Вы тут

Сельскія школы: закрыць нельга пакінуць


Закрыццё ў вёсках малакамплектных школ заўсёды праходзіць надзвычай балюча, прычым як для саміх дзяцей і іх бацькоў, так і для школьных педагогаў. Усё ж такі сельская школа застаецца адукацыйным і культурным цэнтрам жыцця вяскоўцаў. І сам факт яе закрыцця ставіць пад пытанне перспектывы далейшага існавання населенага пункта...


Міфы пра індывідуальны падыход

Дзесяць вучняў у класе — гэта многа ці мала? А калі ў класе навучаюцца ўсяго два—тры ці пяць дзяцей? І колькі ўвогуле вучняў павінна быць у 10-х і 11-х класах, каб старшую ступень школы можна было захаваць? Адназначнага адказу на гэтыя пытанні не можа быць, бо ў кожнага зацікаўленага боку — свая праўда. На думку бацькоў школьнікаў, малая напаўняльнасць класа — гэта, хутчэй, вялікі плюс, бо, калі ўсе дзеці ў педагога навідавоку, можна спадзявацца на індывідуальны падыход. Да таго ж у малакамплектнай школе звычайна пануе амаль «сямейная атмасфера». І за падвоз дзяцей у суседнюю вёску не трэба хвалявацца...

— Меркаванне, што аптымізацыя сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца выключна ў мэтах эканоміі сродкаў, на жаль, самае распаўсюджанае, — канстатуе начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА. — Безумоўна, ніхто не стане аспрэчваць той факт, што ўтрыманне навучэнца ў малакамплектнай школе абыходзіцца бюджэту ў некалькі разоў даражэй, чым навучэнца ў поўнакамплектнай школе. Але я прапаную паглядзець на аптымізацыю і праблему існавання так званых малакамплектных школ з крыху іншых пазіцый, перш за ўсё з пазіцый якасці адукацыі. Пры гэтым мы павінны разумець, што якасць адукацыі — гэта не толькі вынік навучання, але і асяроддзе, якое гарантуе, што навучэнец атрымае комплекснае асобаснае і сацыяльнае развіццё, якое дазволіць яму быць у жыцці паспяховым і канкурэнтаздольным.

Калі ў класе ўсяго адзін ці некалькі вучняў — гэта зусім не гарантуе, што дзеці дасягнуць у вучобе асаблівых поспехаў. Таму што, па-першае, выніковасць навучання залежыць ад прафесійнага ўзроўню як кожнага канкрэтнага педагога, так і ўвогуле педагагічнага калектыву і, як бы гэта празаічна ні гучала, ад матэрыяльна-тэхнічнай базы школы: наяўнасці адпаведнага вучэбнага абсталявання, магчымасці выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы і гэтак далей.

Па-другое, не меншае значэнне мае стварэнне ў класе канкурэнтнага асяроддзя, матываванасць на вучобу і поспех саміх дзяцей. А калі ў класе ўсяго пяць вучняў, то, як правіла, адзін з іх будзе паспяховым, два — сераднячкамі і яшчэ два як мінімум будуць усім перашкаджаць... Наяўнасць дзіцячага калектыву, грамадскай арганізацыі, удзел у грамадскім жыцці школы — усё гэта абавязковыя складнікі паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў. Таму, калі мы закрываем малакамплектныя школы, робіцца гэта з улікам інтарэсаў дзяцей. Усе школьнікі маюць права вучыцца ў добра аснашчаных кабінетах, набываць навыкі работы ў камандзе — у парах ці групе, займацца ў спартыўнай зале, а не ў прыстасаваным пад урокі фізічнай культуры памяшканні і гэтак далей.

Што не відаць зверху?

Сёння ў сельскай мясцовасці ўжо амаль не засталося школ з пячным ацяпленнем, размешчаных у некалькіх прыстасаваных памяшканнях, без уласных харчблокаў. Такія ўстановы адукацыі закрываліся ў першую чаргу.

У 2016 годзе, па інфармацыі Міністэрства адукацыі, у выніку аптымізацыі сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі закрытыя 79 школ і 75 — рэарганізаваныя. Як правіла, агульныя сярэднія школы рэарганізуюцца ў базавыя, базавыя — у пачатковыя, а дашкольныя ўстановы ўключаюцца ў педагагічны комплекс дзіцячы сад—школа (пачатковая ці базавая).

Але ў гэтым навучальным годзе яшчэ функцыянавала 91 установа агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў да 25 чалавек і 333 установы з колькасцю навучэнцаў ад 26 да 50 чалавек.

— Рашэнне аб закрыцці абавязкова прымаецца з улікам аналізу дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. І калі відавочна, што ў яго ёсць перспектыва, і ў найбліжэйшыя гады дзеці будуць папаўняць навучальную ўстанову, пытанне аб яе закрыцці не павінна стаяць, — запэўнівае намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Ірына КАРЖОВА. — Працэс рэструктурызацыі заўсёды вымагае прадуманых і ўзважаных рашэнняў. І тут трэба думаць як пра інтарэсы дзяцей, так і пра тое, як і дзе будуць працаўладкаваны педагогі. Эканомія бюджэту — задача любога кіраўніка. Але ж «зверху» не ўсё відаць. Толькі на месцах можна рэальна ацаніць неабходнасць захавання ці закрыцця той ці іншай установы. Прычым самы яскравы знешні паказчык — колькасць навучэнцаў — далёка не заўсёды павінен быць вырашальным. Закрыць усе маленькія школы, зыходзячы толькі з невялікай колькасці навучэнцаў, будзе, напэўна, няправільным. Можа, недзе ёсць сэнс захаваць школу і з кантынгентам у 25 чалавек, калі ёсць праблемы з падвозам. Везці маленькіх дзяцей на вялікую адлегласць — таксама не выйсце. А для дашкольнікаў увогуле лепш за ўсё знаходзіцца ва ўстанове адукацыі па месцы пражывання.

Літаральна днямі Міністэрства аховы здароўя адкарэктавала санітарныя нормы і правілы «Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі». Там, у прыватнасці, з'явіўся пункт, поводле якога ў выпадку падвозу вучняў у гарадах і сельскіх населеных пунктах радыус транспартнай даступнасці ўстаноў адукацыі не павінен па часе перавышаць 30 хвілін. Пры ліквідацыі школ з гэтым патрабаваннем давядзецца лічыцца, паколькі адлегласці, на якія возяць школьнікаў, павялічваюцца. Калісьці дзейнічала абмежаванне ў 30 кіламетраў. Але і дарогі могуць быць розныя, дзяцей возяць не толькі па шасэ. Да таго ж для падвозу выкарыстоўваюцца і маршрутныя аўтобусы, прыгарадныя і мясцовыя цягнікі, транспарт сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

Пачуць усіх!

У колькіх яшчэ школах 1 верасня не празвініць першы званок, сказаць пакуль праблематычна. Згодна з адкарэктаваным планам па аптымізацыі, да пачатку 2017/2018 навучальнага года мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі плануецца закрыць 64 і рэарганізаваць 87 устаноў адукацыі. Але рэальнае становішча спраў па краіне стане вядомае толькі ў верасні—кастрычніку.

— Мы накіравалі ліст старшыні Пастаўскага райвыканкама з рэкамендацыяй захаваць у 2017/2018 навучальным годзе прыём навучэнцаў у дзясяты клас сярэдняй школы №4 у горадзе, але канчатковае рашэнне будуць прымаць мясцовыя ўлады, — падкрэслівае Ірына Каржова. — Палічылі нематазгодным закрыццё Мінскага раённага ліцэя. У гэтым нас падтрымала і абласное ўпраўленне адукацыі. Калі ліцэй планавалі ліквідаваць, то навошта ў такім разе ажыццявілі летась набор у 10-ы клас? Трэба спачатку выпусціць гэтых дзяцей, а ўжо потым ліквідавацца. У сітуацыі, якая ўзнікла вакол 206-й сталічнай школы, наша пазіцыя наступная — закрываць установу адукацыі ў многанаселеным мікрараёне з добрымі дэмаграфічнымі перспектывамі немэтазгодна. Там побач аказаліся дзве школы з няпоўнай загрузкай. Але рашэнне закрыць адну школу, каб перавесці яе вучняў у іншую, таксама не самае ўдалае, бо ў гэтым выпадку вучэбны працэс давядзецца арганізоўваць у дзве змены.

Калі ў міністэрства паступае зварот з вялікай колькасцю подпісаў, яго супрацоўнікі абавязкова выязджаюць на месца, сустракаюцца з педагагічным калектывам, наведваюць школу, якая закрываецца, і тую ўстанову, куды плануюць перавесці дзяцей. І калі бачаць, што з дзвюх школ, размешчаных на невялікай адлегласці ў суседніх населеных пунктах, закрываюць школу з лепшымі ўмовамі для навучання ці што гэта ўстанова праз некалькі гадоў таксама можа быць ліквідаваная, абавязкова выказваюць сваё меркаванне. Бо чарговы раз змяняць школу і калектыў — велізарны стрэс для дзіцяці. Галоўнае, каб умовы для навучання і развіцця дзяцей былі значна лепшыя, чым у закрытай школе.

— Трэба абмяркоўваць з бацькамі і педагогамі кожнае пытанне. Людзям неабходна даць тлумачэнні, выслухаць іх просьбы, зразумець перажыванні, развеяць апасенні, — заўважае Святлана Уклейка. — Да бацькоў трэба прыслухоўвацца, бо іх меркаванне — індыкатар якасці адукацыі. З іншага боку, калі бацькі бачаць, што ўстанова не можа даць неабходны ўзровень ведаў, яны самі прыйдуць да разумення неабходнасці яе рэарганізацыі. Любое рашэнне павінна грунтавацца на вельмі істотных, неабвержных падставах, якія сведчаць пра немэтазгоднасць далейшага існавання школы. Яшчэ раз падкрэслю: школы закрываюцца не толькі з мэтай эканоміі сродкаў, паколькі ў гэтым выпадку даводзіцца вырашаць адначасова і шэраг іншых праблем — з падвозам дзяцей, з працаўладкаваннем настаўнікаў, вырашаць жыллёвыя праблемы педагогаў, звязаныя з пераездам у іншы населены пункт, закупляць школьныя аўтобусы. У першую чаргу мы імкнёмся да дасягнення той якасці адукацыі, якую можна атрымаць у добра абсталяванай, сучаснай і мабільнай школе,
і дзейнічаем у інтарэсах вучняў.

У тэму

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО:

— Працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі ідзе ў сталічным рэгіёне ўжо 12 гадоў: за гэты час было закрыта 200 і рэарганізавана 150 устаноў адукацыі.

Пік аптымізацыі ў вобласці ўжо прайшоў: па папярэдняй інфармацыі, да новага навучальнага года плануецца закрыць яшчэ 13 устаноў адукацыі (пераважна размова ідзе пра малакамплектныя дзіцячыя садкі).

Пытанне працаўладкавання работнікаў з закрытых і рэарганізаваных школ заўсёды знаходзіцца для нас на першым месцы. З упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама ў прафсаюза склалася канструктыўнае ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку. Дасягнута дамоўленасць, што рашэнне аб ліквідацыі ці рэарганізацыі ўстановы адукацыі павінна прымацца да 1 красавіка, каб даць людзям магчымасць вызначыцца з месцам сваёй будучай працы. І каб тая ўстанова, куды іх уладкоўваюць, пры папярэднім размеркаванні педагагічнай нагрузкі на наступны навучальны год (а гэта звычайна робіцца ў канцы мая — у чэрвені) магла ўлічыць таксама інтарэсы новых работнікаў. Пры ліквідацыі ўстановы адукацыі ў абавязковым парадку павінен выконвацца пункт, у якім прапісваецца абавязак аддзела адукацыі вырашыць пытанне з працаўладкаваннем кадраў.

Акрамя таго, мы таксама маніторым сітуацыю. І тыя работнікі, якія на 1 верасня аказваюцца непрацаўладкаванымі, атрымліваюць ад прафсаюза аднаразовую выплату ў сувязі са стратай працоўнага месца — ад 10 да 15 базавых велічынь у залежнасці ад складу сям'і (калі ёсць школьнікі, значыць, 15 «базавых»). Грашовыя сродкі ў памеры 1100 базавых велічынь мы выплацілі за гэты час 96 членам нашага прафсаюза — не толькі педагогам, але і тэхнічнаму персаналу.

Праблемным пакуль застаецца пытанне з аплатай работы педагогаў, якія адказваюць за падвоз дзяцей у школы. Толькі ў Мінскай вобласці штодня дзяцей суправаджаюць па дарозе ў школу каля тысячы педагогаў. У настаўнікаў гарадскіх школ галава не баліць, як іх вучні дабяруцца да школы. А сельскаму настаўніку даводзіцца ўставаць а пятай гадзіне раніцы, ехаць, збіраць дзяцей па навакольных вёсках і несці за іх адказнасць... Да таго ж 87 працэнтаў работнікаў школ складаюць жанчыны. Прычым многія з іх выхоўваюць сваіх дзяцей у адзіночку.

Аплата суправаджэння дзяцей дзейным заканадаўствам не прадугледжана. Знайсці рэзерв, каб аплаціць гэту працу, — добрая воля кіраўніка, а не яго абавязак.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Аптымізацыя ў інтарэсах вучняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.