор з пісьмовай згоды сваіх сужэнцаў.

Пацыенты, у дачыненні да якіх мяркуецца прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, павінны прайсці медыцынскі агляд. Гэта патрабаванне пастанаўлення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2012 г. №54 «Аб некаторых пытаннях прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій». Гэты ж дакумент зацвярджае пералік медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў да сурагатнага мацярынства.

Медыцынскія агляды пацыентаў праводзяць арганізацыі аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу. Па выніках праведзенага абследавання ўрач-тэрапеўт выносіць пацыентцы адно з наступных заключэнняў:

— прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці не супрацьпаказана;

— прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці супрацьпаказана.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Загаловак у газеце: Нарадзіць дзіця для іншай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».