Вы тут

Чым Навагрудчына зручная для жыцця?


Аўтэнтычная архітэктура, адметная планіроўка, шматлікія гістарычныя помнікі, якія хочацца наведаць, — усё гэта пра Навагрудчыну. Да таго ж гэты рэгіён зручны для жыцця. Тут дбаюць пра інфраструктуру, таксама аднымі з першых у краіне ўкаранілі альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Пра вядомыя ўсім ветракі Навагрудчыны, пра зручныя для паездак мясцовыя дарогі, а таксама пра асаблівасці адпачынку на Свіцязі карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана КАРАЛЬКО.


— Навагрудчына ў апошнія гады славіцца сваімі ветрапаркамі. Раскажыце, наколькі затратным было іх адкрыццё і ці атрыманы чаканы станоўчы эфект ад работы?

— Ветраэнергетыка ў нашым рэгіёне атрымала вялікае развіццё, гэтаму садзейнічаюць геаграфічныя асаблівасці. Даследаванні ветравых нагрузак пацвердзілі ўнікальнасць прыродна-кліматычных умоў Навагрудскага ўзвышша (найвышэйшая кропка — 323 м над узроўнем Балтыйскага мора). Сярэднегадавая хуткасць ветру вымяралася каля Грабнікаў, Пуцевічаў, Мітропаля, Байкаў і Лоўчыцаў Навагрудскага раёна і на вышыні 100 м перавысіла 8 м/с.

З 2011 года каля вёскі Грабнікі працуе самая буйная ў Беларусі ветраэнергетычная ўстаноўка магутнасцю 1,5 МВт. На гэтай пляцоўцы «Гроднаэнерга» ў 2016 годзе рэалізавала праект «Будаўніцтва ветраэнергетычнага парка ў раёне вёскі Грабнікі Навагрудскага раёна», у адпаведнасці з якім у эксплуатацыю ўведзена пяць ветраўстановак агульнай магутнасцю 7,5 МВт. Разам яны могуць закрыць практычна чвэрць патрэб раёна ў электраэнергіі.

Вялікую цікавасць да Навагрудскага раёна, як максімальна перспектыўнага па аднаўляльных крыніцах энергіі, праявілі прыватныя інвестары. На сёння на тэрыторыі раёна імі ўведзена шэсць ветраэнергетычных установак агульнай магутнасцю 6,35 МВт, завяршаюцца пуска-наладачныя работы сёмай ветраэнергетычнай устаноўкі.

Акрамя таго, у раёне ў 2017 годзе ўсталявана сонечная электрастанцыя магутнасцю 1,25 МВт («ВетраВат»).

Навагрудчына заявіла пра сябе як пра тэрыторыю з унікальнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўрапейскага саюза. У наш час Навагрудскі райвыканкам з'яўляецца ўдзельнікам міжнароднага праекта «Зялёная эканоміка» (праект Еўрапейскага саюза і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). На пляцоўцы каля Грабнікаў будзе ўсталявана ў якасці паказальнага праекта Еўрапейскага саюза і вучэбнага цэнтра пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ветраэнергетычная ўстаноўка магутнасцю 2,3 МВт з мэтай вызначэння эфектыўнасці выкарыстання ў рэспубліцы ветравой энергіі і дэманстрацыі яе магчымасцяў (сума гранта дасягала 4,2 мільёна еўра).

— У лютым гэтага года Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць развіцця дарожнай сеткі рэгіянальнага ўзроўню. Навагрудчына з'яўляецца досыць сур'ёзным транспартным вузлом, адсюль ідуць дарогі на Ліду, Баранавічы, іншыя гарады. Як ацэньваеце ўзровень дарог на тэрыторыі раёна?

— Дарогі рэспубліканскага значэння, якія абслугоўвае ўпраўленне №56 «Гроднааўтадар», адпавядаюць патрабаванням да ўтрымання такіх дарог. Дарогі мясцовага значэння ў Навагрудскім раёне абслугоўвае ДРБУ-189. У 2016 годзе сіламі ДРБУ-189 праведзены рамонт асфальтабетоннага пакрыцця на агульную працягласць 12,4 км, за студзень—красавік 2017 года сума выкананых работ склала 546 992 руб.

На сёння ў Навагрудскім раёне таксама шмат мясцовых дарог з гравійным пакрыццём. Такі від дарог пастаянна падтрымліваецца ў належным стане дзякуючы грэйдзіраванню, падсыпцы і прафіліроўцы.

Думаю, стан дарог нашага раёна можна ацаніць як здавальняючы. Аднак, нягледзячы на праведзеную работу, у Навагрудскім раёне яшчэ трэба асфальтаваць, рамантаваць і мадэрнізаваць каля 60% дарожнага палатна мясцовага значэння.

— Возера Свіцязь — адно з самых чыстых і ўнікальных у нашай краіне. Кожны год сюды прыязджаюць надзвычай шмат турыстаў. Ці складана захоўваць экалагічны стан возера? Ці прыстасавана навакольная тэрыторыя для адпачынку?

— Штогод тэрыторыю Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Свіцязянскі» наведваюць больш за 20 тысяч турыстаў. Нагрузка, па ацэнках спецыялістаў, на возера сапраўды надзвычай вялікая. Каб яе зменшыць, створаны тры платныя аўтастаянкі. Чацвёртая платная аўтастаянка будуецца на беразе Свіцязі каля вёскі Мірацічы. Кампетэнтнымі асобамі стан возера ацэньваецца як здавальняючы.

Падчас купальнага сезона зацікаўленыя спецыялісты прадпрымаюць пэўныя меры для паляпшэння сітуацыі на возеры. Штогод праводзяцца працоўныя дэсанты, акцыі па прыборцы прыбярэжнай зоны. Устаноўлена 6 шлагбаумаў, што перагароджваюць уезд аўтамабіляў у лясную ахоўную зону, 28 кантэйнераў для збору смецця. Працуе інфармацыйны цэнтр (усталяваны гучнагаварыцель) для паведамлення правілаў паводзін на пляжы, вадзе, іншай прафілактычнай інфармацыі.

Рашэннем Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта возера Свіцязь вызначана як месца для купання жыхароў. Тэрыторыя каля возера плошчай у 300 м2 з'яўляецца зонай адпачынку. Яна абсталявана выратавальнай станцыяй, месцамі для пераапранання, грамадскімі прыбіральнямі, інфармацыйнымі стэндамі з правіламі знаходжання ў заказніку. Працуе 8 пунктаў выязнога гандлю, валейбольная пляцоўка, тэнісны стол. Ёсць пракат катамаранаў. Працуюць атракцыёны: батуты, водныя горкі — можна ўбачыць тут і раставых лялек.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

 

Загаловак у газеце: Навагрудчына, зручная для жыцця

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.