Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра пераможцаў Кубка краіны па футболе і чэмпіянату Беларусі па гандболе, таксама адзначаем поспехі прадстаўнікоў айчыннага веславання і валейбола.


1. Футбалісты брэсцкага «Дынама» сталі пераможцамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку, адолеўшы салігорскі «Шахцёр», акрамя самога Кубка, яны заваявалі пуцёўку ў Лігу Еўропы.

Лік у матчы адкрыў «Шахцёр», намаганнямі Віталя Лісаковіча мяч аказаўся ў варотах, зноў аднавіў раўнавагу на табло Аляксей Лягчылін — 1:1. Дадатковыя 30 хвілін прайшлі на сустрэчных курсах, але галоў не прынеслі. Усё вырашылася ў серыі пенальці. Яе героем стаў галкіпер «Дынама» Жэрэмі Малерб, які адбіў 10-ы па ліку ўдар, вынік
па пенальці — 10:9 — на карысць брэсцкага клуба.

Адзначым, што на стадыёне «Нёман» у Гродне, дзе праходзіла сустрэча, сабралася больш за 8 тыс. гледачоў.

Гэта другі Кубак для дынамаўцаў з берагоў Буга, першы быў заваяваны 10 гадоў таму ў фінальным супрацьстаянні з барысаўскім БАТЭ і таксама ў серыі пасляматчавых пенальці.


2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова 9-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі. У фінальнай серыі БГК быў мацнейшы за мінскі СКА.

Толькі ў першым матчы залатой серыі, які праходзіў у мінскім палацы спорту «Уручча», гандбалісты СКА аказалі сур'ёзнае сапраціўленне «мяшкоўцам», саступіўшы ў авертайме — 31:34. У Брэсце СКА двойчы прайграў у асноўны час — 23:31 і 28:35. Вынік серыі — 3:0.

Тым не менш мінскі СКА пакуль застаецца самым тытулаваным гандбольным клубам краіны — у яго скарбонцы 10 залатых узнагарод, апошняя з якіх была заваяваная ў 2002 годзе.

У барацьбе за бронзу гандбалісты «Гомеля» перамаглі гродзенскі «Кронан».

Заключны, пяты, матч жаночага чэмпіянату пройдзе сёння ва «Уруччы», на пляцоўцы сустрэнуцца «БНТУ-БелАЗ» і дзейныя чэмпіёнкі краіны — гандбалісткі «Гомеля».
У іх супрацьстаянні пакуль роўны лік — 2:2.


3. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн заваявала сярэбраную ўзнагароду чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні, які завяршыўся ў чэшскім Рачыцэ.

У вырашальным заездзе адзіночных лодак на дыстанцыі 2000 м беларуску змагла апярэдзіць толькі Вікторыя Торнлей з Вялікабрытаніі. Трэцяй фінішную рысу перасекла Анекатрын Тыле з Германіі.

Адзначым таксама, што на трэцюю прыступку п'едэстала чэмпіянату Еўропы падняўся беларус Станіслаў Шчарбачэня.


4. Нацыянальная мужчынская зборная па валейболе ў заключным матчы адборачнага турніру ў Заграбе перамагла Данію з лікам 3:1 і выйшла ў трэці раўнд кваліфікацыі чэмпіянату свету. Нагадаем, раней падапечныя Аляксандра Сінгаеўскага саступілі сербам, але абыгралі валейбалістаў Швейцарыі, Харватыі і Нарвегіі.

Зборная Сербіі стала пераможцам кваліфікацыі ў групе Е і разам з іншымі валейбольнымі дружынамі з Францыі, Нідэрландаў, Славеніі, Расіі і Фінляндыі, якія занялі першае месца ў сваіх групах, атрымала права згуляць на чэмпіянаце свету.

У трэцім раўндзе кваліфікацыі, які пройдзе з 11 па 16 ліпеня, за адзіную пуцёўку на чэмпіянат свету паспрачаюцца каманды Беларусі, Эстоніі, Германіі, Славакіі, Іспаніі і Бельгіі.


5. Пасля дзвюх сустрэч паўфінальных серый 28-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе ў абедзвюх парах роўны лік 1:1. Для вызначэння фіналістаў спатрэбіцца правесці трэція, вырашальныя паядынкі. У мінскім дэрбі лідар рэгулярнага сезона «Сталіца», саступіўшы на сваёй пляцоўцы ў першай гульні МАПІДу 0:1, здолела адыграцца на выездзе.

У Гомелі свой трэці матч правядуць мясцовы ВРЗ і дзейны чэмпіён краіны «Лідсельмаш». Першы паядынак гамяльчане выйгралі ў сябе дома 4:1, а ў Лідзе двойчы саступалі сапернікам з розніцай у два мячы, але ў канцоўцы асноўнага часу зраўнялі лік — 5:5. У авертайме вынік не змяніўся. Зыход гульні вырашыўся ў серыі пенальці — 2:0 на карысць лідчан.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

 

Загаловак у газеце: Трыумф брэсцкіх клубаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.