Вы тут

Мара ў мініяцюры


Мара ў мініяцюры

Ведаеце, ёсць такія цудоўныя людзі, якія акунаюцца ў любімую справу з галавой. Выдатна, калі твая праца менавіта такая справа, з якой не хочацца вынырваць. Ужо многія чулі пра Яўгена Даніліка — гісторыка, што адкрыў музей архітэктурных мініяцюр «Краіна міні». А мы пазнаёміліся яшчэ з адным чалавекам, які таксама стаяў ля вытокаў: пісаў бізнес-план, запускаў сувенірную краму, арганізоўваў майстар-класы. Сёння мы размаўляем са Святланай Данілік: яна любіць тое, што робіць, і гатова несціся на шалёнай хуткасці да свайго асабістага ідэалу.

— Раскажыце, з чаго пачынаўся музей?

— У 2015 годзе ў мужа з'явілася ідэя гэтага самага праекта. Аднойчы ў Мінску, калі шпацыравалі, убачылі выдатную карту губернскага горада Менска, намаляваную на сцяне. Вось гэтая карта першапачаткова і прынесла ідэю мініяцюрнага Мінска. Потым мы падумалі: чаму б не зрабіць мініяцюрнай ўсю Беларусь?

Такія музеі — гэта пункт прыцягнення для многіх турыстаў, пункт прыцягнення для жыхароў, асабліва дзяцей. Гэта зусім іншы погляд на краіну, іншы погляд на славутасці. І мне ідэя надзвычайна спадабалася. Я разумела, што будзе складана. Першапачаткова была толькі агульная канцэпцыя і мноства пытанняў, а зараз ёсць уяўленне, як музей павінен выглядаць у ідэале. Тое, што ёсць цяпер, — гэта максімум, які магчыма ўвасобіць на першым этапе. І я разумею, што мы хочам яго далей развіваць — у бок інтэрактыву і тэхналогій.

— Якую адукацыю вы атрымалі? Ці дапамагае яна вам у праекце?

— Я ўкраінка, у Беларусі толькі вучылася. Прыехала сюды ў 16 гадоў і тут скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Потым з'ехала з Мінска: вучылася два гады ў магістратуры ў Еўропе, у мяне была сумесная праграма Расія—Германія—Францыя. Я скончыла вучобу толькі ў верасні 2015 года. Па адукацыі я эканаміст.

Так парадаксальна склалася, што ў гімназіі ў мяне была гістарычна-юрыдычная спецыялізацыя. Гісторыя заўсёды была адным з маіх любімых прадметаў, але тым не менш, калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, выбар быў зроблены на карысць міжнародных эканамічных адносін. Пазней я праходзіла практыку ў некалькіх кампаніях, але яны зусім не былі звязаны з гістарычнай і музейнай тэматыкай.

— А што вас так прываблівае ў гісторыі?

— Я пражыла ва Украіне да заканчэння школы, потым я прыехала ў Беларусь. Мне здаецца, калі чалавек паступае ва ўніверсітэт, ён становіцца больш свядомым. І атрымліваецца, што самую свядомую частку свайго жыцця я пражыла ў Мінску. Калі я прыехала ў Беларусь, мне было вельмі цікава вывучаць яе гісторыю. У кожнай краіне на адны і тыя ж падзеі розны пункт гледжання. Я вывучала і разумела, што гэта нешта новае, іншае. Ты пачынаеш больш разумець карані краіны, разумееш, з чаго ўсё пачыналася.

— Як вы стасуецеся ў сям'і з улікам таго, што абодва працуеце над гэтым праектам?

— З мужам мы вучымся размяжоўваць задачы і паважаць вольны час адно аднаго. У Яўгена ёсць і іншы занятак, працяг яго маскоўскай кар'еры: ён цяпер актыўна займаецца кансультаваннем бізнесу ў сферы электроннай камерцыі, лагістыкі, выбудоўвання аперацыйных працэсаў. А мой галоўны занятак — гэта музей. Робім усё з душой, каб падабалася нашым наведвальнікам і яны вярталіся з сябрамі.

Музей — практычна сямейны праект. Тут працуе сястра мужа. Тата вельмі шмат дапамагае, таму можна гаварыць пра сямейную атмасферу.

— Увесь праект — вялікая частка вашага жыцця. І ён, верагодна, забірае шмат сіл. Як вы адпачываеце?

— Я люблю жартаваць на гэты конт: маё культурнае жыццё заключаецца ў тым, што я наведваю музей. Свой музей. Рэгулярна. На самай справе лепшае аднаўленне сіл адбываецца тады, калі мы прыязджаем сюды на выходных, калі шмат наведвальнікаў — гэта сапраўды падсілкоўвае. Прыходзяць вельмі цікавыя людзі, з імі цікава пагаварыць. Гэта дае сілы рухацца далей.

У нас ёсць кніга водгукаў, у якой ужо больш за сотню запісаў. Калі робіцца цяжка на душы, гартаеш і адчуваеш, як лёгка і прыемна становіцца, ты разумееш: займаешся карыснай справай.

— Якія музейныя праекты ў вас цяпер у распрацоўцы?

 Мы хочам запусціць серыю майстар-класаў, каб дзеці сваімі рукамі рабілі макеты славутасцей. І на пробны майстар-клас прыходзіў хлопчык, якому падабаецца мадэліраванне. Мне было вельмі цікава з ім размаўляць, таму што ён у сваім узросце — яму 11 гадоў — вельмі шмат ведаў пра розныя аб'екты. Я яму нешта расказвала, ён мяне нават дзесьці папраўляў, нешта дадаваў. Ён разбіраецца, што як зроблена, з якога матэрыялу. Проста чароўнае дзіця! Калі маці прыйшла яго забіраць, я сказала, што не гатова яго аддаць. J Яшчэ сярод дзяцей быў выдатны хлопчык пяці гадоў, які прыйшоў з татам. І тата не мог яго адсюль забраць гадзіны тры. Казаў, што сын любіць гэтыя макеты-мініяцюры. І адзін такі ён бачыў у музеі Вялікай Айчыннай вайны. Увесь музей яны прайшлі за гадзіну, а потым яшчэ дзве гадзіны стаялі каля аднаго макета. У нас хлопчыку было вельмі цікава: ён разумее тэхналогію, пытаўся, ці ёсць у нас 3D-прынтар і ці выкарыстоўваем мы яго для мадэліравання, для вырабу дэталей? І мяне гэта вельмі ўразіла!

— Для чаго менавіта вы стварылі гэты музей?

 Ёсць такая рыса ў беларусаў: «у суседскім садзе яблыкі смачнейшыя». Я, чалавек, які пажыў у пяці краінах і шмат падарожнічае, магу сказаць, што, напэўна, у жыхара кожнай краіны ёсць такое стаўленне, але ў меншай ступені. А на самай справе ў Беларусі ёсць, што любіць, і ёсць, чым ганарыцца. Чамусьці большасць тубыльцаў гэтага не бачыць. Праект дае магчымасць паказаць: вось, глядзіце, колькі ўсяго ёсць, колькі ўсяго можна ўбачыць, колькі падстаў для гонару!

Яшчэ, дарэчы, вельмі хочацца памяняць стаўленне да музеяў. Мы стварылі камфортнае месца, каб было прыемна правесці час і адначасова даведацца пра нешта новае.

— Вы самі падарожнічалі па Беларусі?

 Не вельмі шмат. Я была на Браслаўскіх азёрах, Нарачы. А з гарадоў — у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Гродне — больш у заходняй частцы. Ўсходнюю частку Беларусі бачыла толькі праездам. Мы плануем гэтым летам амаль на кожныя выходныя выбірацца кудысці: зрабіць тур па тых аб'ектах, якія ёсць у музеі, ці па тых, якія яшчэ з'явяцца. Хочацца ўсё абыграць так, каб гэта было пазнавальным для нашых сяброў, падпісчыкаў.

 У вас асабіста ёсць нейкая адмысловая прыхільнасць да аб'ектаў, якія зроблены або будуць зроблены?

 Я з вялікай павагай стаўлюся да аб'екта, які муж называе сваёй маленькай радзімай, — Ружанскага палаца. І ў бліжэйшы час гэты беларускі Версалеь абавязкова з'явіцца ў экспазіцыі. І вось калі я гляджу фатаграфіі, бачу: ён амаль разбураны, але, відаць, быў вельмі прыгожы, велічны. Калі казаць пра тыя аб'екты, якія ў нас ёсць, мне вельмі моцна ў душу запаў Косаўскі палац: легенды, што пра яго ходзяць, знешні выгляд, нестандартны для палацаў.

 Як рэагавалі наведвальнікі, якія бачылі ўсе экспанаваныя вамі аб'екты ўжывую?

— Былі наведвальнікі, якія жылі недалёка ад Косаўскага палаца. Ёсць легенда пра тое, што там у вялікай зале была шкляная падлога, а пад ёй — акварыум з рыбкамі. І нашы госці распавядалі: калі яны былі маленькія, прыходзілі гуляць у руіны гэтага палаца і сапраўды знаходзілі велізарныя асколкі тоўстага шкла. Прыемна, калі экспанаты выклікаюць такія кранальныя ўспаміны.

Яшчэ быў хлопец, які дайшоў да макета Каложскай царквы, убачыў, што ў макеце зроблены маленькія крамкі з суцэльнага дрэва, і падзяліўся: «Прайшоў усю экспазіцыю, думаю — крута усе макеты зроблены! А потым ўспамінаю, што быў у Каложы літаральна мінулым летам і сапраўды сядзеў на лавачцы, выпілаванай з суцэльнага дрэва, і разумею, што ўсе макеты зроблены са стоадсоткавай праўдападобнасцю!» Такія дэталі людзей ўражваюць досыць моцна. А нас гэта падсілкоўвае — радасныя наведвальнікі і іх ўсмешкі!

 

Гутарыла Святлана Курганава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?