Вы тут

У Гомелі прапанавалі адчуць гісторыю сярэднявечча на смак і водар


Студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прапанавалі адчуць гісторыю сярэднявечча на смак і водар.


Удзельнікам музея жывой гісторыі мог стаць кожны, хто выпадкова ці наўмысна заглянуў у студэнцкі дворык ВНУ. На дзень тут абаснаваўся амаль сапраўдны паходны лагер. Ну быццам бы тых часоў, калі адбылася Грунвальдская бітва, — а гэта больш за 600 гадоў таму.

Кальчугі і шлемы надзелі не толькі студэнты, але і прадстаўнікі розных прафесій. Усе яны займаюцца ў клубах гістарычнай рэканструкцыі Беларусі, Расіі і Украіны. Кожнаму знайшлося месца і асаблівая роля ў лагеры. Народ ішоў на пах, і смажанае на вогнішчы мяса імгненна станавілася здабыткам гледачоў. Як не пакаштаваць і поліўку, тым больш што зроблена яна па рэцэпце XІІ стагоддзя, гаворыць шэф-кухар лагера Марына ДРАБЫШЭЎСКАЯ:

— Мы прыгатавалі суп для хворага чалавека — у ім усё перацёрта. Гэта страва, якую ўвогуле не трэба жаваць, але пры гэтым пажыўная. Усе рэцэпты кухні сярэднявечча простыя. У іх уваходзіць усё тое, што не сапсуецца і можна ўзяць з сабой: мука, зерне, агародніна і садавіна. Дарэчы, бульбы і таматаў нашы продкі яшчэ не ведалі ў той час. Да таго ж стравы былі маласольнымі, бо соль была вельмі дарагой. Яе замянялі спецыі — іх клалі ў ежу многа. Часам з хлеба была і талерка, і ў ёй падавалася страва. Увогуле ж мясарубак, блэндараў і мультыварак не было, таму ўсё рабілася з дапамогай дошкі, нажа і рук.

Жыхароў Гомеля частавалі далікатэсамі, якіх у меню лагера аказалася не так і мала: мяса на ражне, аржаны хлеб з печы, яблыкі ў кляры, пірагі з тварагом і мёдам... Тым часам у палявой гамарні збройнік і малатабоец кавалі меч, а побач лучнік праводзіў майстар-клас. Завяршылася свята рыцарскім турнірам і дэманстрацыяй сярэднявечных рамёстваў. Старшы выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Антон ШЫЛЯЕЎ гаворыць, што дух сярэднявечча і цікаўнасць да сваёй гісторыі ідуць побач і адно аднаму шчыра дапамагаюць:

— Да нас завітала многа школьнікаў. Ім усё вельмі цікава, і мы спадзяёмся, што яны потым прыйдуць да нас вучыцца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэканструкцыя з прафарыентацыяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?