Вы тут

Як магілёўскі «дэпутат» вырашае праблемы іншых


У Грэбянёве (ёсць такі прыватны сектар у Магілёве) Мішу Стэфаненка ведае, напэўна, кожны. Некаторыя нават называюць яго з павагай Міхал Міхалычам. Ну і што з таго, што яму ўсяго 25 гадоў і ён ніякі не начальнік? Затое вельмі душэўны чалавек, неабыякавы да праблем іншых. Да народных абраннікаў Міша ніякага дачынення не мае, а ганаровую мянушку заслужыў выключна з-за сваёй прыроджанай схільнасці рабіць добрыя справы іншым. Яшчэ ў школе пачаў апякаць пажылых суседзяў. Калонка не працуе, транспарт дрэнна курсіруе, ліхтар не свеціць — яму да ўсяго ёсць справа.


Вясёлы дворык.

Апошняе, чаго ён дабіўся, — гэта каб на прыпынку грамадскага транспарту на перакрыжаванні праспекта Шміта і вуліцы Астроўскага паставілі павільён. Гэта не яго раён, але сталі тэлефанаваць знаёмыя: паспрабуй, паўздзейнічай. Ад дажджу, ветру няма куды схавацца... І тады ён напісаў у мясцовую газету гумарэску. Праз 2 тыдні павільён паставілі.

На жаль, асфальт на вуліцы з прыгожай назвай Вясенняя, дзе жыве Міша, яшчэ не паклалі. Пасля дажджоў — лужы і бруд. Хлопец, вядома, спрабаваў вырашыць пытанне, але, напэўна, да Вясенняй яшчэ чарга не дайшла. А каб не было ўсё зусім ужо сумна, ён вырашыў каля свайго дома стварыць казку для дзяцей. Вуліца доўгая, а пляцоўкі, дзе б ім можна было адвесці душу, няма. Зараз іншая справа. Калі вы выпадкова трапіце на гэтую вуліцу, нават шукаць не прыйдзецца, дзе жыве Міша. Яго дом вельмі пазнавальны па розных бусліках, коціках, кветачках. Прычым усё гэта выстаўляецца толькі на летні сезон, на зіму дэкарацыі па-гаспадарску хаваюцца.

— Як нарадзіўся сын у аднакласніка, так усё і пачалося, — усміхаецца суразмоўца. — Пагуляць дзіцяці няма дзе. Вырашыў зрабіць сябру сюрпрыз, а потым і сам захапіўся. Як-ніяк, творчасць.

Міша Стэфаненка і яго надзейная ахова.

У майстэрні ў Мішы чаго толькі няма — фарбы, пэндзлікі, розныя бутэлечкі... Сам ён не п'е і не курыць, але знайсці тару на любы густ у наш час не праблема — было б жаданне. Пачынаў з пластыкавых званочкаў і ягадак, потым стаў рабіць грыбочкі з пенапласту. Пафарбаваў некалькі і паставіў на вуліцы. Атрымалася нядрэнна, але нехта хуценька прыбраў да рук чатыры грыбы з пяці. Калі зламалі калабка, пакрыўджаны майстар распрацаваў антывандальныя метады: устанавіў нешта накшталт відэакамер і напісаў, што «аб'ект ахоўваецца».

Тыя ж цацкі і фарбы хлопцу таксама не дарма даюцца. Спецыяльна ходзіць па іх на рынак. Радуецца, што дзецям яго персанажы падабаюцца. Часта прыходзяць маладыя мамы з каляскамі, з задавальненнем фатаграфуюцца. Міша нават паклапаціўся аб бяспецы сваіх наведвальнікаў — паставіў уздоўж дарогі слупочкі са святлоадбівальнай фарбай.

Наогул, Міша — чалавек усебаковых інтарэсаў. Ва ўсім Грэбянёве наўрад ці знойдзецца чалавек, які б купляў і выпісваў столькі газет і часопісаў. «Інтэрнэт ніколі не заменіць друкаваны варыянт, — упэўнены ён. — У бібліятэцы можна любую газету знайсці нават 50-гадовай даўніны. А паспрабуйце гэта зрабіць з электроннымі версіямі».

Газеты, вядомая справа, не танныя. Але Міша — той чалавек, для якога грошы — не галоўнае ў жыцці. Ідэаліст, адным словам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Дэпутат» з Вясенняй вуліцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?