Вы тут

Пра што пыталіся школьнікі ў кіраўніка краіны


Учарашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі была незвычайная. Ён не проста наведаў адну са сталічных навучальных устаноў — сярэднюю школу №61 — і заслухаў даклад пра стан адукацыйнай сферы краіны, не проста пазнаёміўся з выстаўкай праектаў таленавітых школьнікаў. Хоць, прынамсі, распрацоўкі юнакоў і дзяўчат выклікалі сапраўднае захапленне — і Прэзідэнта, і дэлегацыі, якая яго суправаджала, і нас, журналістаў.


Цікавасць — з абодвух бакоў

Выходзіла за рамкі — у самым добрым сэнсе — далейшая гутарка Прэзідэнта са школьнікамі. Нечым падобная да прэс-канферэнцыі, нечым — да шчырай размовы. Пытанні закраналі самыя розныя сферы. Натуральна, часцей за ўсё дзеці і падлеткі цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта наконт школы і ўсяго, што з ёй звязана. У той жа час пыталіся і пра дзіцячыя мары кіраўніка дзяржавы, і пра самыя запамінальныя для яго мерапрыемствы, і нават пра тое, як стаць прэзідэнтам.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка цікавіўся меркаваннем школьнікаў наконт зместу і якасці падручнікаў: чаго не хапае, наколькі тыя даступныя для разумення. Спытаў, што яны думаюць наконт пачатку вучэбных заняткаў а дзявятай гадзіне раніцы. Увогуле, кіраўнік краіны шчыра цікавіўся захапленнямі школьнікаў, тым, як яны бавяць свой вольны час. Размова была вельмі адкрытай, дзеці смела задавалі пытанні — і відаць было, што іх сапраўды хвалюе тое, пра што казаў Прэзідэнт. Каля трох гадзін у зале не апускаўся лес рук, і кіраўнік краіны імкнуўся адказаць літаральна на кожнае пытанне.

Будзьце карыснымі для Радзімы

Звяртаючыся да школьнікаў на пачатку сустрэчы, кіраўнік краіны прызнаўся: у школе яму ўспомнілася яго мінулае. І тыя гады, калі ён сам быў вучнем, і тыя, калі сам працаваў настаўнікам.

— Як Прэзідэнт і кіраўнік краіны, я проста абавязаны надаваць асаблівае значэнне вам, моладзі. Таму што бачу ў вас заўтрашні дзень. Нельга не ўдзяляць вам сёння ўвагі, не клапаціцца пра тое, каб вы выраслі сапраўднымі — можа, не толькі лідарамі, але лепш, безумоўна, лідарамі. Лідараў нам у жыцці вельмі шмат патрэбна — пачынаючы ад вытворчасці.

Кіраўнік краіны заклікаў моладзь не губляць у маладыя гады каштоўны час:

— Калі вы зараз не зробіце тое, што абавязаны, павінны зрабіць — атрымаць веды, пабудаваць фундамент свайго жыцця... Калі вы зараз гэтага не зробіце, заўтра ўжо будзе позна.

Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, цяпер жыццё больш імклівае. І калі раней ты згубіў недзе год, ты мог навярстаць, сёння гэта амаль немагчыма.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што менавіта пад небам роднай краіны моладзь можа стаць шчаслівай:

— Галоўнае — гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт, а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі! Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць нешта для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей, дзякуючы якім вы, магчыма, станеце вялікімі і лідарамі.

Перад размовай з моладдзю Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з выстаўкай маладзёжных праектаў з розных рэгіёнаў краіны. Вялікую цікавасць выклікаў праект сапраўднага вынаходніка — дзевяцікласніка Данілы Елісеева, навучэнца мінскай гімназіі №6. Ён самастойна сабраў 3D-прынтар.

Праекты іншых школьнікаў былі таксама досыць цікавымі і прысвечанымі розным кірункам: ад маладзёжнага парламента, музея музычных інструментаў да эканоміі вады і яшчэ цікавай вынаходніцкай распрацоўкі — «разумнай майкі». Прэзентаваў праект Кірыл Стаякоў, школьнік з Віцебшчыны. На плячах майкі — сонечныя батарэйкі. Такім чынам, назапашанае за дзень святло робіць чалавека прыкметным увечары — своеасаблівы ноу-хау-флікер. Акрамя гэтага, ад атрыманай энергіі пры неабходнасці можна зарадзіць тэлефон праз шнур.

Як выбіраць прафесію?

Мікіта Андрыевіч, вучань гімназіі — каледжа мастацтваў Маладзечна, задаў пытанне пра выбар прафесіі: на што трэба звяртаць увагу, каб вызначыцца з прафесійнай будучыняй. Адказваючы на гэта пытанне, кіраўнік краіны ўспомніў, як сам стаяў перад выбарам прафесіі. Цікавы факт: Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, заканчваючы школу, спачатку збіраўся стаць журналістам. Але яго адгаварылі — і будучы беларускі лідар пайшоў на гістарычны факультэт.

У цэлым жа пры выбары прафесіі важна сумяшчаць свае здольнасці, майстэрства і прыслухоўвацца да парад старэйшых, не адкідаючы ні аднаго пункту гледжання. Увогуле, улічваць розныя меркаванні — адзін з прынцыпаў працы Прэзідэнта:

— Слухай усіх, а рабі так, як ты лічыш патрэбным. Але не адкідай ніколі ні аднаго пункту гледжання. Гэта сапраўды мой прынцып. Калі я праводжу нараду на вышэйшым узроўні і мне прыносяць пакет дакументаў, я гляджу, ці ёсць альтэрнатыўныя пункты гледжання. Вось табе дакладваюць па адным пытанні, усё добра, вось па гэтым шляху пойдзем. Ідзе пытанне: а што будзе інакш? Калі альтэрнатыўнага пункту гледжання няма і не прадстаўлены носьбіты гэтага альтэрнатыўнага пункту гледжання ў дакументах напярэдадні нарады, я яе адмяняю.

Больш дзяўчат у арміі

Ганна Ломаўцава, навучэнка Полацкага кадэцкага вучылішча, спытала меркаванне кіраўніка дзяржавы пра прафесійную будучыню дзяўчат-навучэнак кадэцкіх вучылішчаў:

— Нам дзяўчат трэба больш — і ў МУС, і ў пагранічных войсках, і ў арміі. У нас у арміі маса прафесій, дзе мы можам выкарыстоўваць жаночую працу. Армія — справа цяжкая і ў асноўным — мужчынская. А вазьміце адукацыйны кірунак, медыцынскі, штабную работу, сувязь... Жанчыны на гэтых пасадах значна больш эфектыўныя, чым мужчыны. Гэта я ведаю як былы афіцэр, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Мы багатыя, бо ў нас дзве мовы

Было і пытанне пра навучанне на роднай мове: дзевяцікласнік цікавіўся меркаваннем Прэзідэнта наконт вывучэння гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі выключна на беларускай мове.

— Дзяржаўныя мовы ў нас дзве — руская і беларуская. Я лічу, што чалавек сам павінен выбіраць: па-беларуску ці па-руску ён будзе вывучаць прадмет. Калі вы ў мяне спытаеце: а я хацеў бы як? Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы вывучаліся на беларускай мове. Усё-такі беларускай мовы ў нашым быце не хапае...

Ён таксама заявіў:

— У нас ёсць мова, якая адрознівае нас ад іншых народаў. Бо дзяржава і народ маюць пэўныя асаблівасці. Ёсць у народа свая мова — значыць, гэта народ. У нас такіх дзве, мы багатыя.

Фізічная нагрузка як неабходнасць

Асобная тэма — спорт і здаровы лад жыцця. Алена Чарняк з Гродзенскай вобласці спытала ў Прэзідэнта, як упэўніць моладзь у тым, што спорт і здароўе — вельмі важныя рэчы.

— Спорт — гэта наркотык, — адзначыў кіраўнік краіны. — Прымусьце сябе паўгода займацца спортам, а далей вы проста будзеце адчуваць патрэбу.

Аляксандр Лукашэнка прызваў моладзь кожную раніцу рабіць зарадку і нават прапанаваў некалькі практыкаванняў. Гэта нескладана, але вельмі станоўча адаб'ецца на здароўі. А пасля школы важна паставіць перад сабой задачу 45 хвілін — гадзіну прысвячаць спартыўнай нагрузцы:

— У мяне правіла: у дзень дзве гадзіны моцнай нагрузкі. Таму што ў мяне няма столькі руху, колькі ў вас. Дзве гадзіны жалезна, за выключэннем, калі ў экзатычнай краіне камандзіроўка і там небяспечна недзе бегчы і да таго падобнае.

На­ву­чэн­цы ар­хі­тэк­тур­на-мас­тац­кай гім­на­зіі №75 го­ра­да Мін­ска ў рам­ках пра­ек­та «Нам за­ста­ла­ся спад­чы­на» ўз­наў­ля­юць у ма­ке­тах ста­ра­даў­нія, у тым лі­ку стра­ча­ныя, пом­ні­кі ар­хі­тэк­ту­ры. Свае ра­бо­ты яны пра­дэ­ман­стра­ва­лі ўчо­ра Прэ­зі­дэн­ту на вы­стаўцы да­сяг­нен­няў дзі­ця­ча­га і ма­ла­дзёж­на­га руху «Лі­дар­скія ары­ен­ці­ры — фор­му­ла пос­пе­ху» ў ся­рэд­няй шко­ле №61.

Дабрабыт вяскоўцаў і спорт

Было пытанне і пра дзіцячую мару Аляксандра Лукашэнкі — ці збылася яна. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што тады і не думаў пра тое, каб стаць прэзідэнтам.

— Я амаль нідзе гэтага не кажу... Скажу вам шчыра і сумленна: у мяне было адзінае жаданне, паколькі я жыў у сяле, не ў найлепшым, я бачыў пакуты людзей, недахопы, бачыў, як яны жылі... У мяне было жудаснае жаданне ўзяць нейкую тэрыторыю, гаспадку і вось гэтым людзям зрабіць нешта добрае.

А яшчэ, успомніў кіраўнік дзяржавы, ён хацеў стаць прафесійным спартсменам, шмат гуляў у футбол, а пасля пашкодзіў калена. Стаў гуляць у хакей.

Робіць кіраўніком сумленнасць

Яраслаў Бузько з Гомельскай вобласці задаў вельмі ёмкае пытанне: як стаць прэзідэнтам?

— Самы шчыры адказ будзе такі: я не ведаю. Я вельмі часта ў вузкім коле пра гэта кажу: я стаў прэзідэнтам цалкам выпадкова... Тое выпадковае абранне мяне да многага абавязвае. Таму я імкнуся і часта кажу сваім падначаленым: першае, не чапай чужога, ні ў якім разе; другое, у труне кішэняў няма. Гэта мае прынцыпы працы. Яшчэ раз падкрэсліваю: я не ведаю, як я стаў прэзідэнтам, і не магу даць вам параду, як ім стаць.

Галоўная парада Прэзідэнта будучым лідарам: жывіце сумленна.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Чаму так важны спорт, і як стаць... прэзідэнтам

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.