Вы тут

Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Тайландам


Наша краіна зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Тайландам. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з тайландскай парламенцкай дэлегацыяй адзначыў, што беларускі бок разглядае гэтую краіну як перспектыўнага, ключавога партнёра ў Паўднёва-Усходняй Азіі.


«За першы квартал беларускі экспарт у Тайланд павялічыўся на 23%. Расце і аб'ём імпарту. Але пакуль гэта не адпавядае патэнцыялу нашых краін. Былі і больш высокія паказчыкі. Таму нам ёсць пра што пагаварыць», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. У сваю чаргу другі віцэ-старшыня Нацыянальнага заканадаўчага сходу Каралеўства Тайланд Пірасак Парджыт выказаў зацікаўленасць у больш цесным супрацоўніцтве парламентаў дзвюх краін. Не менш важным для тайландскага боку з'яўляюцца і пытанні інвестыцый і гандлю. «Спадзяюся, што мы таксама абмяркуем пытанні ў галіне сельскагаспадарчай і ваеннай тэхнікі», — дадаў Пірасак Парджыт.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, сур'ёзным імпульсам у далейшым развіцці адносін можа стаць візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Тайланд: «Ён плануецца ў 2018 годзе. Думаю, што нам, парламентарыям, трэба сур'ёзна папрацаваць, каб напоўніць гэты візіт канкрэтным зместам, новымі ідэямі і прапановамі».

* * *

Намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка падчас сустрэчы з тайландскай дэлегацыяй выказаў меркаванне пра неабходнасць стварэння беларуска-тайландскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Паводле яго слоў, калі такая камісія будзе працаваць сістэмна, тавараабарот будзе вылічацца не дзясяткамі, а сотнямі мільёнаў долараў. Таксама ён прапанаваў не абмяжоўвацца толькі простым гандлем, а пераходзіць да больш складаных формаў узаемадзеяння. «Мы маем вопыт супрацоўніцтва з іншымі краінамі, у тым ліку Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта не проста пастаўка нашай прадукцыі, а стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці той ці іншай тэхнікі. Пры гэтым мы гатовыя пайсці на максімальны ўзровень лакалізацыі і сумесны прадукт прасоўваць на рынку», — сказаў віцэ-прэм'ер. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што, калі Беларусь кажа пра супрацоўніцтва з Тайландам, маецца на ўвазе і тое, што краіна ўваходзіць у Асацыяцыю дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі з паўмільярдным насельніцтвам — абодвум бакам будзе выгадна выйсці на гэты рынак з сумесным прадуктам.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зробім сумесны прадукт?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?