Вы тут

Беларускі партрэт Гао Мана


Азербайджанскі мастак Каміль Камал, які многія дзесяцігоддзі жыве ў Мінску, намаляваў партрэт сябра беларускай культуры і беларускай літаратуры кітайскага перакладчыка Гао Мана.


“Смакую віно, якое любіў Ду Фу”, так называецца верш народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, прысвечаны кітайскаму перакладчыку і мастаку Гао Ману. Чытаем у творы, які наш беларускі класік “прывёз” са сваёй вандроўкі ў Кітай: “Я надгубіў віно,/Якое піў Ду Фу,/ І закусіў развараным бамбукам,/ Але не ўбачыў дно/ І завяршаць страфу/ Даверыў вераснёўскім сумным гукам”…Каміль Камал сябраваў з Рыгорам Барадуліным. Яны неаднойчы сустракаліся ў майстэрні мастака. У беларускага паэта ёсць верш, прысвечаны Камілю…

— Шкадую, што ў ранейшыя часы я не ведаў пра гэты факт, гаворыць мастак, іначай мы абавязкова пагаварылі пра сустрэчу Гао Мана з Барадуліным у Пекіне… Што мне гэта дало б у працы над партрэтам кітайскага сябра..? Магчыма, я тое маё ўяўленне пра Паэта і Паэзію, якое ўспрыняў ад Рыгора Іванавіча, ад знаёмства з ім і яго вершамі, уклаў бы ў вобраз Гао Мана… Так, я пра кітайскага перакладчыка даведаўся, калі ўжо пачаў працаваць над стварэннем серыі малюнкаў для кніг кітайскай паэзіі, што выходзяць у Выдавецкім доме “Звязда”… Ведаю, што “звяздоўцы” кантактуюць з Гао Манам. Нягледзячы на яго сталы ўзрост, раяцца па зместу серыі, іншых рабочых пытаннях, звязаных з перакладамі кітайскай паэзіі ў Беларусі. І я маляваў Гао Мана па фотапартрэту… Рады, што трымаў у руках яго кнігі, выдадзеныя ў Кітаі…

Узіраючыся ў выяву кітайскага перакладчыка і мастака-каліграфа, народжаную ў выніку мастацкага асэнсавання свайго героя Камілем Камалам, неўпрыкмет задумваешся, колькі ж уяўленняў пра Беларусь, беларускую культуру, увогуле пра славянскі свет назбіралася ў свядомасці нашага кітайскага сябра. Нараджэннем з 1926 года, ён адкрываў для сябе рускую літаратуру, шматнацыянальную савецкую літаратуру ў спрыяльныя для гэтага часіны. Кітай вырваўся з цянётаў вайны, з цянётаў палітычных і грамадзянскіх міжусобіц. Сяброўства і падтрымка Савецкага Саюза далі новаму Кітаю ў 1940-1950-ыя гады шмат свайго камуністычнага імпэту, шмат перакананасці ў справядлівасці сацыяльнага, палітычнага выбару. Удумлівы Гао Ман, сур’ёзныя перакладчыцкія памкненні якога пачаліся з пераўвасаблення п’есы пра шматпакутніка Паўла Карчагіна, набіраў вопыту і мастацкай сталасці. Сярод першых яго работ быў і зборнік выбраных вершаў Максіма Танка, пераклад якога нарадзіўся з асабістага знаёмства творцаў, развіцця сімпатый адзін да аднаго…

 Недзе я прачытаў пра тое, што для кітайцаў паэзія гэта як грамадскія гульні, гаворыць Каміль Камал. – І я вельмі часта разважаю над сэнсам гэтых слоў. Бо і для мяне паэзія ўяўляецца часткай светапогляду. Чытаючы Нізамі, Гусейна Джавіда, Мікаіла Мушвіга, чытаючы Рыгора Барадуліна, Пушкіна, Лермантава, я не толькі вобразамі іх захапляюся, а даволі часта думаю пра тое, якія ўплывы на свядомасць можа аказаць прыдуманы, вынайдзены імі радок. Гавораць, што кітайцы вельмі часта цытуюць паэтычныя радкі на малюнках, выпісваюць ці вымалёўваюць іх на сценах дамоў. Чамусьці мне такі падыход імпаніруе… Можа быць, якраз разуменне, што Паэзія ёсць галоўны востраў чалавечага жыцця, тая прастора, куды ўцёкі не забаронены ніколі, і натхніла мяне на стварэнне партрэта Гао Мана..?

“Як цёплы сырадой,/Адстоены, густы,/ Бялелася віно/ Ў кілішку кволым, / І ўзняўся мой настрой/ Да горнае вярсты,/ Радок схіліўся перад вечным долам./ Цягнулася сцяна/ У дзесяць тысяч лі,/ Што звалася Вялікаю сцяною,/ Цішэла гамана,/ І цеплыня зямлі/ Здвалася вядомаю маною”, разважае пра Кітай і кітайскія сімвалы і вобразы ў вершы, прысвечаным Гао Ману, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Каміль Камал вымаляваў, вынайшаў сваё ўласнае прачытанне кітайскай паэзіі ў афармленні кніг Ван Гачжэня, Лі Цынчжаа, Мэн Хаажаня, выдадзеных па-беларуску… Усе тры зборнікі (а яшчэ падрыхтавана да друку і кніга вершаў Сюй Чжымо з ілюстрацыямі беларускага творцы) – сведчанне мастакоўскай захопленасці кітайскай паэзіяй.

— Калі ідзе часам гаворка пра Кітай старажытны, Кітай з багатай гісторыяй асветніцтва, культуры, сведчыць Каміль Камал, то так ці іначай заходзіць размова пра Кітай “трох рэлігій”, Кітай канфуцыянства, даасізма і будзізма. Не забываюцца пры гэтым нагадаць, што паміж рэлігіямі няма жорсткіх межаў. Адсюль, з беларускай далечыні, мне бачыцца і ўяўляецца, што кітайцы маюць і чацвёртую рэлігію – рэлігію Паэзіі. Пераконвае ў гэтым і іх усенародная памяць пра першага паэта, чыё імя захавала гісторыя, Цюй Юаня… Згубіўшы сэнс жыцця, калі яго мудрыя парады аказаліся непатрэбнымі цару Хуй-вану, а пасля і яго сыну Сян-вану, паэт скончыў сваё жыццё самазгубствам, кінуўся ў раку. І ўжо хутка як два тысячагоддзі і амаль тры стагоддзі кітайцы ў дзянь Свята лодак-драконаў – у дзень смерці Цюй Юаня шукаюць па рэках свайго паэта. Сэнс напаміну пра першага кітайскага паэта з’яўляецца зразумелым кожнаму кітайцу, вобраз Цюй Юаня – гэта палітычная зброя народа Кітая… Дык хіба ж тады Паэзія не рэлігія?!.

— Ці вернецеся вы яшчэ да вобраза Гао Мана? – пытаюся ў беларускага мастака азербайджанскага паходжання.

Каміль Камал задумваецца, пачынае гартаць кніжачку Лао-Цзы (зборнік гэтага даасіста з прадмовай Льва Талстога ўжо, мусіць, чвэрць стагоддзя знаходзіцца ў бібліятэцы мастака)…

— Падарожжа ў тысячу вёрст пачынаецца з аднаго кроку, пераказвае Каміль Камал вялікага Лао-Цзы, і, мусіць, я яшчэ не зрабіў і часткі таго кроку, які вядзе мяне ў Кітай… Ці змагу я дайсці да Кітая? Ці змагу адкрыць яго бязмежную ўнутраную прастору? Ці буду яшчэ маляваць Гао Мана?.. На гэтыя пытанні павінен адказаць час. Я толькі іх, прасторы і часу, пясчынка… І ўсё ж веру ў свой крок да Кітая…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».