Вы тут

Народнай мудрасці яднанне: Беларусь – Кітай


Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі рэалізаваны цікавы сумесны беларуска-кітайскі праект.


Фота: obe.ru

Цеснае супрацоўніцтва беларускіх і кітайскіх вучоных не абмінае і гуманітарны складнік. У выдавецтве “Беларуская навука” толькі што пабачыла свет сапраўды ўнікальная кніга – зборнік “Прымаўкі ды прыказкі – мудрай мовы прывязкі (з адвечнай мудрасці народнай)”. У кнізе прадстаўлены найболей тыповыя прыказкі і прымаўкі беларускай мовы і пададзены іх пераклад на кітайскую мову. Укладальнікі выдання – А. Лакотка, Т. Кухаронак, А. Алфёрава. Агульная рэдакцыя належыць акадэміку А. І. Лакотку. Пераклад на кітайскую мову ажыццявілі Ван Цінфэн, А. В. Раманоўская.

У анатацыі да выдання гаворыцца, што гэтая кніга – вынік першага навуковага форуму вучоных-гуманітарыяў Беларусі і Кітая, які адбыўся ў верасні 2015 года ў Шанхаі і Пекіне. З “Уводзінаў” да кнігі: “У прыказках і прымаўках выразна адлюстраваны характэрныя асаблівасці жыццядзейнасці беларусаў, якія заўжды былі звязаны з прыродай, пастаянна адчувалі яе прыкметны ўплыў на жыццё і працу, вымушаны былі былі прыстасоўваць да прыродна-кліматычных умоў нашага краю сваю гаспадарча-працоўную дзейнасць. У сціслых формулах сканцэнтравана ўся народная мудрасць, народны вопыт і філасофскія абагульненні, асабліва ў дачыненні да працы, якая з’яўлялася асновай дабрабыту і гарманічнага зямнога жыцця…”

Пэўна ж, цэлыя вобразы, з’явы паўстануць для кітайскага чытача, калі ён праз пераклад пазнаёміцца з такімі выказваннямі: Зямля – нас усіх маці: і корміць, і поіць, і апранае нас; Вада і агонь – усяму сіла; Лета збірае, а зіма паяднае; Мокры май – жыта як гай; Год мае багата прыгод; Святочнаму дню святочная работа; Праца чорная – хлеб белы; Дзе гаспадар ходзіць, там жыта (зямля) родзіць; Зямлі кланяйся ніжэй – будзеш да хлеба бліжэй; Хто арэ ды сее, той малоціць і вее; Адно зярнятка пуд прыносіць… Перакладчыкі выбралі наступны шлях знаёмства кітайскага чытача з сэнсам, зместам прыказак і прымавак. Яны падаюць тлумачэнне выслоўяў, што, відавочна, з улікам складанасцяў перадачы, рознасці менталітэту з’яўляецца досыць правільным рашэннем. Што маецца на ўвазе? Напрыклад, прыказка: “Які пастух – такі і статак”. А перакладчыкі перадалі наступны сэнс, які поруч з кітайскім перакладам выдрукаваны і па-беларуску: “У любым калектыве парадак, дысцыпліна, працоўная зладжанасць, маральная атмасфера ў першую чаргу залежаць ад кіраўніка”. Альбо: “Вочы страшацца, а рукі зробяць”. Сэнс перададзены наступны: “Прыказка вучыць не баяцца ніякай справы, ніякай працы, ніякіх жыццёвых цяжкасцей, а пачынаць дзейнічаць – і вынік будзе станоўчы”.

Асобная тэма гаворкі пра кнігу – мастацкае афармленне. Да кожнай прымаўкі ці прыказкі пададзена ілюстрацыя. 15 мастакоў праілюстравалі сваімі работамі беларускія прыказкі і прымаўкі: Кацярына Бяляўская, Уладзімір Вішнеўскі, Валерыя Гормаш-Дрэбезава, Кацярына Дасько, Хрысціна Іванцова, Аліна Кісляк, Юлія Мацура, Дар’я Петрусевіч, Аліна Прастак, Глеб Сідарэнка, Валерый Славук, Анастасія Стальмашонак, Юрый Хілько, Фёдар Шурмялёў.

Адным словам, можна павіншаваць выдавецтва “Беларуская навука” і ўсіх, хто працаваў над кнігай “Прымаўкі да прыказкі – мудрай мовы прывязкі” на беларускай і кітайскай мовах з унікальным выданнем, добрай падзеяй на ніве беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».