Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Чэрыкаў, Магілёўская вобласць

Паўтары тысячы базавых за чысціню

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі падвяло вынікі рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання. Чэрыкаў аказаўся ў ліку пераможцаў сярод гарадоў і гарадскіх пасёлкаў з насельніцтвам да 10 тысяч жыхароў. У гэтай намінацыі раённы цэнтр Магілёўскай вобласці раздзяліў першае месца з гарадамі Сянно Віцебскай вобласці, Нароўляй і Туравам Гомельскай вобласці.

Кожны з гарадоў атрымае па 1,5 тысячы базавых велічынь. Не менш за 70% ад гэтай сумы пойдзе на далейшае добраўпарадкаванне і развіццё населеных пунктаў, каля 30% — на выплату прэмій кіраўнікам і работнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, што дасягнулі найлепшых вынікаў у справе догляду і санітарнай ачысткі горада.


Віцебская вобласць

Уладкавалі на працу

За студзень—красавік у вобласці ўладкаваны на пастаянную працу 7703 чалавекі, з якіх 22% — тыя, хто мусіў плаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў, паведаміў СМІ камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Для 635 грамадзян было арганізавана прафесійнае навучанне,
70 беспрацоўных атрымалі субсідыю для адкрыцця ўласнага бізнесу. 19 сем'яў было пераселена на новае месца жыхарства і працы. Для 14 інвалідаў арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці.


Смаргонь, Гродзенская вобласць 

Болей птушкі і каўбас

На смаргонскай птушкафабрыцы адкрылі новы цэх з нямецкім абсталяваннем. Большасць тэхналагічных аперацый тут будзе механізавана. У перспектыве таксама плануецца будаўніцтва цэха глыбокай перапрацоўкі птушкі для вытворчасці каўбас. Гэта дазволіць вырабляць да 20 тыс. тон прадукцыі ў год. Яе будуць пастаўляць як на ўнутраны рынак, так і на экспарт. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці за першы квартал ужо выраблена больш за 16 тыс. тон мяса птушкі, аб'ём вытворчасці вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 11%.


Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць

Інвестыцыі ў грыбы

Кампанія з беларускім капіталам «БТВ-Агра» рэалізуе новы імпартазамяшчальны праект па вырошчванні грыбніц, паведамляе адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Брэст». Для гэтага інвестарам будзе выдзелены ўчастак плошчай 76 га. Аб'ём заяўленых інвестыцый складае 18,1 млн еўра. Гатовую прадукцыю плануецца пастаўляць на прадпрыемства «Баншэ», якое вырошчвае шампіньёны і пакуль што закупляе грыбніцу за мяжой. Таксама сёлета ў СЭЗ «Брэст» павінна з'явіцца яшчэ адно падобнае прадпрыемства — «Грыбны рай».


Капыльскі раён, Мінская вобласць

Прадаць або знесці

 На тэрыторыі раёна знаходзіцца 119 аб'ектаў нерухомасці, што не выкарыстоўваюцца, з іх 38 падлягаюць зносу, паведамляе аддзел эканомікі райвыканкама. Большасць будынкаў належыць адкрытым акцыянерным таварыствам з доляй дзяржавы. Чакаецца, што пасля зносу аб'ектаў сельгасарганізацый плошча ворыўных земляў павялічыцца на 6 га.

Шэраг будынкаў — былой Дзяржаўтаінспекцыі, Прускай сельскай бібліятэкі і Праснакоўскага сельскага клуба — плануецца прадаць. Некаторыя аб'екты будуць перададзены бязвыплатна.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Паўтары тысячы базавых за чысціню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».