Вы тут

Каго першага хаваць на новых могілках


У народнай песеннай спадчыне беларусаў шырока выкарыстоўваецца прыродна-сацыяльны паралелізм — такі паэтычны прыём, калі ўнутраны стан чалавека перадаецца праз знешне праяўлены стан прыроды. Сталася так, што нябесная пара — Сонца і Месяц — аказалася правобразам паэтычнага асэнсавання той сямейнай пары — мужа і жонкі, — якой наканавана працягваць свой род. У фальклоры два нябесныя свяцілы суадносілі адно з адным, надзяляючы іх рысамі чалавека і далучаючы адно да другога пэўнай ступенню сваяцтва.


Часцей за ўсё Сонца і Месяц лічылі мужам і жонкай (асабліва шырока ў калядных і велікодных гімнічных песнях, а таксама ў вясельнай паэзіі), радзей — братам і сястрой. Даследчыкі лічаць, што за гэтай з'явай стаіць жаданне чалавека інтэграваць сябе ў космас, а гэта можа адбыцца толькі тады, калі чалавек прывядзе сябе ў гармонію з астральнымі рытмамі, фактычна паяднаўшы абодва свяцілы ў сваім арганізме. У такім разе паэтычныя аналогіі маюць надзвычай глыбінны сэнс. Праводзячы на першы погляд толькі псіхалагічную паралель, якая дапамагала праз вонкавае, візуальнае ўспрыманне стану прыроды зазірнуць у душэўны свет асобнага чалавека або сямейнай пары, паэтычны твор адкрываў нам таямніцы зусім іншага кшталту. Ён імкнуўся давесці думку аб тым, што сітуатыўная сугучнасць або нават і мажлівая суаднесенасць насамрэч з'яўляюцца праяўленнем бязмежнага космапланетарнага адзінства. Менавіта так — непадзельнага адзінства, у якім прырода і соцыум — гэта цэласны арганізм, у якім адно не проста перацякае ў другое, а суіснуе ў непарыўнай гармоніі, узаемаспалучэнні. Космас, прырода, зямля і любы сацыяльны арганізм (су)існуюць у адзіным энергаінфармацыйным полі Сусвету. Гэтую гармонію неабходна разумець, імкнуцца падтрымліваць, прымаючы той неабвержны факт, што яе парушэнне на адным полюсе існавання абавязкова адгукнецца негатыўным чынам на другім. Асабліва шматпланава ідэя падзейнай сугучнасці прадстаўлена ў вясельнай і веснавой абрадавай паэзіі. У вясельных песнях чырвонай ніткай праходзіць зварот да нябёсаў аб Боскай літасці і спагадзе тым, хто абраў шлюб (актуалізуецца вектар Неба — людзям). І, наадварот, у веснавой паэзіі гучыць просьба да моладзі перадшлюбнага ўзросту максімальна паспрыяць абуджэнню зямлі і распачынанню новага цыкла вегетацыі збожжавых культур (актуалізуецца супрацьлеглы вектар: людзі — зямлі і Небу).

Толькі тады, калі мы будзем мець на ўвазе ідэю існавання космапланетарнага і сацыякультурнага су-Лад-дзя, зможам наблізіцца да разумення таго этнакультурнага феномена, з якім давялося сутыкнуцца ў адной з вёсак Лепельскага раёна. У 80-я гады мінулага стагоддзя перад мясцовымі жыхарамі паўстала патрэба адкрыць новыя могілкі. Яны разумелі, што ўсё новае (узведзенае, распачатае, змайстраванае, набытае) вымагае правядзення адпаведнага комплексу абрадавых дзеянняў, скіраваных на ўжыўленне-ўключэнне гэтага новага ў рэчышча ўжо існуючай жыццёвай традыцыі.

Адкрыццё новых могілак суправаджалася надзвычай цікавым і змястоўным па сутнасці рытуалам, у якім безумоўнай дамінантай стала ўсё тая ж нябесная і зямная пары «неразлучнікаў». На працягу некалькіх дзён вялася актыўная падрыхтоўка да незвычайнай падзеі, якая можа паўтарацца толькі раз на сто гадоў. Мясцовыя жанчыны рыхтавалі дзве вялікія, у рост чалавека, лялькі: мужчыны і жанчыны сталага веку.

Тым часам мужчыны зрабілі дзве сапраўдныя труны, у якія і палажылі роставыя лялькі. А далей усе падзеі разгортваліся ў адпаведнасці з мясцовым пахавальным абрадам. На трэці дзень, у памінальную суботу, па вёсцы рушыла сімвалічная пахавальная працэсія: жанчыны галасілі, мужчыны неслі на руках абедзве труны аж да самых могілак. У цэнтры тэрыторыі будучага мясцовага акропаля былі выкапаны дзве магілы, у адну з якіх і апусцілі труну з лялькай мужчыны, у суседнюю — з рытуальнай выявай сталага веку жанчыны. Вечарам адбылася памінальная трызна. І толькі пасля гэтага могілкі пачалі «засяляць» тымі аднавяскоўцамі, якія адышлі ў нябыт.

Гэты ўнікальны абрад цалкам стасуецца з мясцовай традыцыяй штогадовага «Пахавання дзеда» і «Пахавання бабы», якія выконваюцца на пачатку масленічнага тыдня. Логіка абрадавых падзей Віцебшчыны абапіраецца на жыццёвыя заканамернасці і цалкам сугучна ім. У шэрагу рэгіёнаў Падзвіння да нашага часу захаваўся ўнікальны святочна-абрадавы комплекс «Жаніцьба Цярэшкі». На другім тыдні калядных святкаванняў у адной з вясковых хат збіралася моладзь перадшлюбнага ўзросту і ладзіла гульню, падчас якой загадзя абраныя «баба» з «дзедам» павінны былі звесці (а ў абрадавай тэрміналогіі гэта называлася «скруціць») пары маладых людзей. Мясцовы танец быў дынамічным. А ўсе яго фігуры нагадвалі кручэнне планет на нябеснай сферы. Вось гэты феномен касмічнага светаўпарадкавання і палажылі ў аснову звядзення будучых сямейных пар. Сімвалічны змест абрадавых падзей таксама быў зразумелы. Тыя, хто адказваў за захаванне родавых традыцый, — баба і дзед — звялі-злучылі прадстаўнікоў маладога пакалення, перадалі ім жыццёвую эстафету і, адпаведна, павінны былі адысці ў вечнасць. Вось таму на Масленіцу, якая, уласна кажучы, і сімвалізавала завяршэнне працяглага зімовага спачыну прыроды і яе абуджэнне на новым вітку касмічнага колазвароту, і праводзіліся абрады сімвалічнага пахавання старых, каб тым самым саступіць дарогу новай энергіі жыццятварэння.

Другім фундаментальным крытэрыем апісаных абрадавых падзей быў прынцып падабенства. Памятаеце наша пераднавагодняе: «Як сустрэнеш Новы год, такім ён і будзе». Вось таму на Лепельшчыне і хавалі «старую сямейную пару», каб тым самым заручыцца адпаведным паразуменнем у нябёсаў забіраць «на той свет» толькі састарэлых і знямоглых людзей. А што, калі чалавек парушаў гармонію космапланетарнага суладдзя? На наш погляд, якраз такое парушэнне адбылося ў іншым куточку Беларусі. Мясцовыя людзі расказалі: у Салігорску некалі адкрывалі новыя могілкі. Здарылася так, што першае пахаванне аказалася непрадказальным: там пахавалі маладую сямейную пару, якая загінула ў аўтамабільнай катастрофе. Старая бабуля, якая прысутнічала на пахаванні, прадракала: вялікая бяда будзе. І сапраўды: у самы блізкі час на гэтых могілках было пахавана дзевяць маладых сямейных пар і толькі пасля гэтай вельмі балючай кампенсацыі людской абрадавай неадукаванасці сітуацыя «супакоілася». Калі ж мы звярнуліся да старой бабулі з просьбай растлумачыць незвычайнасць падзей, то адказ быў простым і зразумелым: першымі на новых могілках трэба хаваць толькі сталага веку людзей. Пры гэтым удакладніла: пажадана пахаваць мужчыну, які жыў адзін, або жанчыну, якая таксама векавала адна.

Прынцып цотнасці-парнасці вытрымліваўся ў розных абрадавых сітуацыях, звязаных з накіраванасцю ў будучыню. Так, сёння практычна ніхто не ведае адзін з самых цікавых «сакрэтаў», звязаных з распачынаннем ужо самога цырыманіялу вяселля. Бацькі нявесты (а менавіта ў іх хаце ўсё пачыналася) дамаўляліся з сямейнай парай блізкіх сваякоў, каб яны прыйшлі першымі з усіх запрошаных гасцей. Мелася на ўвазе, калі першыя госці прыйдуць парай, то і заручаная пара пражыве доўгі сумесны век.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Паважаныя чытачы! Аўтары рубрыкі чакаюць ад вас допісаў з апісаннем цікавых абрадаў вашай мясцовасці. Дасылайце свае гісторыі на паштовы або электронны адрас «Звязды» з пазнакай «Повязь Роду».

Загаловак у газеце: Нябесная і зямная пары

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.