Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Жаніся, каб людзі не звяліся...

Антон быў дзяцюк хоць куды — працавіты, спакойны, прыгожы. І не стары: меў «шчэ толькі трыццаць тры», як спяваецца ў вясёлай песні. Адно, што непакоіла ягоных бацькоў, — ажаніцца не мог: баяўся дзяўчат і ўсё тут.

Вырашыць праблему дапамог выпадак.

Неяк у трэці надвячорак Вялікадня сышліся калгасныя механізатары ў бярэзнічак, каб употай (бо афіцыйна ў той час не дазвалялася) адзначыць свята. Быў сярод іх і Антон. Прычым да чаркі ён звычайна не прыкладваўся — хіба чыста для прыліку. На гэты ж раз — каўтануў і нават лішняга, а таму — асмялеў, стаў рвацца некаму «чайнік чысціць»...

— Дык, можа, і ў сваты з'ездзіш, раз такі смелы? — спытаў адзін з сябрукоў.

— А чаму б і не, — падахвоціўся Антось. — Магу. І л-лёгка!..

Усё далейшае рабілася дружна і без аглядкі: адзін з хлапцоў панёсся да бабкі Аўдоцці па гарэлку, другі, што нядаўна жаніўся, — дамоў, па свой шлюбны касцюм, трэці — па кветкі (у калгаснай дыспетчарскай ва ўсю красавала герань), чацвёрты — у чырвоны куток па графін.

У яго (каб культурней было) пералілі прынесены самагон. «Прыбралі» жаніха: рукавы ў пінжаку давялося падвярнуць, калошы — заправіць у гумовікі — завялікі аказаўся касцюмчык...

Паспрачаліся крыху, на чым ехаць. Вырашылі, што найлепш — на трактары з сеялкай. Размеркаваліся так: трое — горды за сябе практыкант (ён жа кіроўца), жаніх з геранню і сват, празваны Балалайкай (за здольнасць гаварыць не змаўкаючы), — у кабіне, астатнія — ззаду на сеялцы, бо колькі там той дарогі...

Тут і праўда трэба сказаць колькі: гэта значыць, да каго ж яны ехалі.

У суседнім калгасе конюхам працаваў Сцяпан — дзядзька мажны, рыжавалосы, круты: з ім (уся акруга ведала) да трох — не гавары...

І была ў гэтага Сцяпана дачушка: знешне — выліты бацька, а вось характарам — якраз наадварот: па маці пайшла — ціхая, сарамлівая. На той час ёй 29 ужо мінула. Можна сказаць, засядзелася дзеўка...

Як праходзіў працэс яе сватання, не так ужо і важна. Важны вынік: сват Балалайка падвёў Антося да пунсовай ад сораму Мані, паставіў іх побач (жаніх, як аказалася, амаль на галаву ніжэйшы) і натхнёна аб'явіў:

— Вы ж паглядзіце, якая пара! Вачэй не адвесці! І лепшай — не падабраць!

Пасля гэтай гучнай заявы «бакі» адразу ж прыйшлі да згоды і ўдарылі па руках. Кандыдат у зяціва ўсю гаварыў кампліменты нявесце, цалаваў ручкі будучай цешчы і ўвогуле паводзіў сябе як належыць закаханаму жаніху. Але... толькі ў той дзень. Бо назаўтра, працверазеўшы, ён ужо думаў: «Во да чаго даводзіць гарэлка! Болей — у рот не вазьму, а то, не дай бог, яшчэ што адмачу!»

На тое, што «адмачыў» напярэдадні, ён вырашыў забыцца — выкінуць з галавы, як страшны сон.

І з некім іншым гэта, магчыма, атрымалася б, але не са Сцяпанам, бо той, убачыўшы, што жаніх пасля сватання нават носа не паказвае, стаў хвалявацца. А далей — асядлаў найлепшага каня і памчаў разбірацца.

Антонаў трактар адшукаў у полі. Спыніў, выцягнуў з кабіны трактарыста (бо сам той не вылазіў), спытаў, што адбываецца.

— Дык нічога такога, дзядзечка, — паспрабаваў бараніцца жаніх. — Мы проста выпілі, пажартавалі...

— Што-о?! — твар Сцяпана стаў чырвоным, як бурак. — Пажартавалі?! А пра дзеўку вы падумалі? Ёй жа зараз хоць з хаты не выходзь!.. Жаніся, гад! А не то галаву скручу і не здрыгануся! (Сцяпан — для большай пераканаўчасці — падняў Антося за шкірку і што ёсць сілы страсянуў.)

— Добра, добра, — прахрыпеў жаніх. — Я згодны... Толькі жыць мы будзем асобна.

— Адразу б так, — умомант падабрэў конюх і адпусціў сваю пасінелую ахвяру. — Жаніцеся і жывіце!

...Вы не паверыце, але Антон з Маняй сапраўды жывуць — дагэтуль, і душа ў душу, што называецца. Чацвёра дзяцей нарадзілі і ў людзі вывелі: трох сынкоў — рыжых, як маці, і невялічкіх, як бацька, і адну дачушку, Святлану — бялявую і высокую, любіміцу дзеда Сцяпана.

Алена НЕСЦЯРОНАК,

г. Докшыцы


Гумка падвяла?

Не ўсё адбываецца, як чалавек спадзяваецца.

А добра ж пачыналася! Вечарам, калі Мікалай Ігнатавіч ужо збіраўся зачыняць краму, туды завіталі яго прыяцелі, узялі напавер дзве пляшкі віна, са смакам прапусцілі па першай, па другой, закурылі, загаварылі...

Крамнік Мікалай Ігнатавіч любіў гэтыя ціхія «бяседы», бо з кожнай паўлітэркі (гэта па-першае) кілішак-другі даставаўся яму. Па-другое, быў прыбытак (хоць і адкладзены) ягонай краме, па-трэцяе, якая-ніякая кампанія...

Адзінае — грошы на закуску яна не траціла: «заядала рукавом» (у лепшым выпадку) ці нейкім ледзянцом. Ігнатавічу, шчыра кажучы, гэта не падабалася, таму ў кішэнях ён заўжды трымаў добрую жменю сушаных яблыкаў: зручна — выпіў і жуй на здароўе.

Але ж і на... шкоду таксама.

У той вечар сябрукі засядзеліся — выпілі шмат. Адпаведна, крамніку перапала таксама: дадому ледзьве прыпоўз.

А горш за тое, раніцай з ложка падняўся, у люстэрка глянуў і як не самлеў: увесь рот у яго быў... сіні — быццам не віно, а сапраўднае чарніла ўчора смакталі. «Што за ліха?» — падумаў Ігнатавіч і аж збялеў ад здагадкі: усунуў руку ў правую кішэнь, дзе — апроч яблыкаў — заўжды трымаў пячатку, дастаў яе і не пазнаў: «гумкі» і след прастыў.

— Няўжо з'еў, зжаваў разам з яблыкамі? — не верыў крамнік, ужо ўяўляючы, якія непрыемнасці яго чакаюць. — А можа, усё ж такі цэлую глынуў?

У надзеі на гэта ён, бедны, цэлы дзень замест прыбіральні хадзіў у бліжні лясок. Але без толку...

Назаўтра разам з бухгалтаркай, якая ехала ў банк, ён накіраваўся ў райпо. Шчыра, як на духу, ва ўсім прызнаўся свайму непасрэднаму начальніку. Думаў, што той (ну зямляк жа!) проста пасмяецца. Аднак не: шэф стукнуў кулаком па стале і сказаў:

— До, брат! Я заплюшчваў вочы, калі ў цябе былі недастачы, калі ты ад крамы згубіў ключы і калі, паспрачаўшыся на каньяк, тую самую пячатку паставіў на азадак чужой палюбоўніцы... А зараз — прабач: садзіся і пішы заяву на звальненне.

...Дамоў Мікалай Ігнатавіч ехаў, мякка кажучы, хмуры. Яшчэ б — страціў такую працу, такое цёплае, утульнае месца. І было б з-за чаго? З-за нейкай гумкі!

Анатоль КАШЭВІЧ,

в. Чырвонабярэжжа, Лельчыцкі раён


Коржыкі

...Школьнікам я вельмі чакаў канікулаў. А ўжо паехаць тады ў вёску да дзеда з бабуляй гэта і наогул блакітнай марай было!

Не падумайце — вабілі да іх не булкі з сырадоем, не рэчка з рыбалкай. Дзядуля працаваў у сталярцы, дзе стаяла мноства дрэваапрацоўчых станкоў, рубанкаў, фуганкаў... І дабіраўся ён да іх (кіламетры з чатыры, праз луг і лес) на новым «Мінскачы».

Іх, розныя матацыклы, любіў дзед проста без памяці! У ягоным гаражы быў яшчэ «ІЖ» з каляскай, каб ездзіць у горад, нейкі (магчыма, яшчэ трафейны) агрэгат без надпісаў — для паездак на сенакос. Там жа, на паліцах у гаражы, ляжала процьма розных запчастак, пакуль яшчэ непатрэбных для матацыкла «Мінск». Якраз на ім дзядуля ездзіў на працу і калі-нікалі браў з сабою мяне.

Я тады садзіўся ззаду, часам з-за шырокай дзедавай спіны высоўваўся насустрач ветру, часам, наадварот, — хаваўся за ёй.

Потым, прыехаўшы ў сталярку, дыхаў там свежымі стружкамі-апілкамі, назіраў, як дзядзькі працуюць, разам з імі абедаў, намінаючы розныя «прысмакі» з іх няхітрых ссабоек, а ў канцы працоўных дзён (асабліва тых, калі мужчын даймала «смага» і яны наталялі яе пладова-ягадным віном) дзед Міця мог расшчодрыцца і ў вясковай краме купіць мне напітку ды нейкіх лахердзікаў — цукерак, пячэння.

З імі я ехаў дамоў: вешаў на руку шлем з прысмакамі, садзіўся ззаду, чапляўся за дзеда і... Праўду кажу: проста захлынаўся (не тое ад ветру, не тое ад шчасця), калі ён заводзіў матор, калі зрываўся з месца, бо ездзіў дзед так, як не ездзіў Шумахер!

Ну вось напрыклад: ляцім мы з ім, наперадзе — лес, а там, за павароткай...

Што там было — невядома, але нешта бліснула. «Міліцыя!» — спалохаўся дзед і, крыкнуўшы мне «Трымайся!», збочыў — «нырнуў» на нейкую нябачную сцежку.

Дрэвы сталі хвастаць нас сваім галлём, птушкі — хавацца ў небе, хвалі (гэта мы з разгону адольвалі лужы) падымацца вышэй галоў.

А потым быў луг, і наш з дзядулем «Мінскач» паляцеў на... статак кароў.

Як яны паспявалі адскочыць (ці дзед іх аб'ехаць?), я не зразумеў дагэтуль...

Нарэшце на той жа вялікай хуткасці мы ўляцелі ў двор. Тут, што называецца, дзед даў па тармазах, спыніўся — паставіў матацыкл на падножку, нечага збегаў у хату і, ужо вярнуўшыся, спытаў:

— А што ты, унучак, коржык не ясі?

— Я ўжо з'еў, — ледзь чутна прамовіў я, бо, кінуўшы вокам у шлем, убачыў там... шчопці крошак.

...Прайшлі гады, і ўсё змянілася: даўно няма дзядулевай сталяркі, не той стаў лес, не той і луг (бо зарос кустоўем)... Не стала, на жаль, і дзеда.

Але ж ён, як жывы, узнікае перад вачыма — побач з матацыклам, з жоўтым пашкрабаным шлемам...

Назаўжды ў маёй памяці засталася і тая паездка, пасля якой гэтак жа назаўжды... знікла цікавасць да матацыклаў.

А зрэшты, заракацца не буду, бо ўнукаў у мяне пакуль што няма.

Генадзь РЫНЯК,

г. Бялынічы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».