Вы тут

Як вы ставіцеся да аптымізацыі навучальных устаноў?


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр СЯГОДНІК:

— Я лічу, што гэты працэс трэба праводзіць асцярожна і беражліва, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. Вядома, калі ў класе адзін вучань ці ўвогуле няма вучняў, то аптымізацыю трэба праводзіць і пры гэтым разумець, што школы — гэта цэнтры культуры, цэнтры не толькі адукацыі, але і цэлай культурна-адукацыйнай прасторы. Раней казалі: ёсць школа — ёсць вёска, але, на жаль, сітуацыя змянілася. Сёння, калі ёсць вытворчасць, ёсць працоўнае месца, ёсць і вёска. Як можна абысціся без аптымізацыі, калі вучняў наогул няма? Там, дзе няма навучэнцаў, школа сама па сабе існаваць не можа. Але навязваць і ініцыяваць аптымізацыю ў месцы, дзе ёсць яшчэ дзеці, не варта. Наадварот, трэба захоўваць школы як мага даўжэй.

Начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір РЫЖКОЎ:

— Я стаўлюся да гэтага працэсу дрэнна. Чаму? Таму што ўсё павінна жыць і развівацца. У тым сэнсе, што ў свой час не зусім, напэўна, правільна былі выбраны суадносіны перспектыўных цэнтраў развіцця і наяўнасці ў іх сацыяльнай сферы. Сёння ёсць шэраг аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў, дзе існуюць буйныя сацыяльныя аб'екты, — а іх даводзіцца закрываць, бо яны не запатрабаваныя. Вядома, працэс узбуйнення вытворчасцяў і працэс урбанізацыі — гэта сусветныя тэндэнцыі, ад якіх не сысці. Але неабходна правільна расстаўляць прыярытэты і больш развіваць сацыяльную сферу буйных і сярэдніх сельскіх населеных пунктаў. Але разам з тым — палітыку гэтую ажыццяўляць трэба з улікам актуальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Без аптымізацыі, на жаль, нельга абысціся. Трэба суадносіць даходы і выдаткі. Сёння прыбытковая частка павінна забяспечваць расходную. У сувязі з тым, што практычна ўсе сельскія рэгіёны даціраваныя, неабходна выраўноўванне даходаў і выдаткаў. Акрамя таго, займацца аднаму педагогу з адным-двума вучнямі — гэта няправільна. Пакутуе не толькі якасць, пакутуе і ўзровень развіцця самога настаўніка. А калі няма развіцця педагога, то складана казаць пра развіццё навучэнцаў.

Старшыня Дамжэрыцкага сельскага Савета дэпутатаў Лепельскага раёна Таццяна РАМАНОВІЧ:

— Сказаць, што станоўча стаўлюся, нельга, але і не адмоўна. Разумееце, занадта шмат нюансаў: і адлегласць школы ад школы, і перавозка дзяцей. Напрыклад, у нас школа размешчана далёка ад суседніх, таму навучэнцам пасля 9 класа трэба кудысьці сыходзіць. Сёння ў нас склалася наступная сітуацыя: не сабраўся 10 клас — усяго дакументы падалі толькі 2 чалавекі, а астатнія пайшлі ў тэхнікумы і вучылішчы. Таму двум вучням прыйдзецца ездзіць у школу ў іншым населеным пункце. Колькі туды ехаць? Кіламетраў 25. Кожны дзень туды і назад. Але ў нас арганізавана перавозка. На мой погляд, каб падобнае не адбывалася і дзеці працягвалі вучыцца, трэба зацікаўліваць у гэтым і іх бацькоў. Вядома, пакуль усё праходзіць балюча — і аптымізацыя дзіцячых садкоў, і школ. Усё гэта вельмі складана. Калі пачнуць аптымізаваць дзіцячыя сады, будзе яшчэ цяжэй — як і куды малых вазіць? Нават за некалькі кіламетраў ад дома маленькае дзіця везці штодня нялёгка. У школах прасцей — вучні ўжо досыць дарослыя. Але ўсё роўна ў нас бацькі да апошняга змагаюцца, каб школы не закрывалі.

Дырэктар Бронненскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Вольга ПАДАБЕД:

— Я стаўлюся да аптымізацыі станоўча — і растлумачу чаму. Па-першае, чым большая колькасць дзяцей абкружае вучня, тым лепш ён прыстасоўваецца да сучаснага жыцця. Па-другое, ажыццяўляць нейкія рамонтныя работы лягчэй, калі навучэнцаў больш, таму што гэта дапамога з боку бацькоў. Калі вялікі будынак і мала вучняў, то праблематычна нешта рабіць у прынцыпе. Акрамя таго, калі ў класе шмат вучняў і відаць, што хтосьці лепш вучыцца, а нехта — крыху горш, то ўзнікае пэўны спаборніцкі дух. А вось калі ў класе два ці тры чалавекі, то такога няма. Без аптымізацыі можна было б абысціся, калі б у нас вырашылася дэмаграфічная праблема, але дзяцей у вёсках сёння няшмат. Вялікае значэнне мае і эканамічны момант: ацяпленне школы, святло і ўсё астатняе каштуе грошай. А калі будзе некалькі дзяцей у класе, то ці мэтазгодна гэта для нашай дзяржавы?

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukаshеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?