Вы тут

Свята народнай творчасці чарговы раз прайшло на Аўгустоўскім канале


Свята «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» з кожным годам становіцца больш змястоўным і захапляльным. Яго смела можна назваць брэндавым. І гэта зразумела. Вось ужо больш чым паўгода, як на тэрыторыі парку «Аўгустоўскі канал» дзейнічае бязвізавая зона, і мясцовыя ўлады імкнуцца прывабіць турыстаў.


— Аўгустоўскі канал злучае тры дзяржавы і вабіць як беларускіх, так і замежных турыстаў, — падкрэсліў падчас адкрыцця фестывалю намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Колькасць наведвальнікаў расце. Так, у мінулым годзе тут пабывала 80 тысяч чалавек.

Гаспадары паказалі, на што яны здольныя і чым багатыя. Нагадалі старадаўняе жыццё-быццё. Напрыклад, жыхары Луцкаўлян запрасілі ў сялянскі пакой з ручнікамі, іконай і калыскай для дзіцяці.

— Вышыўка адрозніваецца яркім, але дробным малюнкам, — расказалі супрацоўнікі мясцовага цэнтра культуры, — ручнікі вешаюць асіметрычна, што візуальна павялічвае пакой. Яшчэ на ручніках ставілі дату нараджэння гаспадыні, значыць, гэты ручнік яна атрымала ў падарунак ад маці.

Успомнілі і пасхальныя традыцыі. Імі на ўсю краіну праславіліся сапоцкінскія майстры. Тэхніка роспісу яек унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На свяце Валерыя Душчак з Сапоцкіна расказала і паказала, як гэта робіцца. Цікава, што для чорнай афарбоўкі яек патрэбны кара дуба, вольхі і ржавыя цвікі.

У тэму

Шлюз Дамброўка — адзін з чатырох, якія знаходзяцца на беларускім баку Аўгустоўскага канала. Гэта жывапіснае месца прыстасавалі для правядзення розных свят. Абсталяваны паркоўкі, хоць іх ужо не хапае. Тэрыторыя падзелена на некалькі зручных зон. Падчас свята яны запаўняюцца майстрамі, народнымі падворкамі, выстаўкамі. Ёсць зоны адпачынку — кавярні пад адкрытым небам альбо гандлёвыя павільёны. Тут жа знаходзіцца былы домік назіральніка канала, цяпер — музей. Зоны раздзяляе бурны водны паток, праз які пракладзены шырокі драўляны мост. Тут можна назіраць шлюзаванне, якое праходзяць байдаркі, мясцовы цеплаход альбо яхты, якія плывуць з Польшчы. Сёлета гэта другое вялікае свята на канале, арганізаванае Гродзенскім раёнам. Яшчэ адным масавым святам будзе «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», якое пройдзе ў жніўні.

На падворку вёскі Капцёўка можна было атрымаць у падарунак збор лекавых раслін. Згодна з легендай, такі збор гатавала маладая княгіня, лёс якой склаўся трагічна, бо яна не прыйшлася даспадобы маці свайго мужа Казіміра Радзівіла. Кажуць, што яе постаць дагэтуль блукае па гэтых мясцінах.

Гаспадыні з Індуры задумалі на падворку мыццё бялізны. Але па-даўнішняму — каля калодзежа, у балейцы і тазіках. А развесілі яе на вяроўцы, якую нацягнулі паміж граблямі. Усе, хто пажадаў, маглі прайсціся па бялізне старажытнымі прасамі, як на вуглях, так і яшчэ больш даўнімі — драўлянымі. Ніна Глугоўская паказала прас, якім у 60-я гады карысталіся ў яе сям'і.

— З яго дапамогай спраўляліся з прасаваннем ільняных рэчаў, хоць і трэба было шмат намаганняў прыкласці. А яшчэ раней бялізну накручвалі на скалку і прасавалі рабрыстай дошкай, — растлумачыла жанчына.

Жыхары з Абухава запрашалі прыняць удзел у збіцці масла ў драўлянай маслабойцы. Яшчэ і цяпер у вёсках можна сустрэць гаспадароў, якія карыстаюцца такім спосабам. Масла ў гэтым выпадку атрымліваецца пышным і салодкім, зазначыла загадчыца цэнтра культуры Вольга Янучэня.

Мала хто праходзіў міма зэльвенскага ганчара Сяргея Худзяева. Самым рашучым давалася магчымасць самім вырабіць нешта з гліны. У некаторых гэта атрымлівалася, а іншыя так і не справіліся з імклівым ганчарным кругам.

Кампетэнтна

Наталля Рамановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама:

— Кожны год тэматыка свята «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» розная. Напрыклад, летась у нас была казачная тэма, сёлета мы стварылі музей пад адкрытым небам, дзе прадставілі культурныя асаблівасці вёсак Гродзенскага раёна. Дзякуючы яшчэ і добраму надвор'ю, наша свята наведала каля тысячы чалавек. Была арганізавана экскурсія па маршруце «Аўгустоўскі канал — жамчужына Прынёманскага краю», у агляд якой увайшло наведванне музея і дотаў уздоўж канала.

— Гэта на першы погляд хутка і проста, — растлумачыў майстар. — Уся хітрасць у тым, каб роўна накіраваць уверх ком гліны, а круг круціць ад сябе.

Жанчыны маглі паспрабаваць свае здольнасці ў ткацтве. На пляцоўку прывезлі сапраўдны станок, які раней быў амаль у кожнай сялянскай хаце. Зараз такіх станкоў нямнога, але былое рамяство ўзнаўляюць — ткацкі гурток створаны і працуе ў Парэцкім цэнтры культуры.

Цяпер мала хто ведае, як танцаваць, напрыклад, кракавяк. А некалі яго танцавалі паўсюдна. Жыхары з Жытомлі паказалі сваю версію танца і навучылі іншых. І ўсё гэта пад дудку, бубен і трашчотку. Дарэчы, недахопу ў песнях і танцах не было. Як заўсёды, па поўнай праграме выступіў заслужаны аматарскі ансамбль песні і танца «Ніва» ў яркіх бела-блакітных касцюмах з чырвонай вышыўкай. Для канцэртаў на тэрыторыі шлюза ўладкавана спецыяльная сцэна і ёсць нават глядзельная зала — доўгія драўляныя лаўкі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Яна Хведчына

Загаловак у газеце: Як на канале на кроснах ткалі...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.